Вверх


Лідэрам жніва кланяецца ў пояс збажына

373 0 11:54 / 30.07.2009


Учора кіраўніцтва вобласці павіншавала камбайнавыя экіпажы, першымі на Гомельшчыне намалаціўшыя тысячу тон збожжа новага ўраджаю.
Аляксандр Грань, камбайнер КСУП “Агракамбінат “Холмеч”, кажа, што за 19 гадоў працы на жніве не прыпомніць больш складаных умоў падчас уборкі збожжавых. Моцныя дажджы ўскладнілі працу, прыхо-дзіцца аператыўна вырашаць, дзе больш падсохла, каб пайшлі камбайны. І тым радасней першая працоўная перамога, якой дасягнулі холмечскія хлебаробы (па стану на ўчарашні дзень камбайнавы экіпаж Аляксандра Граня і Валянціна Саламахі намалаціў 1700 тон збожжа).
Павіншаваць іх з выдатнай працоўнай перамогай на поле ля аграгарадка Холмеч прыехаў учора старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Якабсон. Уручаючы перадавым камбайнерам каштоўныя падарункі і кветкі, губернатар выказаў упэўненасць, што яны не здадуць пазіцый на жніве і будуць прадстаўляць нашу вобласць на рэспубліканскім свяце “Дажынкі-2009” у Кобрыне.
Завітаў Аляксандр Якабсон і да камбайнераў КСУП “Чамярыскі” Брагінскага раёна. Тут таксама ўжо ёсць тысячнікі — такога выніку на жніве дасягнулі Ігар Салдаценка і Рыгор Галко. А вадзіцель грузавіка Рыгор Малочка перавёз намалочаную тысячу тон збожжа з поля на ток. Усім траім і выказаў словы падзякі за самаадданую працу кіраўнік вобласці (на здымку).
Віншавалі перадавікоў жніва абедзвюх названых гаспадарак таксама старшыні Рэчыцкага і Брагінскага райвыканкамаў Пётр Шостак і Аляксандр Ятчанка, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама Валянцін Бабок, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Леанід Барабанаў і старшыня абласной арганізацыі прафсаюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Мікалай Садчанка, кіраўнікі гаспадарак. А самадзейныя мастацкія калектывы ў гонар лідэраў жніва праспявалі песні аб роднай ніве, хлебе і надзеі на багаты сёлетні хлебны каравай.
Па аператыўнай інфармацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама, на раніцу 29 ліпеня на Гомельшчыне было скошана 53966 гектараў збожжавых і зернебабовых культур, што складае 16 працэнтаў ад задання. Намалочана 186141 тона збожжа, а сярэдняя ўраджайнасць складае 34,5 цэнтнера з гектара.
Мікалай Бяльковіч
Фота аўтара


0 Обсуждение Комментировать