Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Год 1918: хронікі Гомеля. Пачатак нямецкай акупацыі

3773 0 21:49 / 20.03.2018
Гомель у 1918 годзе нагадваў пярэстую карціну: у горад увайшлі тры тысячы кайзераўскіх салдат, а прафсаюзы святкавалі дзень Першага мая, бежанцы ратаваліся ад голаду, а Леанід Уцёсаў выступаў з куплетамі ў клубе-тэатры.
Нямецкія жаўнеры на вакзальнай плошчы Гомеля 1918 г.прадстаўлена Ю. Панковым.JPG
Эвакуацыя і грамадскія патрулі
18 лютага 1918 года пасля катэгарычнай адмовы Льва Троцкага прыняць прапановы германскага блока аб умовах сепаратнага міру савецка-нямецкія перамовы ў Брэсце былі парушаны. Адначасова на франты быў адпраўлены загад Троцкага аб роспуску старой арміі.
Неўзабаве гомельскія Лібава-Роменскі і Палескі вакзалы патанулі ў хвалі армейцаў, за якімі ў гомельска-бранскім напрамку імкліва рухаўся 41-ы рэзервовы пяхотны нямецкі корпус. У Гомелі тым часам знаходзіўся значны кантынгент яшчэ расійскай арміі, які з пачаткам нямецкага наступлення быў абвешчаны чырвонаармейскім. У дадатак сюды прыбылі аддзелы «Першага рэвалюцыйнага палка імя Мінскага савета» на чале з Рэйнгольдам Берзіным. Пад Гомелем полк атрымаў істотнае інтэрнацыянальнае папаўненне — Асобны кітайскі батальён у 1200 чалавек, сфарміраваны з рабочых-лесанарыхтоўшчыкаў, якія былі завербаваны тылавымі службамі Заходняга фронту расійскай арміі яшчэ ў 1915 годзе і працавалі на Беларускім Палессі. Не маючы магчымасці вярнуцца на радзіму пасля 1917-га, ўсходнія «гастарбайтары» ў масе пайшлі служыць у вайсковыя фарміраванні бальшавікоў. Яшчэ ў самым пачатку падзей выканкам Гомельскага Савета на чале з Рыгорам Ляплеўскім аператыўна выпусціў пастанову аб пакаранні за распаўсюджанне «правакацыйных» чутак пра нямецкае набліжэнне. Аднак вечарам 21 лютага, адчуваючы поўную бескантрольнасць над сітуацыяй, члены Палескага камітэта РКП(б) і выканкам Гомельскага Савета пачалі тэрмінова эвакуіравацца з горада. Вядомы гомельскі грамадскі дзеяч Іосіф Бабарыкін успамінаў, што выканкамаўцы запрасілі да сябе ў палац Паскевічаў прадстаўнікоў фракцый гарадской думы і даручылі кіраванне горада «думскаму камітэту». «Затым пачалася эвакуацыя. Сталі вывозіць з казначэйства грошы. Кіраваў Ланге, ваенны камісар горада. Сабраўся значны натоўп, які вельмі незадаволена глядзеў, як выносяць грошы. Аднак была ўзброеная ахова. Думскі камітэт атрымаў ад Ляплеўскага асігновак тысяч 300 і мандат, дзе было выказана, што камітэту даручаецца весці справы горада на час адсутнасці выканкама саветаў».
Амаль тыдзень Гомельскае самакіраванне намагалася ўтры­маць горад ад спаўзання ў хаос. Ужо падчас эвакуацыі бальшавіцкіх уладаў узнікла сур’ёзная пагроза крыміналу і пагромаў. Пакідаючы цэнтр, група чырвонаармейцаў кінула бомбу ў рэстаран гатэля «Савой», якая «развараціла залу, забіла трох і параніла
12 чалавек». Пачалося рабаўніцтва магазінаў і заможных яўрэйскіх дамоў на Румянцаўскай і Замкавай. Па ўсяму гораду стаяла страляніна. І хаця на вуліцах абышлося без чалавечых ахвяр, яўрэйскае насельніцтва мусіла хавацца і тэрмінова ствараць групы самаабароны, якія нала­джвалі супрацьдзеянне бясчын­ствам і неслі варту ўдзень і ўноч.
Адначасова з добраахвотнікаў, у тым ліку навучэнцаў-гімназістаў, пад кіраўніцтвам гарадской управы пачалося стварэнне грамадскіх патрулёў, а адзнакай «новай міліцыі» становяцца белыя павязкі на рукавах.
