Вверх


Ранні старт хлебаробаў

362 0 00:00 / 13.03.2008
Нягледзячы на тое, што вясна сёлета вельмі ранняя, хлебаробы вобласці падрыхтаваліся да яе ўсебакова. Ужо ў пачатку сакавіка больш як на дзевяноста працэнтаў былі адрамантаваны трактары і прычапныя глебаапрацоўчыя агрэгаты.
Гэта зараз дазваляе выбарачна весці палявыя работы. У ліку першых пачалі іх у Мазырскім раёне. Амаль на трэці плошчаў падкормлены мінеральнымі ўдабрэннямі азімыя збожжавыя культуры і рапс. Асаблівай стараннасцю на веснавым полі вызначаюцца механізатары саўгаса-камбіната “Зара”. Тут за кароткі тэрмін падкормлена восемсот гектараў азімых, у тым ліку сто гектараў рапсу з двухсот пасеяных. У гэтым сельгаспрадпрыемстве актыўна вядзецца і падрыхтоўка глебы да сяўбы яравых культур.
З кожным днём набіраюць тэмпы палявыя работы ў сельскіх гаспадарках Калінкавіцкага, Ельскага, Нараўлянскага і некаторых іншых паўднёвых раёнах. Выехалі ў поле таксама механізатары Добрушскага і Гомельскага раёнаў. Да падкормкі азімых культур прыступілі ў большасці гаспадарак вобласці.
 Як паведаміў начальнік упраўлення механізацыі, электрыфікацыі, навукова-тэхнічнага прагрэсу і інвестыцый аблсельгасхарчу В. І. Парадзін, на Гомельшчыне сёлета загадзя паклапаціліся аб гаруча-змазачных матэрыялах для сельгастэхнікі. За бюджэтныя сродкі ўжо закуплена пяць тысяч тон дызельнага паліва, якое зараз з нафтабазы завозіцца ў сельгаспрадпрыемствы па фіксаваных цэнах.
Сцяпан БАЛОТКІН

0 Обсуждение Комментировать