Вверх


Трактарны завод з’явіўся і ў Хойніках

612 0 11:15 / 24.01.2008
Пасля наладжвання вытворчых кантактаў з флагманам айчыннай індустрыі — Мінскім трактарным заводам — у працоўнага калектыву Хойніцкага завода гідраапаратуры з’явіліся рэальныя перспектывы эканамічнага росту.
— Так, кааперацыя з трактарабудаўнікамі, якая зараз праводзіцца па 13 пазіцыях, дала магутны імпульс развіццю вытворчасці на нашым прадпрыемстве, — гаворыць яго дырэктар В. Я. Смальцар. — Сёння мы выпускаем восем відаў камплектуючых для беларускіх трактаразаводцаў, і нашы дэталі ўключаны ў пастаўкі для галоўнага канвеера МТЗ. Гэтая акалічнасць з’яўляецца не толькі прызнаннем работы нашага калектыву, але і накладвае на яго вялікую адказнасць. Таму летась перайшлі на двухзменную работу, павысілі патрабаванні кантролю якасці.
Усё гэта адбіваецца на вытворчых паказчыках хойніцкіх машынабудаўнікоў. Тэмпы росту аб’ёму выпуску прадукцыі за май сёлета склалі 181,9 працэнта ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. У некалькі разоў павялічыліся аб’ёмы выпуску таварнай прадукцыі. Плённым стала супрацоўніцтва з адзіным у Беларусі Коханаўскім экскаватарным заводам, што ў Віцебскай вобласці, для якога па заяўцы пастаўляюцца камплектуючыя вырабы. Ёсць спажывецкі попыт на гідраходазмяншальнікі і ўсе мадыфікацыі гідрастанцый вытворчасці хойніцкага завода.
Калі мець на ўвазе пастаянны рост энергарэсурсаў і ўжо зусім хутка новыя цэны на газ, то адной з найбольш важных задач, вядома ж, з’яўляецца энергазберажэнне. Гэтаму пытанню надаецца асаблівае значэнне.
Аднак асноўны дабрабыт грунтуецца на паспяховай дзейнасці галоўнага партнёра — Мінскага трактарнага завода, які, вобразна кажучы, з’яўляецца лакаматывам у дзейнасці малых прадпрыемстваў краіны, аказвае ўсямерную тэхнічную падтрымку. Да сярэдзіны жніўня Хойніцкі завод гідраапаратуры, які з’яўляецца з мінулага года структурным падраз-дзяленнем МТЗ, павінен атрымаць 19 адзінак сучаснага абсталявання, што будзе пераве-дзена з баланса на баланс.
Дапамагае МТЗ і ў падрыхтоўцы спецыялістаў высокай кваліфікацыі па рабочых спецыяльнасцях. За кошт сродкаў прадпрыемства ў сувязі з асваеннем новай лініі па выпуску вырабаў для МТЗ завод гідраапаратуры да сярэдзіны жніўня павінен навучыць прафесіі станочніка 10 чалавек. З гэтай мэтай запрасіў на вучобу па спецыяльнасцях шліфоўшчыкаў, свідравальшчыкаў, фрэзероўшчыкаў, токараў, аператараў металарэжучых станкоў-аўтаматаў, аператараў станкоў з праграмным кіраваннем і вучняў па гэтых прафесіях.
Дырэктар прадпрыемства лічыць, што рабочыя месцы ствараць мае сэнс на вытворчасці, а не ў кіраўніцкім апараце.
— Радуе тое, — падкрэслівае В. Я. Смальцар, — што ў нас у краіне пачалі ўдзяляць увагу вырашэнню кадравага пытання заводаў сярэдняй рукі. Таму можна прыцягнуць рабочую сілу, моладзь. Чалавек, які прыйдзе да нас на работу, павінен ведаць: прадпрыемства даражыць сваім іміджам, які заваёўваецца ўпартай працай. Мы поўнасцю адказваем за якасць нашых вырабаў, таму што ад гэтага залежаць рэпутацыя завода, дабрабыт працуючых тут людзей.
У вырашэнні праблем не застаецца ў баку і гомельскае вытворчае аб’яднанне “Гідрааўтаматыка”, дзе праходзілі навучанне спецыялісты завода.
Перамены, якія адбыліся апошнім часам, пазітыўна адбіліся на заработнай плаце хойніцкіх машынабудаўнікоў, якая вырасла на 12,3 працэнта.
Скарацілася цякучасць кадраў, і заводскі калектыў цяпер налічвае 150 чалавек. Галоўны цэх прадпрыемства — 12-ты станочны — узначальвае здольны спецыяліст У. М. Міхедзенка, начальнікам вытворчасці з’яўляецца В. А. Вайніловіч, добры арганізатар старшы майстар цэха Л. П. Трафімаў. У цэху ўстаноўлены самыя навейшыя станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, якія эксплуатуе брыгада на чале з В. А. Дземідзенкам. Прафесійна працуюць станочнікі Б. Б. Згурскі, браты Андрэй Юр’евіч і Дзяніс Юр’евіч Сазонавы. Станочнікі на агрэгатных станках В. К. Зелянкоўскі і А. Г. Хадасок забяспечваюць добры рытм работ на камплектацыі вырабаў.
Па-ранейшаму значная ўвага ўдзяляецца і выпуску гідраўлікі — помпавых установак і гідрастанцый для прадпрыемстваў прамысловасці. Таксама не змяншаецца попыт на тавары народнага спажывання, якіх зараз выпускаецца шэсць відаў. Частку прадукцыі заказвае КЖУП “Хойніцкі камунальнік”.
Клаўдзія БОСАК

0 Обсуждение Комментировать