Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Хай шчодра родзіць наша ніва, дужэе хлебаробскi род!

1834 0 12:00 / 23.09.2008
У 12-ы раз наша краіна адзначыла галоўнае свята хлебаробаў. Напрыканцы мінулага тыдня ўдзельнікаў рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2008” гасцінна сустракала Орша. Горад, што адлічыў нядаўна 940 гадоў сваёй гісторыі, літаральна памаладзеў, заззяў яркімі фарбамі фасадаў і дахаў будынкаў, незлічонай колькасцю кветак абапал прыгожых адноўленых вуліц.

Такой вось і ўбачылі сталіцу сёлетніх дажынак больш за 100 прадстаўнікоў Гомельшчыны, якія ўдастоіліся пачэснага права прадстаўляць наш рэгіён на галоўным свяце працаўнікоў вёскі. У саставе дэлегацыі былі старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Якабсон, адказныя супрацоўнікі дзяржаўных органаў кіравання, кіраўнікі шэрага раёнаў, прадпрыемстваў, камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама, дэпутаты беларускага парламента.
Пачаўся ХІІ рэспубліканскі фестываль-кірмаш святочным шэсцем ганаровых гасцей, дэлегацый з усіх абласцей Беларусі, творчых калектываў па гарадскіх вуліцах да галоўнай сцэнічнай пляцоўкі. На сцэну выходзяць члены аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенню свята. Гучыць Дзяржаўны гімн краіны, узнімаецца флаг фестывалю, і намеснік прэм’ер-міністра Іван Бамбіза пад гучныя апладысменты абвяшчае свята адкрытым.
І вось ужо на святочную сцэну выходзяць пераможцы рэспублікан-скага спаборніцтва, якія занялі другія і трэція месцы. Гэта камбайнеры, вадзіцелі, трактарысты-машыністы, кіраўнікі гаспадарак, старшыні райвыканкамаў. Ад Гомельшчыны такога гонару ўдастоіліся амаль 60 чалавек. Яны атрымалі Ганаровыя дыпломы і каштоўныя падарункі — дамашнія кінатэатры, халадзільнікі, пыласосы, газавыя пліты. Узнагароды пераможцам уручалі Іван Бамбіза і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Сямён Шапіра. Не абышлося без падарункаў і з боку прыбыўшых на свята гасцей — генеральны дырэктар аб’яднання “Гомсельмаш” Валерый Жмайлік уручыў тэхдакументы на новы кормаўборачны камбайн аднаму з механізатараў Віцебшчыны. Пасля цырымоніі ўзнагароджвання пачаўся святочны канцэрт, у якім, акрамя вядомых калектываў і выканаўцаў рэспублікі, выступілі прадстаўнікі Гомельшчыны — танцавальны калектыў “Апельсін-плюс” Палаца культуры “Гомсельмаша”. Вуліцы Оршы, што прылягаюць да галоўнай сцэны свята, ператварыліся ў адзін велізарны “супермаркет”, дзе бойка ішоў гандаль сувенірамі, прысмакамі і напоямі. Выставы-продажы, майстар-класы ладзілі народныя майстры, багатую фантазію дэманстравалі на сялянскіх падворках рамеснікі Віцебшчыны. Увечары гала-канцэрт папулярных артыстаў беларускай і расійскай эстрады, шматколерны феерверк завяршылі першы дзень свята.
А раніцай у суботу павіншаваць лепшых з лепшых удзельнікаў сёлетняга жніва прыбыў у Оршу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка. Звяртаючыся да пераможцаў і ўсіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі, кіраўнік краіны адзначыў, што 2008-ы ўвойдзе ў гісторыю Беларусі як год небывалага ўраджаю, які можна параўнаць хіба толькі з кубанскім намалотам збожжа. З улікам зернебабовых культур рэспубліка ўпершыню атрымае 10 мільёнаў тон зерня, а сярэдняя ўраджайнасць наблізіцца да 40 цэнтнераў з гектара. Прычым у 13 раёнах краіны атрымалі зерня больш за 50 цэнтнераў з гектара. Гаворачы пра Гомельшчыну, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што вобласць сёлета пераўзышла мільённы рубеж па намалоту, атрымаўшы амаль па 33 цэнтнеры збожжа з гектара. Валавая вытворчасць зерня ў Гомельскай вобласці павялічылася на 31 працэнт, а Рэчыцкі раён паўторна выйшаў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва, адзначыў Прэзідэнт краіны.
У ліку лепшых па ўраджайнасці Аляксандр Лукашэнка назваў КСУП “Агракамбінат “Холмеч” Рэчыцкага раёна, дзе атрымалі па 87 цэнтнераў збожжа з гектара. Прагучалі ў прамове кіраўніка дзяржавы таксама імёны лепшых хлебаробаў Гомельшчыны — Валянціна Саламахі з КСУП “Агракамбінат “Холмеч”, які намалаціў 6310 тон зерня (гэта другі вынік сярод камбайнавых экіпажаў рэспублікі), Івана Новікава з КСУП “Пірэвічы” Жлобінскага раёна, які дабіўся высокага выніку на жніве, працуючы на камбайне айчыннай вытворчасці.
З гонарам успрынялі ўдзельнікі фестывалю-кірмашу ад нашай вобласці таксама і тое, што Гомельшчына заняла другое месца ў краіне па нарыхтоўцы кармоў. Важкі ўклад у сёлетнюю выдатную перамогу хлебаробаў, сказаў Прэзідэнт Беларусі, унеслі калектывы Гомельскага хімічнага завода і гомельскіх машынабудаўнікоў.
Але не варта, адзначыў далей кіраўнік дзяржавы, спыняцца. Трэба нарошчваць вытворчасць зерня і выходзіць на паказчыкі намалоту 12 і нават 13 мільёнаў тон. Не менш напружаныя заданні паставіў Аляксандр Лукашэнка і перад жывёлагадоўляй — атрымліваць штогод 8 — 10 мільёнаў тон малака і не менш 2 мільёнаў тон мяса. Для гэтага трэба вырашыць шэраг неадкладных пытанняў. Напрыклад, у краіне адчуваецца недахоп зернесушыльных комплексаў і зернясховішчаў. Прэзідэнт Беларусі даў даручэнне адпаведным органам дзяржаўнага кіравання да вясны будучага года вырашыць праблему сушкі і захавання зерня, пабудаваць неабходную коль-
касць аб’ектаў у сельгаспрадпрыемствах. Да таго ж трэба ўзвесці новыя сховішчы для садавіны і агародніны, а таксама новыя заводы па іх перапрацоўцы. Да канца бягучай пяцігодкі сельская гаспадарка краіны павінна выйсці на рэнтабельную вытворчасць, а ў наступнай пяцігодцы ўсе без выключэння сельскагаспадарчыя арганізацыі павінны будуць працаваць без дзяржаўных датацый, падкрэсліў А. Р. Лукашэнка.
А затым надышоў самы хвалюючы момант — ушанаванне абсалютных пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва. На святочную сцэну ў ліку першых падняўся прадстаўнік нашай вобласці — старшы камбайнер КСУП “Агракамбінат “Холмеч” Валянцін Саламаха, Прэзідэнт Беларусі ўручыў яму Ганаровы дыплом і ключы ад легкавога аўтамабіля ГАЗ “Волга”. Такую ж узнагароду атрымаў з рук кіраўніка дзяржавы і старшы камбайнер КСУП “Пірэвічы” Іван Новікаў, які стаў пераможцам сярод маладзёжных экіпажаў.
У ліку тых, каму ўручыў узнагароды Аляксандр Лукашэнка, былі таксама старшыня Рэчыцкага райвыканкама Пётр Шостак і начальнік райсельгасхарчу названага раёна Аляксандр Сітніца, старшыня Брагінскага райвыканкама Аляксандр Ятчанка і начальнік райсельгасхарчу Валянцін Хмелянок, старшыня калгаса (ВСК) “50 год Кастрычніка” Рыгор Шпакаў і дырэктар КСУП “Саўгас “Выток” Рэчыцкага раёна Васіль Хлебін, галоўныя аграномы Васіль Цяцера (ВСК “50 год Кастрычніка” Рэчыцкага раёна) і Аляксандр Якаўцаў (ААТ “Саўгас-камбінат “Сож” Гомельскага раёна), галоўныя інжынеры Валерый Бадзілоўскі (КСУП “Пірэвічы”), Андрэй Каваленка (КСУП “Агракамбінат “Холмеч”), Андрэй Карпека (КСУП “Дзяржынскі-агра” Рэчыцкага раёна) — усе яны атрымалі Ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі.
Сярод пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў, якім уручыў узнагароды кіраўнік дзяржавы, таксама былі прадстаўнікі нашай вобласці. Ганаровы дыплом і грашовую прэмію атрымаў дырэктар КСУП “Валаўскі” Ельскага раёна Іван Касенка, а Ганаровы дыплом, камп’ютэр і грашовую прэмію — камбайнер КСУП “Саўгас “Камуніст” Ельскага раёна Уладзімір Давідзюк.
З вялікай канцэртнай праграмай на свяце дажынак выступілі вядомыя беларускія творчыя калектывы і выканаўцы: ансамблі “Песняры”, “Бяседа”, Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Ірына Дарафеева, расійскія гурты “Самацветы”, “Прэм’ер-міністр”, спявачкі Валерыя, Людміла Руміна, іншыя папулярныя артысты.
Гасцінная Орша, без сумнення, пакінула ў сэрцы кожнага, хто тут пабываў на свяце, незабыўныя ўспаміны. Хочацца адзначыць і добрую арганізацыю паездкі гомельскай дэлегацыі на дажынкі з боку кіраўніцтва і спецыялістаў камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Гомельскага аблвыканкама.
 А эстафету правядзення “Дажынак-2009” пераняла Брэсцкая вобласць, дзе праз год сустрэнуцца ў Кобрыне сёлетнія і новыя пераможцы жніва.
Мікалай БЯЛЬКОВІЧ, спецыяльны карэспандэнт “Гомельскай праўды”
Гомель — Орша — Гомель

Экономика


20240419_091146.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать