Вверх



У музеі хлеба ў Чачэрскім раёне частуюць турыстаў прысмакамі з печы

1090 0 09:42 / 15.08.2018Обновлено 08:55 / 16.08.2018
У аграгарадку Батвінава Чачэрскага раёна дзейнічае музей хлеба, дзе адраджаюць старажытныя рэцэпты і частуюць бабулінымі прысмакамі з печкі.

DSC01210.JPG

Пад доглядам дамавіка

Спрытна ўвіхаецца ў хаце гаспадыня Ірына Нікішова. Усё паспявае: і хлеб мясіць, і гутарку весці. Апранутая ў нацыянальнае адзенне і яркую хустку, яна быццам з падручніка па гісторыі. У печы патрэскваюць дровы, побач сядзіць лялечны дамавік Кузя. Ён пільна сочыць за ўсім.

— Як нешта раблю ў печы, заўсёды нейкі пачастунак, цукерку яму кладу. Толькі запамятаваю — і паляцяць качэргі. Гэта Кузя нагадвае пра сябе.

...Прабачце, так уразілася сустрэчай, што забыла ўдакладніць: музей хлеба дзейнічае на базе Батвінаўскага культурна-спартыўнага цэнтра. Загадвае гаспадаркай дырэктар Ірына Нікішова. Менавіта ёй належыць ідэя стварэння музея.

— Праект накіраваны ў першую чаргу на маладое пакаленне, — адзначае Ірына Міхайлаўна. — Адкрывалі музей для таго, каб расказаць дзеткам, як жылі нашы продкі, якой цяжкай працай здабывалі хлеб. Сучасныя падлеткі, што гарадскія, што вясковыя, зусім не ведаюць сваіх каранёў. Мы распавядаем, які шлях праходзіць зернейка да каравая. Імкнёмся, каб моладзь вучылася шанаваць і берагчы хлеб, спадчыну нашых продкаў.

Імпульсам да ажыццяўлення задумкі стала актыўнае развіццё аграэкатурызму. Ідэя знайшла падтрымку ў Чачэрскім райвыканкаме і Меркулавіцкім сельсавеце.
— Чым наша Батвінава горшае за іншых? — разважае субяседніца. — Хацелася, каб і сюды завіталі турысты, каб было чым прывабіць іх. Аналага музею хлеба на той час у вобласці не было. Сёння наш музей уваходзіць у турыстычны маршрут «Залатое кальцо Чачэршчыны».
Можна сказаць, што ўсё пачыналася з печы, без якой нельга ўявіць сялянскую хату. Дарэчы, печку сваімі рукамі склаў муж культработніцы Мікалай Нікішоў. Да стварэння музея далучыліся супрацоўнікі цэнтра і мясцовыя аматары гісторыі. Прылады працы і сялянскага побыту збіралі па ўсёй вёсцы. Што знайшлі, сёння можна пабачыць у экспазіцыях. Першых наведвальнікаў музей прыняў у 2014 годзе.

Калабок Ляноце сябар

Дбайная гаспадыня не спынілася на дасягнутым. Марыла аб пашырэнні праекта. Мясцовая ініцыятыва была падтрымана Праграмай развіцця ААН, якая фінансуецца Еўрасаюзам. Батвінаўскія культработнікі атрымалі каля 25 тысяч еўра на развіццё музея, набылі новую тэхніку і абсталяванне для правядзення майстар-класаў па выпечцы. Адноўлены музей гасцінна расчыніў дзверы ў сакавіку бягучага года.

Каб зацікавіць юных наведвальнікаў, распрацавана забаўляльная праграма для арганізаваных груп. Яна разлічана прыкладна на тры гадзіны. Усё пачынаецца з сялянскага падворка. Тут можна ўбачыць млын, калодзеж з жураўлём, казу Маньку і пеўня. Дарэчы, Ірына Нікішова спецыяльна прыво­дзіць хатнюю жывёлу з уласнай гаспадаркі. Дзецям жа цікава і пагладзіць, і пакарміць! Гасцей сустракаюць вядучая і казачныя персанажы Калабок з Лянотай.

— У гульнёвай форме паказваем дзецям, як працавалі нашы продкі. Разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі засяваем поле, малоцім зерне, кляпаем касу, пілім дровы, варым кашу ў чыгунку.
У самім музеі некалькі экспазіцый, у тым ліку «каравайная» з разнастайнымі відамі вырабаў з хлеба. Калідор установы нагадвае сялянскую вуліцу. Экскурсія праходзіць у інтэрактыўным фармаце. Наведвальнікі з цікавасцю разглядаюць старажытныя рэчы: палку-сукаватку, рэзвіны, якімі салому насілі, цапы. У музычнай частцы праграмы пяюць і граюць на прыладах вясковага побыту. У ход ідуць драчка, качулка, чыгункі.

Прадугледжана дэгустацыя хлеба і хатняй выпечкі з духмянай гарбатай. Юныя турысты з захапленнем удзельнічаюць у майстар-класе па выпяканню бублікаў, якія потым самі ж і каштуюць.

Для дарослых гасцей прадугледжана і дэгустацыя беларускіх прысмакаў з печы, у тым ліку калдуноў, баршчу, бульбы тушанай, блінцоў з мачанкай. Каб правесці тут карпаратыў у нацыянальным стылі, прыяз­джалі групы з Чачэрска, Гомеля, Рагачова.

Асаблівую цікавасць каларытны музей выклікае ў замежных турыстаў. Батвінава ўжо наведалі госці з Швейцарыі, Чэхіі, Італіі, Галандыі, Германіі, Аўстрыі, Расіі.

Сакрэтны рэцэпт

Ці ёсць што-небудзь смачнейшае за свежы хлеб? Падчас візіту ў Батвінава кожны можа па­спытаць скібку духмянага бохана. Уласна я ніколі не спрабавала хлеб з печы, таму нецярпліва чакала, пакуль ён астыне. Гарачы есці нельга! Хлябок спакусліва чакаў на стале, духмяныя пахі казыталі нос. А гаспадыня зноў замешвала цеста, у гэты раз на бублікі.

— Раней да выпякання хлеба рыхтаваліся вельмі сур’ёзна, — распавядае Ірына Нікішова. — Пяклі на вялікія сем’і і на цэлы тыдзень. Замешвалі вялікую дзежку. Калі выходжвалі цеста, калаціліся над ім. У хаце нельга было сварыцца. З печы зганялі дзяцей, бо лічылася, што хлеб дрэнна спячэцца.

Аб гэтым гаспадыня расказвае і наведвальнікам музея. Як нашы бабулі печ распальвалі, якія замовы ведалі. Што рабілі, каб агонь у печы не злаваўся. Спечаны хлябок абмывалі вадой ад прысаку, каб скарынка чыстай была.

У батвінаўскім музеі выпякаюць пяць сартоў хлеба, у асноўным з пшанічнай мукі. Таксама збіраюць рэцэпты вёскі і раёна. У кожнай гаспадыні быў уласны сакрэт. Раней пяклі на жытняй муке, калі яе было мала, вараную бульбу таўклі і дабаўлялі ў цеста. Свайго сакрэта Ірына Міхайлаўна не раскрывае. Тым не менш гаспадынін хлябок здаўся мне вельмі смачным.
Як прызнаецца Ірына Нікішова, задумак яшчэ шмат. Спыняцца на дасягнутым не збіраецца.


















Фото автора

0 Обсуждение Комментировать
Загрузка...