Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Жыццё легендарнага земскага доктара Клумава звязана з Лоеўшчынай

3143 0 15:53 / 19.12.2016
На пачатку ХХ стагоддзя жыццё маскоўскага хірурга Яўгена Клумава было звязана з Лоеўшчынай.
Я.У.Клумаў і Г.М.Андрэева..jpg
Ён нарадзіўся ў снежні 1876 года ў сям’і маскоўскага адваката. Быў трэцім з сямі дзяцей. Усе Клумавы скончылі гімназію. Дзяўчаты — знакамітую прыватную жаночую гімназію Фішэр, дзе авалодалі нямецкай, французскай, лацінскай і грэчаскай мовамі, сыны Канстанцін, Яўген і Уладзімір — універсітэт.
Ужо ў гімназіі Яўген Клумаў дасканала авалодаў лацінскай і грэчаскай мовамі, ведаў на памяць «Іліяду» Гамера. Цікавасць да вывучэння моў у Клумава захавалася на ўсё жыццё. У свабодныя хвіліны ён удасканальваў веды ў нямецкай, французскай, а пазней і ў беларускай мовах.
Ад бацькоў Яўген пераняў захапленне музыкай і спевамі. Але не літаратура і не музыка былі сапраўдным прызваннем юнака. Пасля заканчэння 1-й Маскоўскай класічнай гімназіі ён паступіў на медыцынскі факультэт Маскоў­скага ўніверсітэта. Вучыўся паспяхова, але вымушаны быў перарваць вучобу — высылаўся з Масквы за ўдзел у студэнцкіх беспарадках.
У 1901 годзе Клумаў назаўсёды звязаў сваё жыццё з Галінай Мікалаеўнай Андрэевай, дачкой ганаровага міравога суддзі Масквы, пляменніцай пісьменніка Уладзіміра Караленкі. Галіне ў той час было дзевятнаццаць, Яўгену — дваццаць пяць. Вернасць адзін аднаму яны захавалі на ўсё жыццё.
Хірургічнае аддзяленне маскоўскай Нова-Ельніцкай бальніцы стала першым месцам яго працы. Калі пачалася руска-японская вайна, малады ўрач быў прызваны ў армію і накіраваны на Далёкі Усход. Служыў малодшым ардынатарам у дывізійным лазарэце, затым быў камандзіраваны ў крэпасць Уладзівасток. У франтавых умовах Клумаў суткамі прастойваў за аперацыйным сталом, выратоўваў параненых.
У красавіку 1906 года Клумава перавялі ў запас, і ён вярнуўся ў Маскву. Але жыццёвая пуцявіна зрабіла рэзкі паварот пастановай Мінскай губернскай управы — Яўген Ула­дзіміравіч быў прызначаны ўрачом Суткоў­скага земскага ўчастка Рэчыцкага павета, з 1 лютага 1907 года ён пачаў выконваць абавязкі земскага ўрача.
Ёсць меркаванні, што Клумава запрасіла ўладальніца Суткоўскай сядзібы Кацярына Бараноўская, старэйшая сястра маскоўскіх кнігавыдаўцоў Міхаіла і Сяргея Сабашнікавых, яго сяброў дзяцінства. Але, верагодна, вырашальным у гэтым выбары стала імкненне дапамагаць простым людзям, якія ў тыя часы часта былі пазбаўлены элементарнай медыцынскай дапамогі.
Працаваць у Суткове давялося ў вельмі складаных умовах. Участак абслугоўваў каля 30 тысяч жыхароў Холмецкай, Лоеўскай і Ручаёўскай валасцей Рэчыцкага павета. Бальніца на 10 ложкаў змяшчалася ў маленькім памяшканні, непрыстасаваным для лячэння хворых, не гаворачы ўжо пра аперацыі. Але Клумаў, які меў талент хірурга, лячыў і хваробы сэрца, і сухоты, вырываў зубы і прымаў роды.
Вядома, што ў 1910 годзе Клумаў зрабіў 65 аперацый, у 1911-м — 142, у 1912-м — 145. Але рашаўся на складаныя аперацыі толькі тады, калі не было іншых сродкаў выратаваць чалавечае жыццё. Па звестках яго пляменніка Мазалеўскага, таленавіты хірург прааперыраваў у 1913 годзе студэнта з раненнем жалудачка сэр­ца: юнак хацеў пакончыць самагубствам з-за рэўнасці. Студэнт застаўся жыць. Падчас гэтай аперацыі Клумаў трымаў у руках пульсуючае сэрца студэнта. Народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін, бываючы на Лоеў­шчыне, неаднаразова чуў ад мясцовых жыхароў аповяды пра жыццё і подзвіг доктара. Верагодна, самаадданая праца Клумава і яго жыццё паслужылі асновай для напісання вобраза док­тара Савіча ў рамане «Сэрца на далоні».

Падчас аперацыі Клумаў трымаў у руках пульсуючае сэрца студэнта.

