Вверх


Валадарск гучаў галасамі землякоў

419 0 18:27 / 27.07.2018

Пра вясковае свята, на якое летам з’язджаюцца людзі з розных куточкаў зямнога шара, бо нарадзіліся, ці выраслі, ці працавалі тут, у Валадарску Рэчыцкага раёна,карэспандэнты «Гомельскай праўды» даведаліся напярэдадні Вялікадня. Уражаныя прастатой ідэі і тым эфектам, які на жыхароў і гасцей вёскі аказала леташняя сустрэча, апублікавалі артыкул «А ты чьих будешь?» у нумары за 11 мая, але ж спадзяваліся ўбачыць мерапрыемства на свае вочы. І вось раніцай праз дробны дожджык мы стартавалі ў накірунку Глыбаўскага сельсавета.

Прыгоды ў дарозе

Знаёмая шаша не давала падставы чакаць якіх-небудзь прыгод, да таго ж навігатар праклаў найкарацейшы шлях да Валадарска. Не ўлічылі толькі адно — тыднёвы лівень зрабіў пад’езд да вёскі, якую хаваў лясны гушчар, у паласу перашкод. Некалькі разоў давялося шукаць аб’язную дарогу, трымаючы тэлефонную сувязь з валадарцамі, якія паабяцалі адправіць насустрач мясцовага лесніка Уладзіміра. Аднак да месца сустрэчы трэба было яшчэ даехаць.

Час цягнуўся марудна, але нарэшце пашчасціла. У адной з вёсак трапіўся чалавек, які пагадзіўся правезці да павароту на Валадарск — усё роўна збіраўся ехаць у той бок. Потым высветлілася, што правадніком аказаўся не хто іншы, як ляснік Уладзімір. Вось дык цікавае супадзенне!

Між тым у Валадарску нас ужо зачакаліся. Землякі пачалі з’язджацца з самай раніцы. Спачатку на вясковыя могілкі — як жа не аддаць даніну павагі продкам, а ўжо потым на родныя падворкі да сваякоў, знаёмцаў, сяброў...

Дзеці роднай зямлі

Некалі вялікая вёска, дзе працавалі ФАП, магазін, школа і пражывалі больш за 700 чалавек, сёння сустракае вокнамі пустых хат. Шэсць жыхароў склада­юць усё насельніцтва Валадарска, узрост чатырох з іх пераваліў за 80 гадоў. Але на адзін дзень вуліцы населенага пункта зноў навадніла моладзь.

Нягледзячы на дождж, ніхто з гасцей (а іх было больш за 50 чалавек) не хаваўся па машынах ды хатах, не скардзіўся на холад: з усіх бакоў даносіліся гоман, смех, смачныя пацалункі і іншыя праяўленні радасці сустрэчы. Ніхто не мёрз яшчэ і таму, што аб земляках паклапаціліся арганізатары свята. Як і ў мінулым годзе, імі сталі сёстры Вера, Валянціна і Таццяна, па дзявочаму прозвішчу Бабіч.

Бацькоўскую хату жанчыны пакінулі амаль паўвека таму, але гады дзяцінства і юнацтва, самыя шчаслівыя і светлыя, яны правялі менавіта тут, а таму вёска заўсёды будзе ў іх сэрцах. Малодшая Таццяна як і браты Уладзімір і Аляксандр жывуць у Мінску. Сярэдняя Вера ў Лагойску, і толькі старэйшая сястра Валянціна засталася ў Рэчыцы. Даглядае родную хатку разам з мужам Ільёй Куцапаленкам. Сям’я з радасцю правяла экскурсію па сваёй фазэндзе. Тут і вінаграднік, з якога атрымліваецца нядрэнная наліўка, і вялікая плантацыя рознай гародніны — як жа без гэтага. А на падворку прыпаркаваны каларытны жоўты масквіч 1980 года выпуску...

— Не машына — карцінка! Без праблем прайшла чарговы тэхагляд, хоць і езджу на ёй больш за 40 гадоў, — распавядае Ілья Куцапаленак. — Рамантую сам, нікога да яе не падпускаю. І колер яна мае родны, і запчасткі, і нават нумары старыя, яшчэ савецкія. Гэта мой рарытэт. Масквіч мне падарыла цешча за тое, што я кожныя выхадныя ездзіў да яе дапамагаць па гаспадарцы. Падарунак я цаню, у знак удзячнасці і па сённяшні дзень даглядаю могілкі, дзе пахаваны цешча з цесцем, а таксама падворак і хату.

Намаганнямі Куцапаленкаў дом ажывае ў пачатку дачнага сезона і ўжо на Радуніцу, цёплы, утульны, сустракае гасцей. Дарэчы, менавіта напярэдадні Радуніцы мінулага года і нарадзілася ідэя сабраць землякоў-валадарцаў, зрабіць гэткі вечар успамінаў. У прывітальным слове адна з сясцёр, галоўны арганізатар Вера Мікалаеўна (па мужу Рапеева), выказала агульную думку: вёска жыве, пакуль жывуць яе дзеці і захоўваюць у памяці добрыя моманты, звязаныя з ёй.

Душа вёскі

На мерапрыемстве адзначылі кожнага з тых, хто і сёння жыве ў Валадарску. Гэта Ганна Шавяленка і Антаніна Кастрама, якія працавалі даяркамі на мясцовай ферме, былыя работнікі паляводчай брыгады Надзея Гром і Пётр Кастрама, фельчар-акушэр Любоў Паўлянок і тэхнічка мясцовай школы, а пасля закрыцця ўстановы — санітарка ФАПа Ніна Кастрама (дарэчы, самае распаўсюджанае прозвішча ў гэтай мясцовасці). У іх адрас чыталі вершы, спявалі песні, дзякавалі за тое, што захавалі вёску з яе традыцыямі і беларускім каларытам, сталі сваеасаблівай душой гэтых лясных мясцін. Акрамя цёплых слоў кожны пенсіянер-старажыл атрымаў падарунак — пачак чаю, кубак і цукеркі.

Душэўнасць і цеплыню сустрэчы адчуваў кожны валадарац. Музычнае суправаджэнне свята забяспечваў калектыў мастацкай самадзейнасці «Аколіца» сельскага Цэнтра фальклора аграгарадка Глыбаў. Артыстаў запрасіла на свята старшыня Глыбаўскага сельсавета Кацярына Грабцэвіч, якая дапамагала рыхтаваць мерапрыемства.

— Так супала, што гэты год праходзіць пад знакам Года малой радзімы, і ініцыятыва землякоў не магла застацца без увагі сельсавета, — адзначыла Кацярына Грабцэвіч. — Прыемна назіраць вяртанне валадарцаў дадому. Дзякую вам за тое, што не забываеце родныя мясціны, дорыце сваю цеплыню жыхарам, аддаеце даніну павагі продкам.

Ад сельскага Савета і жыхароў Валадарска яна ўручыла гасцям паўметровы ў дыяметры каравай і пажадала, каб добрая традыцыя сустракацца з кожным годам толькі мацнела.

...А свята працягвалася да самага вечара. Ні дождж, ні холад не сапсавалі яго — наадварот, валадарцы шчыльней уселіся за агульны стол, які накрылі ў адной з пустых хат.

Фото Виктории Кашпур
0 Обсуждение Комментировать