Вверх



Да 75-годдзя трагедыі беларускай вёскі Хатынь на Лагойшчыне

1723 0 12:42 / 14.03.2018

«Люди добрые, помните: любили мы жизнь и Родину нашу, и Вас, дорогие. Мы сгорели живыми в огне. Наша просьба ко всем: пусть скорбь и печаль обратятся в мужество ваше и силу, чтобы смогли вы утвердить навечно мир и покой на Земле. Чтобы отныне нигде и никогда в вихре пожаров жизнь не умирала!».


Такі сімвалічны запавет усім нам, хто жыве на белым свеце, пакінуты на мармуровай пліце мемарыяла спаленай фашыстамі і іх паслугачамі — украінскімі паліцаямі— вёскі Хатынь. Як жа актуальны ён сёння, калі ў розных часцінах свету адбываюцца ваенныя канфлікты, губяцца чалавечыя жыцці, і катастрафічна хутка магнаты розных стасункаў нарошчваюць зброю, выношваюць свае планы сусветнага панавання.


...Раніцай 22 сакавіка 1943 года ў шасці кіламетрах ад Хатыні народныя мсціўцы абстралялі нямецкую аўтакалону, забілі іх афіцэра. Ніхто ў вёсцы пра гэта не ведаў і не здолеў уратавацца ад расплаты.


Ізуверы сагналі хатынцаў у калгасны хлеў. Тых, хто спрабаваў збегчы, расстрэльвалі на месцы.Сярод нявольнікаў былі і шматдзетныя бацькі з дзецьмі — Іосіф і Ганна Бараноўскія з 9 сынамі і дочкамі, Аляксандр і Аляксандра Навіцкія з сям’ю сваімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Хлеў з людзьмі — 149 жыхарамі Хатыні, 75 дзеткамі ва ўзросце менш чым 16 гадоў, абкідалі саломай, аблілі бензінам і падпалілі. Тых, хто здолеў, ахоплены полымем, вырвацца, калі рухнулі дзверы, варвары расстрэльвалі з кулямётаў. Потым яны поўнасцю дапалілі вёску.


Толькі цудам засталіся ў жывых 7-гадовы Віця Жалабковіч і 12-гадовы Антон Бараноўскі. Віця, паранены ў руку, праляжаў пад трупам маці, пакуль акупанты не пакінулі вёску. Антона, параненага ў нагу, карнікі палічылі забітым... Хлопчыкаў падабралі і паствілі на ногі жыхары суседніх вёсак.


З дарослых выжыў жудасна абпалены агнём 56-гадовы каваль Іосіф Камінскі. Паранены, ён прыйшоў у свядомасць позняй ноччу, калі варвары з’ехалі. Сярод згарэўшых землякоў Камінскі знайшоў цяжка параненага і абпаленага сына. Хлопчык памёр у яго на руках.


Бацька і сын Камінскія сталі прататыпамі помніка мемарыяльнага комплексу «Хатынь» у Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Ён створаны ў знак светлай памяці кожнага трэцяга беларуса, загінуўшага ў Вялікую Айчынную вайну, спаленых гітлераўцмі і іх паслугачамі вёсак. Скульптар, народны мастак БССР С. Селіханаў і калектыў архітэктараў у складзе Ю. Градава, В. Занковіча, Л. Левіна стварылі гэты помнік на стагоддзі. Адкрыццё комплекса адбылося 5 ліпеня 1969 года.


Аўтару гэтых радкоў давялося яшчэ заспець пабачыць Іосіфа Камінскага. Помніцца, як гэты высокі белавалосы, састарэлы ад перажытага, чалавек выйшаў з-за помніка — свайго мармуровага двайніка з маленькім сынам на руках — каб сведчыць люду пра зверствы, учыненыя над яго землякамі. Ён плакаў. Плакалі і ўсе прысутныя з розных рэгіёнаў рэспублікі: у Беларусі разам з жыхарамі спалена 628 вёсак, 186 з іх так і не аднавіліся пасля вайны.


У гэтым горкім спісе і вёска Ала на Гомельшчыне. Тут толькі за адзін дзень 14 студзеня 1944 года карнікі спалілі 1758 мірных жыхароў, у тым ліку 950 дзетак! Ці ж такое можна дараваць і забыць? Штогод у дату трагедыі жыхары Жлобінскага і Светлагорскага раёнаў праводзяць ля памятных знакаў былой вёскі памінальныя мерапрыемствы.


Таленавітая мастацкая стужка расійскага рэжысёра Элема Клімава «Иди и смотри», створаная па «Хатынскай аповесці» беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча — выдатнейшы кінапомнік перажытай народам трагедыі. Варта абавязкова зноў шырока паказаць гэты неверагодна праўдзівы фільм не толькі ў Беларусі.


0 Обсуждение Комментировать
Загрузка...