Вверх


У сібірскіх вёсках можна пачуць беларускую трасянку (фота, відэа)

6968 0 12:17 / 29.07.2013
У Мінску адбыўся VI з’езд беларусаў свету «Бацькаўшчына», на які з’ехаліся беларусы з 19 краін. Група з Іркуцка, якая накіроўвалася на з’езд, завітала ў Гомель. Творчая сустрэча адбылася ў філіяле Веткаў­скага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярава.



Вельмі ўразіў выступ гурту «Крывічы». Беларускія старажытныя песні спявалі дзяўчаты з Іркуцка, апранутыя ў аўтэнтычны строй. Дарэчы, многія з іх нарадзіліся ўжо ў Сібіры, прытым у другім, трэцім, а то і ў пятым пакаленнях беларусаў. Яны ніколі раней не былі ў Беларусі, але гэта не перашкаджае ім захоўваць сваю ідэнтычнасць.


Потым спявалі гомельскія дзяўчаты з «Талакі». Яны таксама запалілі сваім выступам гасцей з Іркуцка і іншых слухачоў.



Апошнія песні спявалі ўжо ўсе разам, ды такім сугучным шматгалоссем, нібы рэпетавалі дагэтуль.



 

Гэта Воля Галанава, яе продкі з Гомельшчыны. Сама яна нарадзілася і жыве ў Іркуцку. Яе бацькі размаўляюць на рускай мове, а Воля ў дасканаласці валодае беларускай. Кажа, чула ў дзяцінстве, як размаўляла па-беларуску яе бабуля і гэта вельмі падабалася. Яшчэ ў Волі вельмі прыгожы беларускі строй, зроблены сваімі рукамі.



— Працу над гэтым строем я скончыла тыдзень таму, — распавяла яна «ГП». — Такая ж самая кашуля ёсць у прыватнай калекцыі адной жанчыны, якая жыве ў вёсцы Тайтурка Іркуцкай вобласці. Жанчына гэта дзесьці з Калінкавічаў, а кашулька належыла яшчэ ейнай бабцы, і дагэтуль захавалася ў добрым стане. З яе дазволу я сфатаграфавала кашулю, каб пашыць дакладна такую ж. Вось бачыце, на маёй усё як на той: каўнерык з брыжамі, кручком зроблены невялічкія карункі, рошва, вышыванка на поліках, уверсе, на рукавах. Усяго тут сабрана 4 тэхнікі вышыванкі: коскі, лічбавае шво, крыжы і вось тут яшчэ — процяг. Таксама ў той жанчыны захавалася спадніца бураковага колеру, але я зрабіла трохі іншую, якая больш характэрная для Гомельшчыны і ўвогуле для ўсёй Беларусі: спалучэнне чорнага колеру і чырвонага. Ну і фартух на мне з даматканага льна, вышыўку на ім зрабіла, якая спалучаецца з вышыўкай астатняга строю.

Алег Рудакоў, які на працягу 17 гадоў кіраваў таварыствам беларускай мовы і культуры імя Чэрскага ў Іркуцку, зараз саступіў пасаду старшыні больш маладому, бо збіраецца займацца навуковай дзейнасцю: плануе больш ездзіць па сібірскіх вёсках, заснаваных беларусамі, збіраць легенды, гісторыі іх утварэння, традыцыі. Слухаць яго было вельмі цікава.



Паводле Алега Рудакова, зараз у Іркуцку 50 тысяч беларусаў, але ж гэта толькі афіцыйная лічба і гэта замала. Бо толькі ў сталыпінскі час у Сібір перасялілася 1,5 мільёна беларусаў, з якіх 300 тысяч менавіта ў Прыбайкалле.

Як такая колькасць нашых суайчыннікаў трапіла ў далёкую Сібір?

Выхадцы з Беларусі з’явіліся ва Ўсходняй Сібіры ў складзе першых экспедыцый казакоў і першапраходцаў. Напачатку XVII стагоддзя паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім вяліся войны. Палонных адсылалі ў Сібір не ў якасці ссыльных катаржнікаў, а ў якасці першапраходцаў і ваяроў. Звалі выхадцаў з Беларусі тады не беларусамі (гэта назва замацавалася толькі ў XIX стагоддзі), а па назве дзяржавы — літвінамі. Неўзабаве ў Сібіры з’явіліся вёскі беларусаў з Літвы. Напрыклад, па дакументах 1680 года вядома паселішча Літвінцава, непадалёку ад Ілімскага астрога, якое праіснавала да 1940 года.

