Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх
Баннер на сайт 816х197.jpg


Валатава

5806 0 23:13 / 24.01.2008
Гісторыя вёскі. Упершыню назва “Валатава” сустракаецца ў інвентары Гомельскага староства 1560 года. У ім пры апісанні наваколля “села Плесо” (цяпер Плёсы) паведамляецца: “При том селе Волотове церковь заложенья светого Николы; при той церкви поп Опонас Семенович держит землю Токарево поле и Комсин з давного наданья на ту церковь”. Узгадваецца і “... озеро села Волотова, в котором вступу никому нет, одно тому попу”. Людзі “попа Волотовского Никольского”, трымаючыя зямлю “здавных часов на тую церковь наданную”, указаны ў сёлах Навасёлкі і Старое. З гэтага выні-кае, што ў 1560 годзе на месцы сённяшняй вёскі Старая Валатава існавала аднайменнае сяло, у якім здаўна стаяла царква ў гонар святога Мікалая (мяркуючы па ўсяму, яна была драўляная).
Наступны раз Валатава трапляе на старонкі дакументаў толькі ў 1776 годзе. У апісанні межаў падоранага П. А. Румянцаву Гомельскага маёнтка ўказваецца — “озеро Волотова” (“...Озером Волотовою в вершину оного”). Апісанне цікавае тым, што ў ім няма ніякіх згадак пра вёску з такою назваю, нават пры пераліку ўсіх дараваных земляў у межах былога Гомельскага староства. Выпадковым гэта не можа быць — верагодна, на 1776 год вёска Валатава ў тым месцы ўжо (ці яшчэ) не існавала. І таму што гэтыя землі былі не заселеныя, тут у пачатку ХIХ стагоддзя, па ўказанню М. П. Румянцава, былі паселены немцы-каланісты, якія праз 100 гадоў зусім асіміляваліся. У дакументах ХIХ стагоддзя сяло ўказваецца як “Волотово” і “Волотова”, возера як «Волотовское». У кнізе 1886 года ўзгадваецца аколіца «Волотовка».
Адкуль назва? Як лічаць даследчыкі, найбольш верагодна, што менавіта форма «Волатава» з’яўляецца першапачатковай. Але ў далейшым яна паступова замянілася на лягчэй вымаўляемае «Валатава». Сыходзячы з гэтага, назва вёскі відавочна міфалагічнага паходжання і ўзыходзіць да беларускіх слоў — волаты (асілкі), валатоўкі (курганы, пад якімі пахаваны старажытныя волаты-асілкі).
У другой палове ХIХ стагоддзя пра існаванне курганоў у ваколіцах Валатавы не было вядома. А вось пра сувязь гомельскай Валатавы менавіта з міфалагічнымі волатамі непасрэдна сведчыць Еўдакім Раманавіч Раманаў — вядомы археолаг і этнограф, ураджэнец Новай Бе-ліцы. У сваіх запісах ён паведамляе наступнае: “На маёй радзiме, у Гомелi, я чуў у дзяцiнстве паданне аб тым, што ў Валатаве (пагост у 2 вярстах ад Гомеля) жылi ў старадаўнасцi асiлкi, што з пераходам Гомеля да Румянцава асiлкi знiклi, але час ад часу з’яўлялiся выбраным шчаслiўцам i пазней. Апошняе з’яўленне было мяшчанцы Васiлiсе Яфрэмавай у 1867 — 1869 гадах, там жа, у Валатаве, у садзе. Па яе апавяданнi, якое я сам чуў, калi мне было 12 — 13 гадоў, асiлак быў вельмi высокага росту, апрануты ў дарагое адзенне (шаўкi ды аксамiты), i ўразiў Васiлiсу незвычайнай прыгажосцi твар. Ён быў без зброi, з Васiлiсай не гаварыў, але i шкоды ёй не зрабiў. Яна бачыла ў гэтым для сябе прадвесце незвычайнага шчасця…”
Чаму волаты? Прызнаны знаўца першабытнай культуры Э. Б. Тайлар у 1871 годзе, аналізуючы паходжанне міфаў пра веліканаў, прыйшоў да цікавай высновы. У вялікай колькасці такіх міфаў схаваны намёк на злых ці добрых туземцаў-аўтахтонаў з іх своеасаблівай мовай, рэлігіяй і адзеннем, якія насялялі гэтыя землі раней, да прыходу сучасных жыхароў. “У еўрапейскім казачным свеце веліканы прадстаўлены ў выглядзе язычнікаў каменнага перыяду, якія цураліся людзей, што заваявалі краіну, ненавідзелі іх земляробчыя заняткі і гук іх царкоўных званоў”. Блізкія да гэтага апісання рысы маюць і гомельскія волаты з Валатавы, пра якіх паведамляе Раманаў.
Варта заўважыць, што праз усе беларускія казкі і паданні, звязаныя з волатамі, праходзіць адна яскравая ідэя: волаты раней за людзей насялялі беларускія землі.
