Вверх


Стратныя гаспадаркі — у адстаўку

421 0 11:13 / 24.01.2008
У апошні час мяняюць аблічча, становяцца больш упарадкаванымі нашы дарогі. Паляпшаюцца прыдарожны сервіс і бяспека руху. Значная заслуга ў гэтым і камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага унітарнага прадпрыемства “Гомельаблдарбуд”, якое ўтрымлівае на сваім балансе звыш 8600 кіламетраў мясцовых дарог, а яшчэ 430 мастоў. Да таго ж пастаянна будуе і дарогі,
і масты.
Летась па якасці ўтрымання сваіх аб’ектаў “Гомельаблдарбуд” заняў першае месца сярод аналагічных буйных дарожных арганізацый рэспублікі. Ды і па многіх іншых пазіцыях гамяльчане знаходзяцца ў групе лідэраў. За мінулы год асвоена 107 мільярдаў рублёў, у тым ліку 66,5 мільярда ўласнымі сіламі, а гэта складае 125 працэнтаў да 2003 года. Павялічана да 415 тысяч кубаметраў вытворчасць уласнай шчабёначнай прадукцыі. А галоўнае — усе структурныя падраздзяленні прадпрыемства летась спрацавалі з прыбыткам. Як вобразна зазначыў на калегіі прадпрыемства генеральны дырэктар В. М. Краўчанка, дарожнікі адправілі ў адстаўку стратныя арганізацыі, што дало магчымасць у цэлым па “Гомельаблдарбуду” павысіць прадукцыйнасць працы ў параўнанні з папярэднім годам больш чым на 13 працэнтаў, а рэнтабельнасць давесці да 14,2 працэнта.
Яшчэ больш эфектыўна папрацавалі калектывы дарожных рамонтна-будаўнічых упраўленняў з Гомеля, Акцябрскага і Лельчыц. Пераможцам сярод дарожных эксплуатацыйных упраўленняў прызнана Мазырскае ДЭУ-155. Паправілі эканамічна-фінансавае становішча ў Кармянскім ДЭУ-205 і з самай стратнай арганізацыі выйшлі ў прыбытковую.
У бягучым годзе плануецца асвоіць не менш 113 мільярдаў рублёў капіталаўкладанняў, у тым ліку значна павялічыць аб’ёмы работ уласнымі сіламі. Будзе мэтанакіравана весціся работа па прымяненню новых тэхналогій і матэрыялаў, мадэрнізацыі вытворчасці. Вось што зазначылі ў сваіх выступленнях на калегіі:
Э. Ф. Фралоў, старшыня камітэта па будаўніцтву і архітэктуры аблвыканкама:
— Безумоўна, зроблена вельмі многае, але яшчэ ёсць над чым працаваць. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на будаўніцтва, рамонт і абслугоўванне дарог у аддаленай сельскай мясцовасці, стварэнне дабротных пад’ездаў да дамоў, ферм, майстэрняў.
М. І. Колаты, дырэктар рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Гомельаўтадар”:
— У нашых арганізацый шмат аднолькавых праблем. Калі будзем працаваць з узаемаразуменнем і ўзаемадапамогай, то можам многае зрабіць па паляпшэнню дарог рэспубліканскага і мясцовага значэння.
В. А. Вярбіла, дэкан будаўнічага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту:
— У “Гомельаблдарбудзе” працуе шмат нашых выпускнікоў. Ім ствараюцца неабходныя ўмовы для росту і павышэння прафесійных навыкаў. І яшчэ адна акалічнасць. Кіраўнікі прадпрыемства заўсёды гатовы прыняць на работу нашых выпускнікоў, і гэта радуе.

Сцяпан БАЛОТКІН

0 Обсуждение Комментировать