Шмат хто з беларусаў, якія ішлі разам з казакамі, займалі высокія пасады. Напрыклад, вядома, што буйны горад Краснаярск заснаваў беларус па паходжанню — Андрэй Дубенскі. Яму помнік там стаіць, але не ўсе краснаярцы ведаюць, што ён — беларус.

Другая хваля перасяленцаў — удзельнікі паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе. Галоўным чынам гэта былі каталікі, таму часцяком стэрэатыпна іх сталі зваць палякамі. Сярод іх быў адзін са знакамітых беларусаў — Ян Чэрскі, імя якого носіць наша таварыства. Дык вось, гэтыя ўдзельнікі паўстання, у тым ліку і Ян Чэрскі, патрапілі ў палон, а потым былі сасланы ў Сібір, таксама зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё навукі ў Іркуцку, і там іх зараз вельмі шануюць.

Самае буйное перасяленне беларусаў у Прыбайкалле адбылося ў сталыпінскую рэформу: з 1902 года, калі падрыхтоўка да яе шла, і да 1912-га. На тэрыторыі Іркуцкай губерні перасяленцы заснавалі шмат вёсак, захоўваючы свой парадак і манеру будаваць хаты.

Потым было некалькі хваляў у савецкі час: у Сібір ехалі палітычныя ссыльныя сталінскіх часоў і сяляне, якія не жадалі ісці ў калгасы ў перыяд калектывізацыі. Крыху пазней да іх далучыліся і ўдзельнікі камсамольскай будоўлі Брацкай і Усць-Ілімскай ГЭС. Апошняя хваля перасяленцаў з Беларусі звязана з чарнобыльскай катастрофай.

— Але ж зараз, згодна з апошняй статыстыкай, у нас налічваецца толькі 16 тысяч беларусаў, -распавёў Алег Рудакоў.

Куды дзеліся астатнія беларусы?

Асіміляцыя, з аднаго боку. А з другога — памылкі перапісчыкаў. Прывяду выразны прыклад. У нас у Баяндаёўскім раёне Іркуцкай вобласці ёсць цэлы шэраг вёсак, заснаваных беларусамі: Тургенеўка, Васільеўка, Лідзінск, Шаманка. Там ёсць беларускія дарослыя і дзіцячыя гурткі, лялечны тэатр. А мне даюць дадзеныя, што ў гэтым раёне беларусамі запісаліся только 9 чалавек. Прыязджаю ў адну з вёсак і кажу: «У чым справа? Вас жа тут шмат, чаму вы не запісаліся беларусамі?» «А нас ніхто і не пытаў», — адказваюць. На самой справе што атрымалася? Перапісчыкі, якія павінны хадзіць ад хаты да хаты, прыязджалі ў сельсавет, бралі дадзеныя з рэестра, перапісвалі іх (навошта ім хадзіць па гэтай вёсцы?) і, безумоўна, на асабістае пытанне «а хто тут, у сібірскай вёсцы, можа жыць?» самі ж сабе і адказвалі: «толькі рускія».

Што агульнага паміж буратамі і беларусамі?

Кожны трэці жыхар Іркуцкай вобласці — беларус па паходжанню альбо мае беларускія карані. У нашых суайчыннікаў, безумоўна, былі і шлюбы з прадстаўнікамі розных народаў. Дарэчы, вось вам гісторыя, якую мне распавёў расійскі дэпутат заканадаўчага сходу Генадзь Істомін, таксама беларус па паходжанню. Калі ягоныя дзяды прыехалі ў Прыбайкалле, іх было 4 браты. А зямля была бурацкая. Як вядома, бураты качавалі: сёння іх шматлікія коні пасвяцца ў адным месцы, заўтра — ужо ў другім. А тут прыехалі беларусы, якім трэба зямлю араць. І не самі па сабе, а чыноўнікі далі ім дазвол займаць тут нейкія тэрыторыі: «Шукайце месца, стаўце вёску». І вось бураты пачынаюць падпальваць хаты беларусаў і ўсяляк перашкаджаць ім. Калі вы бачылі дарэвалюцыйныя здымкі, на якіх ёсць бураты, то бачна, што гэта нізкарослыя людзі. У той час яны пачалі выраджацца, у іх былі ўжо міжродавыя сем’і, калі брат на сястры жаніўся і гэтак далей. Хтосьці з чыноўнікаў падказаў ім, што трэба ўліваць новую кроў і ўсё будзе добра з вашым народам. У выніку што адбылося? І гэта не жарт, а факт. Прыязджае сям’я беларусаў з чатырох братоў, паміж якімі была дамоўленасць: адзін з іх павінен ажаніцца на буратцы, каб ім дазволілі ставіць тут хату. Канешне, ніхто не жадаў такога шлюбу, бо кожны хацеў сваю дзяўчыну браць. Але рабіць няма чаго. І вось яны цягнулі жэрабя. І той, каму яно даставалася, вымушаны быў браць у жонкі буратку. А бурацкія гены моцныя, калі нараджалася дзіця ў такой сям’і, рысы твару ў яго былі далёка не беларускія. І на сённяшні дзень у нас у таварыстве ёсць такія лю­дзі — беларусы з рысамі буратаў. Дарэчы, яны вельмі добра размаўляюць на беларускай мове.