Параўнанне гомельскіх легенд пра волатаў у Валатаве з міфалагічным ўспрыяццем веліканаў у еўрапейскай культурнай традыцыі сведчыць, што ў іх адлюстраваліся ўспаміны пра рэальных старажытных людзей, якія пражывалі тут у нейкія “дагістарычныя часы” (“да Румянцава”).
Што азначае “яшчэ да Румянцава”. У кожнай гістарычнай эпохі ёсць свае пераломныя падзеі-межы, якія фіксуюцца ў народнай памяці і становяцца “пачаткам гісторыі”. У сённяшніх людзей гэта “колісь яшчэ да рэвалюцыі”, “да вайны”, у ХIХ стагоддзi — гэта “да Румянцава”, “да Кацярыны II”, “да шведаў” і г. д. У часы сярэднявечча такой пераломнай падзеяй-мяжой стала ўвядзенне хрысціянства (шмат дзе гвалтоўнае). Тое, што было раней і ўвайшло ў фальклор у выглядзе легенд і паданняў пра незвычайных волатаў-асілкаў, якія колісь насялялі гэтыя землі.
А можа “Валатава” ад імя “Вялес”? Блiзкiм па гучанні да слова «Волотов…» з’яўляецца i iмя Вялес (Валос, Волас) — старажытны бог падземнага свету, апякун жывёлагадоўлі, багацця і ўрадлівасці ў балта-славянскай міфалогіі. На Беларусі вядомы звычай — у канцы жніва богу Вялесу пакідалі нязжатымі жменю каласоў, якія называлі “воласавай бародкай”. Падобная з’ява вядома і ў ваколіцах Волагды (Расiя), толькі там пры жніве аўса пакідалі нязжатымі некалькі “волотей”, а ў час дажынак пакідалі “волотку на бородку”. Вядомыя даследчыкі міфалогіi Іваноў і Тапароў таксама этымалагічна збліжаюць слова “волаты” з імем бога Вялеса.
Але варта адзначыць, што ўсе зафіксаваныя варыянты назвы вывучаемай намі вёскі і возера (пачынаючы аж з 1560 года!) маюць нязменны корань “Волотов...” Гэта відавочна звязвае паходжанне назвы менавiта са старажытнымі волатамі. Але па сваёй сутнасцi волаты ўсё роўна не такія ўжо і далёкія ад Вялеса. I вось чаму.
У старажытных уяўленнях богі і мiфалагiчныя iстоты дзяліліся на дзве групы: богі неба — Пярун, Сварог і іншыя, і богі падземнага ніжняга свету — Вялес, Яшчар і іншыя. Паміж імі знаходзіліся людзі. Украінскі археолаг Пісарэнка сцвярджае, што волаты адносіліся да ніжняга свету і лічыліся не проста асілкамі, але і памёрлымі продкамі, якія былі пасярэднікамі паміж людзьмі і богам Вялесам, і спрыялі будучаму ўраджаю. Менавіта таму волаты для Васілісы і былі “прадвесцем незвычайнага шчасця”.
У адпаведнасці з такім падзелам размяшчаліся і свяцілішчы. Спрошчана гэта выглядае так — капішча, прысвечанае багам неба, ставілі на ўзвышшы, пагорку; капішча падземным багам — каля вады ці на спецыяльнай выспе пасярод балота (ахвяру ім звычайна тапілі ці закопвалі, бо такім чынам яна хутчэй трапляла ў падземнае царства).
У часы хрысціянізацыі царква cпрабавала прыстасаваць язычніцкія абрады і ўяўленні да сваёй рэлігіі. Вялес быў асіміляваны і заменены хрысціянскім абаронцам буйной рагатай жывёлы святым Уласам (Аўласам, Власіем). Але значная частка ягоных функцый ва ўяўленні старажытных славян перайшла да... святога Міколы (Мікалая). У Мікалаі, самым шануемым сялянамі святым, яны бачылі блізкага і спачуваючага саўдзельніка іх турбот. Даследчыкі адзначаюць: “Для пазнейшага пласта славянскай дэманалогіі характэрны звычай завівання “бародкі” Міколе (“Міколіна бародка”, “бародка Мікуле”), узыхо-дзячы да старажытных уяўленняў аб завіванні барады Воласу-Вялесу”.
Валатаўская царква (на здымку). З вядомай нам гісторыі Валатавы самай яскравай падзеяй з’яўляецца пабудова М. П. Румянцавым у 1801 — 1805 гадах каменнай Мікалаеў-скай царквы па праекту архітэктара Джона Кларка. Унікальная з’ява — атрымаўшы ў 1796 годзе Гомель у спадчыну, Мікалай Пятровіч, маючы вялікія планы яго перабудовы, першай справай будуе храм у гонар св. Мікалая. Але не ў цэнтры Гомеля, а далёка на ўскраіне, у невялічкай Валатаве. А храм у цэнтры Гомеля, па абету ў гонар св. Пятра і Паўла, ён пачынае будаваць толькі ў 1808 годзе. Ды і само прысвячэнне царквы св. Мікалаю абумоўлена не толькі тым, што яе фундатар сам быў Мікалаем — на 250 гадоў раней на гэтым месцы ўжо была царква “святого Николы”. Відаць, неяк граф даведаўся пра яе існаванне тут у старадаўнасці, можа, нават ад мясцовых жыхароў. І гэта сведчыць аб ягоным беражлівым стаўленні да захавання мясцовых традыцый.
Валатаўскі ідал (на здымку). У 1970-х гадах пад будучы мікрараён «Валатава» з існуючых старычных азёр і акваторыі Сожа сталі намываць пясок. У ім у пачатку 1980-х гадоў экскаватаршчык знайшоў драўляны старажытны ідал, падняты земснарадам з дна разам з зямлёй. Зараз гэтая унікальная рэч закансервавана і захоўваецца ў фондах абласнога музея. Магчыма, гэта і ёсць выява мясцовага Вялеса, бо тапіць паганскіх ідалаў у часы ўвядзення хрысціянства было распаўсюджанай традыцыяй. Згадаем хаця драўляны ідал Перуна, скінуты ў Днепр князем Уладзімірам у Кіеве ў 988 годзе.
Свяцілішча. Аналіз гісторыка-этнаграфічных матэрыялаў сведчыць, што верагодна ў дахрысціянскія часы (да ХI — ХII стагоддзяў) на тэрыторыі сённяшняй вёскі Старая Валатава знаходзілася свяцілішча падземнага бога ўрадлівасці Вялеса. Сыхо-дзячы з прынцыпаў размяшчэння капішчаў розным багам, яно павінна было размяшчацца невысока, недалёка ад вады. Дапушчальным застаецца і варыянт яго размяшчэння на высокім мысу карэннага берага, на месцы сённяшняй Валатаўской царквы, хоць доказаў гэтаму, на жаль, пакуль не знойдзена. Значнае месца ў ажыццяўленні тут рэлігійных рытуалаў абавязкова адыгрывала возера, мяркуючы па ўсяму, гэта вядомае нам Валатаўское возера, старое рэчышча Сожа. Дадатковае ўскоснае сведчанне аб гэтым ёсць і ў інвентары 1560 года — “... озеро села Волотова, в котором вступу никому нет, одно тому попу”.
У час увядзення ў Гомелі хрысціянства свя-цілішча было разбурана, і, верагодна, на ягоным месцы была пабудавана ўзгадваемая ў 1560 годзе драўляная царква, невыпадкова прысвечаная “светому Николе”. Добра вядома традыцыя, калі цэрквы ўзводзіліся на месцах былых язычніцкіх цэнтраў.
З пераходам Гомеля да Румянцава адбываюцца вялікія змены ў жыцці мясцовай супольнасці. Скончыўся перыяд, калі горад быў усходняй мяжой Вялікага Княства Літоўскага. З’яўляецца новы гаспадар, які кардынальна перапланоўвае і перабудоўвае Гомель. У жыцці Валатавы гэты пералом замацоўваецца пабудовай першага за апошнія 600 гадоў каменнага храма ў Гомельскім старостве, званы якога і акрэсліваюць мяжу паміж мінулым і сучасным. Узвядзенне ў Валатаве храма ў гонар св. Мікалая не з’яўляецца выпадковым — гэта своеасаблівая даніна павагі новага ўладальніка мясцовым старажытным традыцыям.
Пэўную незразумеласць выклікае аддаленасць ад Гомеля мяркуемага Валатаўскога свяцілішча — каля трох кіламетраў. Прыблізна на такой жа адлегласці ад горада знаходзілася і Перынь — комплекс свяцілішчаў каля старажытнага Ноўгарада. З іншага боку, не такой ужо і вялікай была гэтая адлегласць для рэлігійна настроеных людзей Х — ХII стагоддзяў. Бо нават гаворачы пра пачатак ХIХ стагоддзя, даследчыкі адзначаюць: “Шлях па рацэ Сож ад парка да Валатавы стаўся першым прагулачным маршрутам горада”. Не стала б гэтая дарога “першым прагулачным маршрутам”, калі б была далёкай і складанай. З іншага боку, у Старой Валатаве археолагі знаходзілі кераміку з паселішча часоў зарубінецкай культуры і Кіеўскай Русі (V — ХII стагоддзяў), і магчымы варыянт, што свяцілішча належала менавіта гэтым жыхарам.
Цікавая акалічнасць — як сцвярджаюць гомельскія даследчыкі паранармальных з’яў, менавіта над Валатавой і Любенскім мікрараёнам часцей за ўсё бачылі НЛА. Можна верыць, а можна не, але ваколіцы Любенскага мікрараёна — гэта другое старажытнае культавае месца. Яшчэ ў канцы ХIХ стагоддзя тут, ва ўрочышчы Любенскі гай, знаходзіўся вялікі курганны некропаль радзімічаў, які налічваў 60 насыпаў.
Яўген МАЛІКАЎ,
гісторык
ЧП и криминал


20240419_091146.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать