Вверх


Прыступка ў вялікі спорт

786 0 16:16 / 23.11.2011
Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа гомельскіх шкловараў — адна з лепшых
у вобласці.

У адкрытым акцыянерным таварыстве «Гомельшкло» шмат увагі надаецца развіццю фізічнай культуры і спорту, пабудаваны сучасны спартыўна-аздараўленчы комплекс. Добрую славу заводу прыносяць выхаванцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.

Створаная ў 1994 годзе, ДЮСШ мае ўжо даволі сталыя традыцыі. На 6 аддзяленнях рознымі відамі спорту займаюцца 406 чалавек, якіх выхоўваюць 14 трэнераў. Вучэбна-трэніровачныя заняткі праходзяць у завадскім спорткомплексе, а таксама ў спартыўных залах дзвюх мясцовых школ.

Як адзначае дырэктар ДЮСШ Уладзімір Паеўскі, самы вядомы від спорту ў Касцюкоўцы — грэка-рымская барацьба. Штогод па ёй у спартыўна-аздараўленчым комплексе праводзіцца міжнародны юнацкі турнір на прызы заслужанага майстра спорту Рэспублікі Беларусь, неаднаразовага прызёра чэмпіянатаў Еўропы і свету, удзельніка дзвюх Алімпіяд Уладзіміра Капытава. Турнір збірае барцоў з Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы, Латвіі, Малдовы, Румыніі. Трэніруюць мясцовую каманду Аляксандр Варывода, Уладзімір Капытаў, Павел і Дзмітрый Клеменцавы.



Добрыя вынікі на спаборніцтвах рознага ўзроўню паказваюць плаўцы. Самы малады і перспектыўны від у ДЮСШ пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Гомельшкло» — цяжкая атлетыка.

Дарэчы, у гэтым годзе выхаванец школы, а зараз вучань Бабруйскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Арцём Шагаў стаў сярэбраным прызёрам юнацкага чэмпіянату Еўропы сярод спартсменаў да 17 гадоў. Малады атлет не перастае здзіўляць сваімі дасягненнямі. Ён бярэ ўдзел нават у спаборніцтвах і турнірах сярод дарослых.

Запатрабаваныя сярод дзяцей гомельскіх шкловараў аддзяленні лёгкай атлетыкі, валейбола і футбола. Зараз 9 выхаванцаў ДЮСШ уваходзяць у склад нацыянальных зборных каманд па сваіх відах спорту.
Ужо некалькі гадоў запар завадская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа лічыцца адной з лепшых у вобласці. У аглядзе-конкурсе сярод ДЮСШ па выніках работы ў 2010 годзе, які быў арганізаваны абласным спартыўным клубам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, яна заняла першае месца. Пад канец бягучага года з добрым вынікам на фінішную прамую выйшлі барцы. Каманда стала пераможцам абласной спартакіяды сярод ДЮСШ, а на першынстве рэспублікі заняла трэцяе месца, саступіўшы чэмпіёну толькі два ачкі.
Фото аўтара

0 Обсуждение Комментировать