Дывізія Вагнера
1 сакавіка 1918 года каля сямі гадзін вечара на гомельскім пасажырскім вакзале высадзіліся першыя немцы, следам прыбыў бліндзіраваны цягнік, затым вялікі атрад кавалерыі і артылерыі. Гэта былі часці 35-й нямецкай дывізіі пад камандаваннем маёра Вагнера. Берзін тэлеграфаваў у штаб, што здаў горад з боем, але, як паведамляла прэса суседняга Чарнігава па свежых слядах, «адпаведна фактычным дадзеным, і немцы, і бальшавікі ў момант заняцця і здачы Гомеля далі толькі па аднаму гарматнаму стрэлу».
На працягу некалькіх дзён у раёне ўздоўж лініі Калінкавічы — Гомель размясціўся ваенны кантынгент 216-й палявой брыгады. Германскія часці былі пастаўлены на лініі рака Уза — Чыстыя Лужы — Яроміна — Ларышча — Крупец — Валковічы, а размежаванне акупаванай і савецкай тэрыторый усталявалася па рацэ і станцыі Уза. Да 17 сакавіка штаб 35-й дывізіі знаходзіўся ў Гомелі ў палацы І. Паскевіч, а затым быў перамешчаны ў Мазыр. Усяго ў горадзе размясцілася каля трох тысяч кайзераўскіх салдат.
2 сакавіка адбылася сустрэча маёра Вагнера са старшынёй Гомельскай думы Пятром Багданавым і гарадскім галавой Іосіфам Бабарыкіным, на якой было заяўлена, што пры падтрыманні мясцовым насельніцтвам парадку і адсутнасці сутычак з нямецкімі жаўнерамі насельніцтву гарантуецца поўная бяспека. Усе цывільныя ўстановы павінны працягваць працу ў звычайным рэжыме, за выключэннем пошты, тэлеграфа і тэлефоннай станцыі, дзей­насць якіх прыпынялася на некалькі дзён. Адказнасць за парадак у горадзе ўскладалася на думу.
Пасля сустрэчы на вуліцах Гомеля з’явілася аб’ява: «Грама­дзяне г. Гомеля абавязаны даставіць ва ўпраўленне Гомельскай гарадской міліцыі (Баярская № 2)
ўсю зброю, якую яны маюць, ручныя гранаты і ваенную амуніцыю для перадачы германскім акупацыйным уладам... Чыны міліцыі і вулічныя камітэты начной самааховы захоўваюць права на нашэнне зброі і набываюць адпаведнае пасведчанне. Гомельская гарадская ўправа. Ваенны камендант г. Гомеля Вагнер, маёр і камандзір палка».
Па прызнанні мемуарыста, немцы выдатна ведалі, што ў горадзе і наваколлі засталося шмат бальшавікоў і іх прыхільнікаў, але аблавы на іх не праводзіліся. Больш за тое, левыя здолелі арганізаваць некалькі палітычных акцый, як, напрыклад, даволі шматлюднае пахаванне
3 сакавіка некалькіх загінуўшых пры адступленні чырвонаармейцаў, падчас якога быў наладжаны мітынг на Саборнай плошчы. Немцы не ўмяшаліся ў сітуацыю, абмежаваліся расстаноўкай патрулёў абапал плошчы. Па заяўцы Цэнтральнага гарадскога бюро прафсаюзаў адбылося святкаванне Першага мая з дэманстрацыяй, на якой прагучалі асобныя заклікі да змагання супраць акупантаў. Праўда, сход з дакладам аб задачах барацьбы давялося ладзіць на могілках.
Камендатуры і штрафы
Галоўнай мэтай нямецкіх фарміраванняў было найперш забеспячэнне рэжыму іх уласнай бяспекі на тэрыторыі, якая ў адпаведнасці з умовамі падпісанага 3 сакавіка Брэсцкага міру лічылася часова занятай да выплаты Савецкай Расіяй грашовай кантрыбуцыі Германіі.
Нямецкія камендатуры ўзялі на сябе жандармскія і гаспадарча-мабілізацыйныя функцыі ў прыдэмаркацыйнай зоне. У верасні ў Рэчыцкім павеце была выкрыта падрыхтоўка да ўзброенага паўстання. Частку змоўшчыкаў камендатура здолела арыштаваць, астатнія схаваліся ў навакольных лясах. За нявыдачу іх немцамі была накладзена кантрыбуцыя, а да часу выплаты ўзяты 20 закладнікаў. Пазней трох удзельнікаў партызанскага атрада павесілі на плошчы ў Рэчыцы. Калі ў ліпені 1918 года ў ваколіцах Гомеля быў абстраляны ваенны цягнік, камендатура аштрафавала горад на 100 тысяч рублёў, пасля хадайніцтва Гомельскай думы штраф быў паменшаны на 25 тысяч.