У 1910 годзе на тэрыторыі Расійскай імперыі ўспыхнула эпідэмія халеры, на барацьбу з якой кінулі ўсе сілы, былі створаны спецыяльныя санітарныя атрады. У журнале Рэчыцкай павятовай управы па справах земскай гаспадаркі ад 18 снежня 1910 года пазначана, што Яўген Клумаў «энергично действовал в борьбе с холерой на своем участке, благодаря чему при многих холерных заболеваниях не дал холере разрастись на участке до массовой эпидемии». Урач і земскі фельчар Суткоўскага ўчастка Міхаіл Шанько, які актыўна дапамагаў Клумаву ў барацьбе з эпідэміяй, былі прадстаўлены да ўзнагароды ордэнам Святога Станіслава III ступені.
Колькасць хворых, якія імкнуліся лячыцца ў Клумава, пастаянна расла. У справаздачы аб стане ўрачэбнай дапамогі насельніцтву па Суткоўскім участку за 1911 год, складзенай доктарам, пазначана, што за год зарэгістравана 26 384 звароты, 207 чалавек праходзілі лячэнне ў стацыянары Суткоўскай земскай бальніцы (з іх 8 памерлі), амбулаторнае лячэнне было аказана 26 177. З раніцы да ночы каля бальніцы стаялі чэргі хворых, каб патрапіць на прыём да доктара. Ён і сам адклікаўся на кожны выклік, за 8 гадоў працы на Лоеўшчыне абхадзіў пешшу і аб’ездзіў на кані ўсе навакольныя вёскі.
1 жніўня 1913 года Клумаў прызначаны земскім урачом Лоеўскага ўчастка Рэчыцкага павета. Участак меў магчымасць абслугоўваць большую колькасць пацыентаў, чым Суткоўскі, у бальніцы мелася хірургічнае, гінекалагічнае, інфекцыйнае, тэрапеўтычнае аддзяленні і лабараторыі. Але новы паварот лёсу... Вайна, на гэты раз Першая сусветная, зноў паклікала Клумава да армейскага аперацыйнага стала. За выдатную службу ў шпіталі Чырвонага Крыжа ў Мінску доктар быў узнагароджаны ордэнам Святой Ганны III ступені. А ў пачатку 1916 года быў узведзены ў чын тытулярнага саветніка.
На фронце Яўген Уладзіміравіч сустрэў Лютаўскую, затым Кастрычніцкую рэвалюцыі. Нягледзячы на пастанову Савета народных камісараў, па якой загадчыкі хірургічных аддзяленняў бальніц вызваляліся ад мабілізацыі, Клумаў зноў прызваны ў армію і служыў старшым хірургам у палявых шпіталях пад Смаленскам, Талачыном, Барысавам. Пасля запыту Мінскай губернскай бальніцы ў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт і Камісарыят аховы здароўя Клумаў, адзіны хірург-гінеколаг у штаце бальніцы, вяртаецца ў Мінск.
У 1920 годзе ён узначаліў хірургічнае аддзяленне 1-й Савецкай бальніцы сталіцы, дзе прайшоў шлях ад хірурга да прафесара медыцыны. Быў актыўным членам камісіі па адкрыцці першай вышэйшай навучальнай установы ў рэспубліцы — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Клумавы не змаглі эвакуіравацца ў тыл і вымушаны былі застацца ў Мінску. 64-гадовы Яўген Уладзіміравіч становіцца актыўным удзельнікам Мінскага антыфашысцкага падполля пад псеўданімам Самарын. Працуючы ўрачом 1-й клінічнай бальніцы, актыўна садзейнічаў народным мсціўцам, з яго дапамогай у партызанскія атрады былі перапраўлены сотні чалавек. Урач лячыў параненых партызан, хаваў мясцовых жыхароў, перадаваў медыкаменты.
На працягу двух гадоў дзейнічалі медыкі-падпольшчыкі пад кіраўніцтвам «таварыша Самарына». Аднак восенню 1943 года Клумаў і яго жонка былі схоплены гестапаўцамі. Гітлераўцы прапанавалі працаваць на іх, але зламаць моцнага духам доктара не змаглі. Яўген Уладзіміравіч і ў турме заставаўся верным свайму абавязку: аказваў медыцынскую дапамогу вязням, лячыў хворых на тыф.
У лютым 1944 года Яўген Уладзіміравіч і Галіна Мікалаеўна Клумавы загінулі ў аўтамабілі-душагубцы па дарозе ў лагер Малы Трасцянец.
Ужо пасля вайны, у 1965 годзе, Яўгену Уладзіміравічу Клумаву было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У Мінску яго імем названа 3-я клінічная бальніца, а таксама вуліца, на якой ён жыў, і завулак, што знаходзяцца ў Партызанскім раёне. Сучасныя паслядоўнікі выдатнага хірурга і патрыёта кожны год у дзень нараджэння Клумава прыносяць клятву на вернасць абранай прафесіі і Радзіме — клятву клумаўцаў.
Бадай нідзе і ніколі Яўген Уладзіміравіч не адчуваў сябе такім патрэбным людзям, як на Лоеўшчыне. Асабліва вялікае задавальненне прыносілі шчырыя гутаркі з «дзядамі», як ён называў старых сялян краю. Часта ён узрушана казаў: «Ну як можна не любіць беларусаў? Як можна быць абыякавым да іх пасталоў, кажухоў з латкамі, да іх гаротнага лёсу? Высакародныя, сумленныя людзі, шчырыя працаўнікі... Яны маюць права на лепшае жыццё, і мы павінны дапамагчы ім у гэтым». Яўген Уладзіміравіч дапамагаў чым мог.
Ён быў у захапленні ад нашых дняпроўскіх краявідаў. Паходы ў лес і збіранне грыбоў лічыў найлепшым адпачынкам.
Будынак шпіталя і кватэра, дзе жыў і працаваў доктар, пабудаваныя ў 700 метрах ад сядзібы Бараноўскіх, на жаль, не захаваліся. Але па ініцыятыве жыхароў вёсак Пярэдзелка і Суткова плануецца ўсталяваць на будынку Пярэдзелкаўскай амбулаторыі медыцынскай практыкі памятную дошку ў гонар прафесара.
Фото Фота з музейнага архіва
Общество


20240419_091146.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать