Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Рукам працавітым шчодра аддзячыць матуля-зямля

1992 0 19:54 / 22.09.2009
Больш за 65 працаўнікоў Гомельшчыны атрымалі ўзнагароды на рэспубліканскіх дажынках.
Сёлетняе галоўнае свята хлебаробаў краіны ладзілася ў 13-ы раз. Напрыканцы мінулага тыдня ўдзельнікі рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2009” сабраліся на Брэстчыне, у старажытным Кобрыне. Райцэнтр з 722-гадовай гісторыяй сустрэў гасцей памаладзелым, абноўленым, дэманстраваў новабудоўлі, што з’явіліся напярэдадні святкавання дажынак.

Гасцінна сустракаў Кобрын і больш100 прадстаўнікоў Гомельшчыны, што прынялі ўдзел у фестывалі-кірмашы. У саставе дэлегацыі былі старшыня аблвыканкама Аляксандр Якабсон, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Гомельскай вобласці Ігар Пракапенка, адказныя супрацоўнікі дзяржаўных органаў кіравання, старшыні райвыканкамаў, дэпутаты беларускага парламента.
Першы дзень свята пачаўся па традыцыі святочным шэсцем дэлегацый, ганаровых гасцей і творчых калектываў па вуліцах Кобрына да віншавальнай сцэны на галоўнай плошчы горада. Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, і намеснік прэм’ер-міністра, старшыня аргкамітэта по правядзенню свята дажынак Іван Бамбіза абвяшчае яго адкрытым. А праз колькі хвілін герояў уборкі ўраджаю запрасілі на віншавальную сцэну. Сярод іх былі камбайнеры, вадзіцелі, трактарысты-машыністы, кіраўнікі гаспадарак, старшыні райвыканкамаў нашай вобласці, якія атрымалі ўзнагароды і каштоўныя падарункі — хатнія кінатэатры, халадзільнікі, камп’ютэры. Цырымонію ўзнагароджвання суправаджалі выступленні творчых калектываў, сярод якіх былі і ўдзельнікі цыркавой студыі “Арэна” з Мазыра. Ажно на дзевяць кіламетраў па вуліцах Кобрына расцягнуліся гандлёвыя рады, выставы народных майстроў і мастакоў. Завяршыўся першы дзень фестывалю-кірмашу адметным гала-канцэртам папулярных артыстаў беларускай эстрады і грандыёзным феерверкам.
Кульмінацыяй свята дажынак стаў суботні дзень, калі для ўшанавання лепшых хлебаробаў краіны прыбыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка. Звяртаючыся да пераможцаў сёлетняга жніва і ўсіх працаўнікоў сяла, Аляксандр Рыгоравіч адзначыў, што ў краіне сабраны дастойны ўраджай: валавы збор збожжа склаў больш за 9 мільёнаў тон. Хлеб ніколі не даецца лёгка, вось і сёлета надвор’е шмат разоў выпрабоўвала земляробаў. Але самаадданая праца дапамагла пераадолець цяжкасці і прынесла поспех. У ліку тых, хто пераўзышоў мільённы рубеж па намалоту збожжа, кіраўнік дзяржавы назваў і працаўнікоў Гомельшчыны. У КСУП “Агракамбінат “Холмеч” Рэчыцкага раёна атрымана рэкордная ўраджайнасць — 90 цэнтнераў з гектара, а старшы камбайнер гэтай гаспадаркі Валянцін Саламаха паказаў абсалютны рэкорд сёлетняга года — намалаціў 4675 тон збожжа. Прэзідэнт краіны з павагай адазваўся і аб маладых удзельніках жніва. У ліку іх і старшы камбайнер маладзёжнага экіпажа КСУП “Чамярыскі” Брагінскага раёна Міхаіл Салдаценка, які намалаціў 2256 тон збожжа. Станоўча ацаніў кіраўнік дзяржавы і поспехі механізатараў Гомельшчыны на нарыхтоўцы кармоў — вобласць выйшла на другое месца ў рэспубліцы.
Аляксандр Лукашэнка паставіў перад працаўнікамі сяла яшчэ больш напружаныя заданні і на будучы год — сабраць не менш за 10 мільёнаў тон збожжа. У бліжэй-шы час трэба паспяхова справіцца з уборкай бульбы, буракоў, як след падрыхтавацца да зімоўкі жывёлы, стварыўшы надзейны запас кармоў. Сельскагаспадарчыя арганізацыі павінны ў хуткім часе выйсці на самаакупнасць і рэнтабельную работу, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
І вось надышоў самы хвалюючы момант свята — ушанаванне абсалютных пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва. На віншавальную сцэну першым запрасілі прадстаўніка нашай вобласці Валянціна Саламаху, якому Прэзідэнт уручыў Ганаровы дыплом, камп’ютэр і грашовую прэмію ў памеры 9 мільёнаў рублёў.
Ганаровы дыплом і ключы ад легкавога аўтамабіля ГАЗ “Волга” атрымаў з рук Прэзідэнта старшы камбайнер КСУП “Чамярыскі” Брагінскага раёна Міхаіл Салдаценка — пераможца на жніве сярод маладзёжных экіпажаў. Віншаваў кіраўнік дзяржавы і галоўных аграномаў Фёдара Жырыкава (эксперыментальная база “Уваравічы” Буда-Кашалёўскага раёна), Мікалая Быкоўскага (калгас (ПСК) “50 год Кастрычніка” Рэчыцкага раёна), Сяргея Юрчанку (КСУП “Агракамбінат “Холмеч”). Яны атрымалі Ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі. Такімі ж узнагародамі адзначаны кіраўніком дзяржавы галоўныя інжынеры гаспадарак Валянцін Андрэенка (КСУП “Чамярыскі”), Міхаіл Пінжакоў (КСУП “Судкова” Хойніцкага раёна) і Андрэй Каваленка (КСУП “Агракамбінат “Холмеч”).
Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі ўручаны старшыням Добрушскага і Брагінскага райвыканкамаў Вользе Мохаравай і Аляксандру Ятчанку, начальнікам райсельгасхарчаў названых раёнаў Аляксандру Антановічу і Валянціну Хмелянку, дырэктару саўгаса-камбіната “Зара” Мазырскага раёна Уладзіміру Дворніку.
Лепшымі на нарыхтоўцы кармоў сярод механізатараў Гомельскай вобласці прызнаны Уладзімір Давідзюк (КСУП “Саўгас “Камуніст” Ельскага раёна), які атрымаў Ганаровы дыплом, камп’ютэр і грашовую прэмію
9 мільёнаў рублёў, а сярод кіраўнікоў гаспадарак — старшыня калгаса (СПК) “Урыцкае” Гомельскага раёна Мікалай Чэркас.
Выдатны настрой дарылі пераможцам і ўсім гасцям на свяце дажынак вядомыя беларускія мастацкія калектывы “Песняры”, “Сябры”, “Бяседа”, салісты Ірына Дарафеева, Іна Афанасьева, народны артыст Расіі Аляксандр Малінін і маладыя таленавітыя выканаўцы.
Ад’язджаючы з Кобрына, кожны ўдзельнік фестывалю-кірмашу адчуваў у сваім сэрцы высокі гонар за дзяржаву, якая з павагай ставіцца да хлебаробскай працы, ушаноўвае лепшых сельскіх працаўнікоў. Як прызнаваліся многія прадстаўнікі дэлегацыі нашай вобласці, атрымаць незабыўныя ўражанні ад паездкі на свята дажынак ім дапамагла і добрая арганізацыя мерапрыемства з боку супрацоўнікаў камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама.
Мікалай Бяльковіч,
спецыяльны карэспандэнт “Гомельскай праўды”
Гомель — Кобрын — Гомель
Экономика


20240419_091146.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать