Вверх


В филиале Ветковского музея в Гомеле открылась выставка Александра Никитина

1821 0 20:03 / 03.03.2018




“Табе, маці, верацён кругаль, а мне, маці, палацён кубел…”



Традыцыйны строй жыхароў горада Васілевічы і наваколля з уласных збораў Аляксандра Нікіціна


Годам малой радзімы аб’яўлены 2018 год. І для Веткаўскага музея гэта ідэя з’яўляецца як ніколі актуальнай. Бо менавіта рэгіянальна-лакальнай тэмай ужо 40 гадоў займаюцца супрацоўнікі музея. Акрамя ўласных даследаванняў музей выхаваў ужо шэраг сваіх паслядоўнікаў. Адным з такіх вучняў музея, па-праву, можна лічыць гамяльчаніна Аляксандра Нікіціна. Нарадзіўшыся ў горадзе, малады чалавек не стаў туліцца ад сваіх вясковых каранёў, а наадварот ужо з самага дзяцінства пачаў свой пошукавы шлях, які завёў яго ў горад Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Жывая вясковая мова, абрад “Пераносу свячы”, традыцыйныя спевы, ручнікі і адзенне настолькі захапілі Аляксандра, што ён усур’ёз заняўся навуковым даследаваннем духоўнай і матэрыяльнай спадчыны сваёй малой радзімы. І, канешне ж, першае аб чым задумаўся: як выглядалі жыхары Васілевічаў сотні гадоў таму? Так, традыцыйнае адзенне, а дакладней, традыцыйны строй, даюць яскравае ўяўленне пра жыццё народа. Старыя фотаздымкі ў “рамках”, што ўпрыгожваюць інтэр’ер амаль кожнай вясковай хаты да нашых дзён, часткова далі адказ на гэта пытанне. А пасля далей і глыбей: бабулі адкрывалі свае куфры і даставалі кашулі, андаракі, наміткі, хусткі, гарсэты… Так і пачала збірацца ўласная калекцыя традыцыйнага строя Васілевічаў і навакольных вёсак Залатуха і Навінкі. Своесасаблівым падарункам для маладога даследчыка стала выданне “Беларусы ў фотаздымках Ісаака Сербава 1911-1912” дзе можна было пабачыць тых самых жыхароў Васілевічаў, што пазіравалі імянітаму даследчыку ўжо болей 100 гадоў таму.


На дадзены момант рэгіянальная калекцыя, аснову якой складае традыцыйны тэкстыль, прастаўлена рэчамі канца ХІХ-сярэдзіны ХХ стст. Аляксандрам Нікіціным вядзецца грунтоўная праца па даследаванню традыцыйнага строя Васілевічаў і навакольных вёсак з магчымасцю далейшага ўвядзення ў навуковы ўжытак тэрміна “Васілевіцкі строй (касцюм)”.


На выставе дэманструюцца восем поўных комплексаў традыцыйнага строя дадзенай мясцовасці, фотаздымкі, арыгінальныя тэксты замоў, а таксама рэчы, што суправаджалі жыццё селяніна ад нараджэння і да смерці.


Дадзеная выстава своеасаблівая гісторыя пра тое, як можна шанаваць сваю малую радзіму не толькі словам, але і справай.


На адкрыцці можна будзе пачуць вясельныя спевы і стаць удзельнікам рэканструкцыі фрагмента вясельнага абрада “Зборы маладой”.







































































0 Обсуждение Комментировать