Алег Рудакоў адказаў і на пытанні «ГП».


Ваша таварыства праяўляе надзвычай вялікую актыўнасць: дзейнічаюць розныя гурткі, шырока адзначаюцца традыцыйныя святы, выпускаюцца дыскі са спевамі, нават свая газета пад назвай «Маланка» выдаецца. Як атрымоўваецца збіраць такі багаты фальклорны матэрыял? Вядома ж, далёка не кожны з беларускай дыяспары нясе дагэтуль бацькоўскія традыцыі.

— Мы — беларусы і павінны шанаваць традыцыі нашых продкаў. Таварыства беларускай мовы і культуры мае зараз 12 аддзяленняў па Іркуцкай вобласці. Яшчэ ў 14 раёнах, з якімі мы супрацоўнічаем, ёсць розныя творчыя калектывы або музеі. На даны момант у таварыстве каля 700 чалавек. Гэта тыя людзі, якія пачалі штосьці шукаць ці рабіць дзеля таго, каб захаваць народныя традыцыі. Мы працуем па 20 розных накірунках — гэта не толькі фальклор і этнаграфія, гэта і ткацтва, і рамёствы.

У час сталыпінскай рэформы са 150 вёсак, якія былі заснаваны, 124 пабудавалі беларусы. І зараз у гэтых вёсках жывуць бабулькі і дзядулькі, якія могуць заспяваць старыя народныя беларускія песні. Мы пачалі збіраць усё сваё, аўтэнтычнае. Ведаеце, я нават губляюся часам: ці я прыехаў у вёску на Віцебшчыне, ці ў Сібір.

— Шчыра кажучы, мяне здзівіла, што сібірскія беларусы і мову сваю не забыва­юць. У самой Беларусі не шмат грамадзян, якія валодаюць ёю дасканала.

— Не забываюць — гэта мякка кажучы, бо як прыязджаеш у вёску сібірскую, адразу разумееш, што яна нічым не адрозніваецца ад сучаснай беларускай вёскі. Ведаеце, у Сібіры размаўляюць на цудоўнай беларускай трасянцы, ведаюць шмат беларускіх слоў і вымаўленняў. Распавяду вам, як я паехаў у адну са сваіх першых вандровак 17 гадоў назад. На перакладных дабіраўся да гэтай вёскі, потым апошнюю частку свайго шляху ехаў у нейкім грузавіку. Залез у кузаў, а там хлопцы сядзелі, якія з рыбалкі ехалі. Першае іх пытанне было на мове: «А ты куды едзеш?» «У вёску Тарнопаль», — кажу. «А да каго?» — пытаюцца яны, і я адразу зразумеў, што еду да сваіх, да беларусаў, бо тады яшчэ дакладна не ведаў, беларусы там жы­вуць ці не.



— Чаму для вас гэта так важна — захаваць строй, традыцыі, вы ўжо даўно жывеце ў іншай краіне, навошта гэта вам?

— На гэтае пытанне я адказаў раней: таму што мы беларусы і ганарымся гэтым. Аднойчы мы калядавалі і зайшлі ў адну хату. Там былі дзеці і бабулька, якая сядзела на ложку. Мы калядныя песні спяваем, жартуем, тое-сёе, бабулька глядзіць на нас, і слёзы ў яе цякуць. Я спачатку думаў, мо хворая яна ці баліць што, стала неяк няёмка. А дачка яе, такая ўжо сталая кабета, пытае: «Маці, чаму ты плачаш?» «Ой, дочачка, ты ж пагледзь, гэта я калісьці, як маладая была, таксама калядавала, і каза ж у нас была, і мядзведзь. Я ж думала памру і не пабачу такога, а яны вось прыйшлі і ўсё робяць, як мы калісьці». Вось гэтае для мяне з’яўляецца галоўнай узнагародай, таму што сапраўды мы захоўваем традыцыі. Разумееце, я антыглабаліст, і калі кажуць, што неўзабаве людзі стануць адным народам, з адной нейкай міжэтнічнай культурай, лічу, што трэба рабіць нешта, каб гэта не хутка адбылося.



 
Фото аўтара

0 Обсуждение Комментировать