На вуліцах Гомеля і іншых населеных пунктаў з’явіліся нямецкія патрулі, пільнай ахове падлягалі вакзалы і станцыі, масты і аб’екты сувязі, чыгуначныя лініі. Вясковае насельніцтва «глядзела воўкам» на акупантаў з-за рэквізіцый прадуктаў і фуражу па цэнах, якія ўстанаўліваліся немцамі, а таксама з-за патрабаванняў вярнуць раскрадзеную сялянамі маёмасць уладальнікам маёнткаў.
У першы ж дзень заняцця горада насельніцтву было загадана неадкладна здаць зброю і боепрыпасы. На працягу года акупацыі гэты загад паўтараўся некалькі разоў з вызначэннем крайніх тэрмінаў і пагрозамі перайсці да самых жорсткіх пакаранняў, але мэта так і не была дасягнута.
Бежанцы і гандаль
Варта адзначыць, што так званая дэмаркацыйная мяжа паміж акупаванай нямецкай і савецкай тэрыторыямі засталася амаль умоўнай і не спыніла камунікацый. Апошні нямецкі гарнізон стаяў на чыгуначным раз’ездзе каля Касцюкоўкі. Але тут, па сведчанні гомельскага рэўкамаўца Давіда Цырліна, рух ні на адзін дзень не спыняўся ні ў адзін, ні ў другі бок.
У акупаваную зону пацягнуліся новыя хвалі бежанцаў з падсавецкай тэрыторыі, якія ратаваліся ад голаду, эпідэмій і чырвонага тэрору. Вярнулася спачатку ў Кіеў, а затым у свой гомельскі палац княгіня Ірына Паскевіч. Прыехаў на радзіму пад Свяцілавічы генерал Сямён Язерскі — бацька будучага гомельскага камунара Мікалая Білецкага. Вярнуліся многія мясцовыя навучэнцы сталічных універсітэтаў.
30 чэрвеня ў Гомелі памёр ад тыфу, не даехаўшы да Кіева, выдатны этнограф і антраполаг, прафесар Сарбоны і Пецярбургскага ўніверсітэта Фёдар Воўк.
Сотні бежанцаў спадзяваліся праз акупаваныя тэрыторыі вярнуцца ў Заходнюю Беларусь, Украіну, Польшчу і Літву. Гомельскі гарадскі галава дакладаў летам 1918 года ў Кіеў: «Бежанцы прыбываюць вялікімі партыямі і даволі працяглы час застаюцца ў Гомелі, таму што нямецкія ўлады адпраўляюць бежанцаў далей у парадку строгай паслядоўнасці».
Наогул жа, як адзначалі сведкі, жыццё ў Гомелі даволі хутка стала вяртацца да дарэвалюцыйных узораў. Прадпрыемствы былі перададзены ў рукі старых уладальнікаў і аднавілі дзейнасць. У знакамітым кафэ Нікіфарава на Румянцаўскай не было вольных месцаў, а ў мясцовым мастацкім клубе-тэатры з вялікім поспехам выступаў Леанід Уцёсаў, чые куплеты «Эх, яблочко, куда ты котишься, в руки немцев попадёшь — не воротишься», а таксама пра грабежніцкія планы Германіі адносна Украіны зрывалі авацыі.
Быў вернуты рэгулярны пасажырскі рух па чыгунцы. Нарастанне гандлёвых патокаў паміж раёнамі Украіны і Беларусі, а таксама каласальныя кантрабандныя аперацыі з савецкай тэрыторыяй прывялі да з’яўлення ў Гомелі мытні. Праўда, даволі заблытаным аказаўся фінансавы рынак: тут мелі хаджэнне і мікалаеўскія рублі, і керанкі, і ўкраінскія карбованцы, і нямецкія маркі, якія цаніліся найбольш.
Пасля таго, што адбылося ў часы Другой сусветнай вайны, цяжка ўявіць, але германскія вайскоўцы найбольш актыўна кантактавалі з мясцовым яўрэйскім насельніцтвам, карыстаючыся блізкасцю нямецкай мовы да ідышу. Афіцэры корпусу ўсталявалі цёплыя адносіны з рэспектабельнымі гомельскімі яўрэйскімі сем’ямі і гасцявалі ў іх дамах.
карта Гомель нямецкая 1918 г. Прадстаўлена В. Волкавай (1).jpg
Матэрыял складзены на аснове матэрыялаў з архіваў Мінска, Гомеля, Кіева і Чарнігава, газеты «Черниговский край», кнігі І. Такоевай «Гомельская губерния. Как всё начиналось». Аўтар выказвае асобую падзяку даследчыкам Вользе Волкавай (Мінск) і Юрыю Панкову (Гомель).
Общество


20240419_091146.jpg
Гомельгосплемпредприятие.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать