Вверх


135 гадоў таму нарадзіўся народны паэт Беларусі Янка Купала

420 0 09:37 / 07.07.2017
Нарадзіўся Янка Купала (Іван Луцэвіч) ў вёсцы Вязынка Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і збяднелых беларускіх шляхцічаў — Дамініка Ануфрыевіча і Бянігны Іванаўны (Валасевіч), якія арэндавалі зямлю ў памешчыкаў.


У 1972 годзе ў Вязынцы была рэстаўравана хата, у якой нарадзіўся паэт, створана новая музейная экспазіцыя, якая мадэрнізавана ў 2012 годзе: узноўлены інтэр’ер пакояў 1881-1883 гадоў.


Музейны філіял у вёсцы Яхімоўшчына распавядае пра пачатак творчасці паэта. У 1906-1907 годзе Іван Луцэвіч працаваў тут памочнікам вінакура на бровары пана Любанскага.


У цяперашняй вёсцы Харужанцы Лагойскага раёна, дзе паэт напісаў больш 80 значных твораў, таксама створаны філіял “Акопы”. Бянігна Іванаўна арэндавала тут зямлю на тагачасным хутары Міхалішкі. Ён згадваецца ў знакамітай купалаўскай “Паўлінцы”.


На Аршаншчыне таксама ёсць мемарыяльны запаведнік — музейны філіял “Ляўкі”. Летам 1935 года Янка Купала жыў тут у сям’і копыскага ляснічага М. І. Шыманскага, пакуль будавалася (адпаведна ўрадавай пастанове) дача. У час Вялікай Айчыннай вайны яна згарэла і была адноўлена ў 1981 годзе. У 2015 годзе тут створана новая дакументальная экспазіцыя “Госці”. Ёсць і гараж, у якім экспануецца машына “Шэўрале”, — яе паэту ў 1939 годзе падараваў урад БССР.


Як бачым, памяць нацыянальнага паэта ўганаравана. І кожны, каму дорага купалаўская спадчына можа павандраваць яго любімымі мясцінамі па Беларусі, пабываць у літаратурных музеях.


Шмат мерапрыемстваў праходзіць у Беларусі ў гэтыя дні, прымеркаваных юбілею Янкі Купалы — самага знакавага паэта, які заявіў свету ў вершы “ Я мужык-беларус” пра адметнасць свайго народа: “пан сахі і касы, цёмен сам, белы вус, пядзі дзве валасы...” У вершы “А хто там ідзе?” Янка Купала годна перадаў нескароны дух свайго церпялівага народа: “А чаго ж, чаго захацелася ім, пагарджаным век ім, сляпым, глухім? — Людзьмі звацца!”


Найменне “Пясняр” і сапраўды увасобілася ў жыцці, у асобе Купалы і яно не перакладаецца на ні адну з іншых моў. Пясняр — выразнік думак і перажыванняў свайго народа.


Давайце ўсе мы звернемся да купалаўскай спадчыны, перачытаем свайго нацыянальнага паэта-класіка, каб не забываць: “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына, паміж сваіх і чужакоў яна нам ласкай матчынай...”






0 Обсуждение Комментировать