Вверх



Грышы. Ельскі раён

3537 0 13:59 / 15.03.2018



Лук’ян, дзіця вайны У вёску з такой назвай мы ехалі, каб найперш і пазнаёміцца з хаця б адным дзедам Грышам. Ды ў народнага майстра Ніны Худобенкі з Засінцоў высветлілі, што няма ўжо ў жывых ніводнага з іх. Ніна Іванаўна правяла нас у малую лясную вёску. Па дарозе распавядала пра дзіця вайны Сцепаніду Назаранку, якая годна працавала ў Грышах у паляводстве, а калі трэба было, рупілася падменнай даяркай, цялятніцай. З мужам яны выхавалі чатырох дачок. Дзве з іх на Украіне, адна ў Расіі, толькі Люба бліжэй за ўсіх да маці, працуе зубным доктарам у Ельску... На ўездзе ў Грышы — хата 82-гадовага Лук’яна Полаза. Да яго і накіраваліся, каб паслухаць згадкі пра апаленае вайной дзяцінства. — Бацькоўская хата стаяла ў другім баку Грышоў, — расказаў ветэран працы. — Мой бацька быў у партызанскім атрадзе, апрацоўваў шкуры. Развесіў іх па плоце. А з Засінцоў ішлі мадзьяры, пабачылі іх і пачалі страляць. Мы ўцякаць. Бежамо, бацька нясе Барыса маленькага на сабе. Мадзьяры сабаку на іх нацкавалі, аўчарку. Але тата не разгубіўся, кінуў Барыса ўперад сябе і крыкнуў: “Бяжыце!” Сам прыгнуўся, стрэліў у сабаку. І бягом за намі! Зберагліся... Пасля вызвалення пабудавалі зямлянкі, курані. Паступова разжываліся, вырываліся з беднаты. Вось бацькава печ, у 1963-м зробленая ім, і сёння добра служыць. А грубу другога майстра ўжо тры разы перарабляў. Лук’ян Дзмітрыевіч адпрацаваў 43 гады лесніком. Неаднаразова адзначаўся каштоўнымі падарункамі за выдатную працу, у юбілейныя даты. Тыя насценныя гадзіннікі і зараз адлічваюць у хаце ветэрана плынь часу. Няма ўжо гаспадыні. А дзеці даўно раз’ехаліся з бацькоўскага гнязда. — Марыя ў Мазыры жыве, яна настаўніца, — расказвае дзядзька Лук’ян. — Валя загадвае пякарняй у Навасёлках Петрыкаўскага раёна. Дзіма — палкоўнік у адстаўцы, у Кіеве. Кліча да сябе, запрашае разам ехаць на курорты. А я яму адказваю, што ў Грышах усе мае курорты. Хтось павінен быць тут на гаспадарцы. Парсючка трымаю, курэй, сабачку. Раней кралёў разводзіў. Пенсіі заробленай мне хапае. Некаторыя калгаснікі ў свой час зайздросцілі і кпілі, што быццам лёгка я яе зарабіў. Маўляў, “пад дубам сплючы”. А я ж апрача леснікоўскай справы, калі не хапала рабочых, яшчэ кожны дзень на піле працаваў, рэзаў дрэва. Таму і каэфіцыент добры пенсійны.





З гісторыі вёскі Упершыню вёска Грышы згадваецца ў XIX стагоддзі як хутар у складзе Скараднянскай воласці Мазырскага павета Мінскай губерніі. У 1930-м тут арганізавалі калгас “Перамога”. Меўся вадзяны млын. У перадваенным 1940-м было 58 двароў. У 1959-м Грышы ў складзе калгаса імя Леніна, 230 жыхароў. Зараз тут жывуць сем вяскоўцаў. Улетку прыязджаюць на малую радзіму многія гараджане. Адпачываюць на прыволлі, ходзяць у лес.


Даярка Тахвіля Трэба ж, такое рэдкае імя ў жанчыны. Цікавімся, адкуль яна. Аказваецца, з суседняга раёна Украіны, Оўруцкага. — Сюды замуж пайшла. Мужык мой Міша з вёскі Глазкі быў, тут, паблізу. Бог спараваў нас, 50 гадоў разам пражылі, дзвюх дачок замуж аддалі, трох унукаў, — заліваецца смехам цётка, прыбраная, бы цыбулінка, у шмат убораў і хустак: адчуваецца, што дровы эканоміць, толькі ўвечары грубку збіраецца разпальваць. — Я даяркай 20 гадоў рабіла на ферме ў Грышах, у калгасе “Шлях Леніна”, у вёсцы тады больш 70 двароў было. 18 кароў уручную, цяжка. Тры разы ў дзень дойка, прычым і ў лесе даводзілася. Праўда, дапамагалі пастухі, навязвалі. Прывыкла. Потым апараты з’явіліса, баяліса змен спачатку. Але прывыклі. Затым новае палягчэнне — малакапровад. 40 кароў даіла! Здаецца, сёння не здолела б. Тады маладыя булі, весела, якось інтарэс буў... Прыдзеш з фермы, гаспадар дома дагледзіць скаціну, а ты садзішса і вышываеш. І ткацтвам займаласа. Сем гадоў як гаспадар памёр мой. Цётка Тахвіля і сёння кароўку трымае. За доглядам жывёлы і час хутчэй імчыць. Абедзве дачкі далекавата ад маці: Ніна ў Смаленскай вобласці, а малодшая, Галя, у Мінскім раёне. У лютаўскія марозы ўзяла пенсіянерка сабе кватарантаў у хату: курачку і пеўніка, у каробку кардонную пасадзіла каля грубкі і размаўляе, бы з дзецьмі.








Кацярына-траўніца Завіталі мы і яшчэ да адной былой калгасніцы Кацярыны Саўчук. І бы ў аранжэрэю ў вясковай хаце трапілі: так многа раслін у пасудзінах самых розных памераў. Ёсць і шыкоўнае грашовае дрэва. Ды багацце жанчыны — у яе жыццёвай філасофіі. Хатка нізенькая, падлога няшчыльная, дзесь і ў зямлю ўрастае, аднак так цёпла ў гэтай хатцы! Кацярына (так распарадзіўся лёс) збегла ў маладосці ад добрага, па яе словах, мужа. Падзялілася: “Характар маю такі, што павінна быць так, як скажу...” Жанчына з абмежаванымі магчымасцямі, улюбёная ў прыроду, яна знайшла прытулак у беларускай вёсцы. Дачушка вырасла, лічы, рэдка маці бачачы: шчыравала Каця даяркай, брыгадзірам, учотчыкам. Шмат перажыла, мае такі запас душэўных сіл, што зараз дапамагае іншым людзям. Дачка ж жыве з сям’ёю ў Мазыры. — Я не Гасподзь Бог. Каму дапамагаю, а каму і не, — дзеліцца Кацярына-траўніца. — Людзі ж за апошнюю саломінку хапаюцца. Учора вось вайсковы прыязджаў чалавек. Тыя, каму неабходна, знаходзяць шлях самі, — прызнаецца суразмоўца, і доўга адмаўляецца фатаграфавацца. Калі, нарэшце, жанчына змаглася супраціўляцца і згадзілася, то назвала майго калегу Аляксея цыганом. Мы ўсе так шчыра смяяліся, што і сапраўды адчулі палёгку ад стрэчы з Кацярынай. Відаць, аўра ў яе хацінцы такая, што спрыяе вандроўнікам.


Фото Алексея Герасименко
0 Обсуждение Комментировать