Вверх


У сёлетнім маі прыёмная сям’я Краўчанка з Лоева заняла трэцяе месца у абласным конкурсе «Сям’я года»

1025 0 16:07 / 29.09.2016

Лаяўчане Наталля і Іван Краўчанка робяць усё, каб дом сямейнага тыпу поўніўся дабрынёй і клопатам. Дзесяць дзяцей адчулі цеплыню па-сапраўднаму бацькоўскага дома. У двары кранае сэрца бусліная кампазіцыя, ад яе кіруеш міма яркіх і ў гэтую восеньскую пару клумбаў з кветкамі. І паўсюль адчуваеш, з якім клопатам дарослых і дзяцей быў апрацаваны кожны лапік зямлі невялікага прысядзібнага ўчастка.






У верандзе — агромністы кош са шлёпанцамі розных памераў, і чысціня неймаверная. Дзівішся: столькі дзетак, а парадак наўкол ідэальны. Усмешлівая, гаваркая гаспадыня Наталля праводзіць мяне з загадчыкам сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорта і турызму Лоеўскага райвыканкама Вольгай Ігнаценка ў пакоі. Дзеліцца: дачушка Вольга старалася прыгатаваць смачны бісквітны рулет для сустрэчы, ды соды залішне сыпанула, перажывае.




— Я яе супакойвала, бо ўрэшце ўсё нядрэнна атрымалася. Але ж і радуе мяне гэта незаспакоенасць дзяўчынкі, імкненне да лепшага выніку. Яна ж у нас разумнічка, і вучыцца цудоўна, і дзюдо займаецца, перамагае ў спаборніцтвах як абласных, так і ў рэспубліканскіх. Мы Вользе за поспехі, за харошыя паводзіны завушнічкі купілі залатыя. Вунь ужо ў абноўцы сёння.


Сонейкам віецца наўкруг самая малодшая, пяцігадовая Вікуля, і ад гэтага здаецца яшчэ больш яркай і светлай прастора ўсяго дома. Дзяўчынка з двухгадовага ўзросту выхоўваецца ў гэтым сямейным доме, і вось толькі першы тыдзень як пачала хадзіць у садок. Падрыхтаваная да школы: умее чытаць, лічыць.


Дарэчы, ёсць у Краўчанкаў і старэйшая дачушка з такім іменем, яе ў сям’і завуць Вікай. Каб не блытаць. Пакуль чакаюць з садка, са школы яшчэ васьмярых дзетак, знаёмяць з іх дасягненнямі. Грамат, дыпломаў столькі, што зноўку трэба садзіцца ўсім сямействам за стол і вырабляць для іх рамачкі, як для фота. Ды і сцен, вольных ад розных уласнаручных рэчаў, вырабленых дзецьмі як упрыгожанне, ужо няма. Куды ні кінеш вокам — то карціна з ракавінак, то арыгінальная кампазіцыя з бісеру. А якія лялькі цудоўныя! “Ды гэта ж мы з маці!” — сцвярджае гаспадар, і ўсе мы залівіста рагочам. Лялькі і сапраўды такія, што не сорамна з імі і на кірмаш падацца!




Цікаўлюся, як усё пачыналася. Аказваецца, Наталля і Іван пасля катастрофы на ЧАЭС з’язджалі з Лоева на Віцебшчыну, і там мелі вопыт апякунскай, прыёмнай сям’і. У 2009-м вярнуліся на радзіму і заняліся дзіцячым домам сямейнага тыпу.


— Уласныя дзеці выраслі, дзякаваць лёсу, дастойнымі людзьмі, у іх саміх ужо сем’і. Таму мы, маючы пэўны вопыт выхавання, і ўзяліся з мужам за гэту справу, — дзеліцца бухгалтар па прафесіі Наталля. — Мо, нам і прасцей таму, што свае дарослыя, не па­трабуюць увагі, самі гатовы нам дапамагчы. Так што мы ўжо вывелі ў людзі адзін выпуск прыёмных дзяцей. Радуе, што яны не згубіліся ў жыцці, падтрымліваюць сувязі з намі. Алёна вучыцца на бібліятэкара ў Магілёве, Карына атрымала агранамічную адукацыю ў каледжы ў Калінкавічах і зараз нам раіць, як пазбавіцца ад падбярозкі на ўчастку. Віця, яе брат, таксама скончыў той жа каледж, механік. Папрацаваў галоўным інжынерам у сельгаспрадпрыемстве, а сёлета паступіў вучыцца на шахцёра. Маўляў, матэрыяльна не хачу залежыць ні ад каго! І гэта радуе.


Адразу Краўчанкі не планавалі, што зноў набіраючы выхаванцаў, прымуць аж дзесяць, але ж як разлучыш сясцёр, братоў? Весела гамоніць ці то дражніць нас папугай, вуркоча пральная машына, а я стараюся зафіксаваць на фота тых рабят, што паспелі прый­сці са школы. Прыступкі лесвіцы, якая вядзе на другі паверх дома, здольныя змясціць усіх. Праўда, Мікітавіч, галава сямейства, тэлемайстар, катэгарычна адмаўляецца, жартуе, што не фотагенічны. Як ні ўпрошвалі, не паддаўся.




Падымаемся ў дзіцячыя пакоі, дзе радуе адметны парадак, які ўсталяваўся сам сабою, з бацькоўскіх падказак: кожнай рэчы — сваё месца, чыста не там, дзе ўвесь час мятуць... Таму і касцюмчык васьмікласніка Колі, які толькі што прыбег са школы — на плечыках, а ложак засцелены ідэальна з самага ранку.


Хлопчыкі ў сям’і адказныя за чыстку санвузла, вынас смецця, дзяўчаткі задзейнічаны ў прыгатаванні ежы, мыцці посуду. Гэта ўжо не паддаецца абмеркаванню. Вельмі любяць юныя гаспадыні ладзіць святочныя вячэры ўсёй сям’і, калі ў каго дзень нараджэння ці проста дата на календары. А то проста асвоіць новы кулінарны шэдэўр.


Вольнага часу практычна няма: рабяты задзейнічаны ў гуртках, секцыях, удзельнічаюць у конкурсах, канцэртах, спаборніцтвах. Маргарыта, якая толькі што прыйшла дадому, вельмі артыстычная, вытанчаная натура. Любіць танцы, захоплена займаецца імі. Але, як падкрэсліваюць бацькі-выхавацелі, галоўны клопат — вучоба. Таму як толькі чарговы школьнік ступае ў хату, першае пытанне старэйшых: “Паказвай дзённік!”. Вось і пяцікласніцы Даша і Віка, якія сядзяць у школе за адной партай, парадавалі адзнакамі па гісторыі. Разам абмяркоўваюць поспех, радуюцца, што ўчарашнія вячэрнія заняткі далі рэзультат — 9. Бачна, як дзеці матывіраваны працаваць, бо за гэтым — іх будучыня. Прычым камп’ютар не стаў для іх ідалам, ад якога не адарвацца. Бацькі вызначылі пэўны час работы за ім кожнаму з рабят — як стымул заахвочвання за добрую вучобу.


— Мы пастаянна тлумачым: якасныя веды — магчымасць ажыццявіць у жыцці сваю мару, атрымаць прафесію па душы, — гаворыць Іван Мікітавіч. — Хлопчыкаў стараюся далучыць да тэхнічных, гаспадарчых ведаў і навыкаў, каб умелі сваімі рукамі адрамантаваць, зрабіць неабходнае ў хаце. Летам мы ўсе ездзілі ў аграгарадок Каўпень, дзе засталася хата маіх бацькоў, кавалак зямлі, садок. Вельмі старанна там працавалі, ды і фотасесіі ладзілі.


Прынамсі, як расказала Наталля, яны з мужам абсалютна не супраць кантактаў дзяцей са сваімі біялагічнымі бацькамі. Ды вось ці ёсць у тых імкненне хоць пабачыць, не кажучы ўжо падтрымаць сваю крывінку? Толькі бацька адной з дзяўчынак заходзіў... А ягоная жонка адбіла ахвоту дачцы нават па тэлефоне гутарыць. Бы заезджаная пласцінка тая маці колькі разоў на дні пыталася, тэлефануючы: “Як справы?” Бытта больш і не мае слоўнікавага запасу.


Ды хутка змоўкла: відаць, зноўку ў путах Бахуса ці якіх іншых... 


Наўмысна не называю прозві­шчаў дзяцей, бо сэрца заходзіцца болем ад усведамлення такой АБЫЯКАВАСЦІ іх самых блізкіх людзей. Добра, што ёсць выхавацелі з сапраўдным прызваннем, як Краўчанкі. што дзяржава падтрымлівае, лічачы сваім клопатам выправіць рабят, бы птушанят, у самастойнае жыццё, падрыхтаванымі да доўгіх дыстанцый і іспытаў. А яны, вельмі хочацца верыць у тое, прынясуць сваю аддачу краіне (і вельмі часта так і бывае). І можа нават большую, чым іншыя, выпеставаныя ў цяплічных умовах уласнымі бацькамі.



















0 Обсуждение Комментировать