Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Мары і мэты Марыі Булавінскай

12902 20 05:07 / 24.01.2013

Новыя факты з жыцця шляхцічаў Лісоўскіх, пра якіх практычна не было звестак, знайшла ў Польшчы даследчыца з Гомеля.

Таямніцы мінулага, якія вабілі ў дзяцінстве, з цягам часу захаплялі яе ўсё мацней. Урэшце гісторыя Беларусі стала для яе справай жыцця.

Блуканне па лабірынтах свайго радаводу

Напачатку было слова. Дакладней, шмат слоў. Калі Марыя была яшчэ маленькай, бацька распавядаў ёй пра гісторыю сям’і. Пра тое, што раней іх прозвішча гучала інакш — Белавінскія, і нібыта паходзіла ад словазлучэння “белае віно”. — Тата казаў, што прадстаўнікі нашага роду выраблялі белае віно для вайскоўцаў, — смяецца Марыя.— Ён расказваў пра Аршанскую бітву, гаварыў, што, магчыма, продкі ўдзельнічалі ў ёй. Зрэшты, ён мяне расчароўваў, бо праз нейкі час я чула ад яго зусім іншыя гісторыі. Але ж, нягледзячы на тое, што кожны раз баць­ка знаходзіў усё новыя аповеды пра іх род (а можа, наадварот, дзякуючы таму), цікавасць дзяўчынкі да мінуўшчыны толькі павялічвалася. Неўзабаве яна пачала захапляцца раманамі Ўладзіміра Караткевіча, з задавальненнем глядзець дакументальныя фільмы і перадачы на гістарычную тэматыку. — Памятую, на тэлебачанні ішлі такія перадачы, як “Наша спадчына” Алега Лукашэвіча, “Адкрыты архіў” Аляксандра Матафонава, “Падарожжы дылетанта” ды іншыя. У старэйшых класах захаплялася перадачай Матафонава “Лабірынты”, дзе ў першых серыях распавядалася пра полацкія лабірынты, пра якія пісаў яшчэ Вацлаў Ластоўскі. Кожны фільм быў як падарожжа па заблытаных лабірынтах беларускай гісторыі, — разважае Марыя. — На жаль, зараз такіх фільмаў вельмі мала… Марыю заўсёды прыцягвала нешта таямнічае. І раней, і зараз, калі бачыць фотаздымкі палацаў ці замкаў у занядбаным стане, натхняецца ідэяй нейкіх прывідаў. Нават у снах сама блукае па старадаўніх замках. Ужо дзесьці з класа восьмага Марыя ўзялася за сур’ёзнае вывучэнне гісторыі, пачала атрымлі­ваць веды інтэлектуальнага кшталту ад настаўнікаў ды выкладчыкаў універсітэта, якія праводзілі ў школе факультатывы. Пазней стала займацца даследаваннямі генеалогіі сваёй сям’і, і ўжо дакладна ведала, што насамрэч у яе ёсць шляхецкія карані па бацькоўскай лініі. Дапытвалася ў дзеда, што ён памятае пра іх род. Але ж той заўсёды адмаўляўся: “Ну навошта ты лезеш у гэтую мінуў­шчыну?”. — Мой дзед — чалавек савецкага складу і яму падавалася, што не варта варушыць мінулае: якая розніца — шляхта ці не шляхта, усе мы аднолькавыя. Але для мяне гэта вельмі істотна. Затое бабуля, якую кранула мая зацікаўле­насць, шмат чаго мне распавяла... З цягам часу Марыя даведалася, што нават толькі адна сям’я ў Старых Грамыках па дзедавай лініі мела прозвішча Булавінскія (у асноўным там усе Грамыкі і Даўгала) і што ў радаводзе Белавінскіх таксама шмат Грамыкаў. — Потым, калі навучалася ва ўніверсітэце, атрымала афіцыйны доступ да архіваў, і гэта быў ужо грунтоўны падыход да пытання “хто я і адкуль”, — кажа яна. Марыя даведалася, што на пачатку XIX стагоддзя ў Рагачоўскім павеце насамрэч жылі менавіта Белавінскія, а не Булавінскія. Так што наконт змен, якія адбыліся з іх прозвішчам, яе тата не памыліўся. Урэшце Марыя знайшла свой родавы герб, які прывязла паказаць на Радуніцу сваім блізкім.
— Мой дзед, які раней скептычна ставіўся да свайго паходжання, быў вельмі ўзрушаны. На могілках у Новых Грамыках ён падышоў да знаёмых, якіх там сустрэў, і паказаў родавы герб Грамыкаў і Белавінскіх.
Тым часам кола інтарэсаў і крыніцы даведак Марыі пашыраліся. Яна рабіла запыты ў Нацыянальны гістарычны архіў, які знаходзіцца ў Мінску, працавала доўга ў бібліятэцы Акадэміі навук. Шукала згадкі пра шляхту ў Гомельскім абласным архіве. — Мяне вельмі цікавяць шляхецкія традыцыі і асаблівасці шляхецкага побыту, — распавядае Марыя. — Заўважыла, што людзі надаюць мала ўвагі паходжанню некаторых адметных з’яў шляхецкай культуры. Напрыклад, адзін чалавек з Новых Грамыкаў распавядаў, што ў іх вёсцы ў савецкія гады яго сваяк хадзіў з келішкам, у якога не было ножкі, і ўсім прапаноўваў: “Кульні”. Пра гэты аповед я ўзгадала на спецкурсе аднаго выкладчыка ва ўніверсітэце. Ён тады растлумачыў сэнс слова “накуляўся”. Таксама ў даследчыка Адама Мальдзіса ў кнізе “Як жылі нашы продкі” напісана, што “пакланенне Вакху” ў XVIII стагоддзі набыло жахлівыя памеры. Шляхта і магнаты пілі вялікімі куляўкамі — келіхамі, якія немагчыма было паставіць, бо яны не мелі ножак. Таму сёння на п’янага чалавека часта кажуць, што ён накуляўся. І гэта толькі адзін з прыкладаў...
Марыя ўвогуле любіць гісторыю, і ўсе яе старонкі лічыць цікавымі. З гісторыі асобных сем’яў складаецца агульная гісторыя краіны, упэўнена яна. Ва ўніверсітэце Марыя кожны год пісала курсавыя на розныя тэмы. Спачатку навучалася на кафедры ўсеагульнай гісторыі, дзе займалася вывучэннем ВКЛ. Першая тэма курсавой прысвечана працэсам утварэння Рэчы Паспалітай. На працягу пяці гадоў студэнтка спалучала самастойнае даследаванне аб шляхце з іншымі ўніверсітэцкімі тэматыкамі. Яе дыпломная праца мае назву “Геапалітычнае становішча Рэчы Паспалітай у сярэдзіне XVII стагоддзя”. Сваю магістарскую працу, прысвечаную шляхецкім сядзібам Гомельшчыны XIX — пачатку XX стагоддзяў, Марыя Булавінская піша ўжо на кафедры “Гісторыя Беларусі”.

Пачуцці, якія перадаюцца праз экран

Ідэя зняць фільм прыйшла да Марыі тады, калі яна адчула, што інфармацыя, якую атрымоўваецца адшукаць, вельмі цікавая. Яшчэ на трэцім курсе яна набыла сабе аматарскую відэакамеру, бо была апантана ідэяй зняць фільм на краязнаўчую тэму. Яе фільм “Час для ўспамінаў” грунтуецца ў асноўным на ўспамінах людзей пра выселеныя пасля Чарнобыля вёскі — Старыя і Новыя Грамыкі. — Гэта былі шляхецкія ваколіцы. Там жыла пераважна шляхта. Дарэчы, дыпламат Андрэй Грамыка — са Старых Грамыкаў, ён таксама мае шляхецкае паходжанне, — гаворыць Марыя. — На той час, калі я здымала гэты фільм, у мяне яшчэ не было дастаткова ведаў. Узялася за гэта таму, што баялася не застаць тых людзей, якія могуць нешта распавесці. Можа гэты фільм цікавы не кожнаму, бо не ўсіх прываблівае лёс асобнай вёсачкі. Але для мяне і тых людзей, якія паходзілі адсюль, вельмі каштоўна: хочацца, каб пра іх засталося нешта. Першыя здымкі фільма пачаліся дзесьці ў 2008 годзе, калі Марыя на Радуніцу прыехала на могілкі, якія засталіся ў адселеных вёсках. — Мой дзед сустрэў там свайго знаёмага. У мяне тады яшчэ камеры не было, а ён пачаў распавядаць, што сярод Грамыкаў ёсць Гедымінавічы. Яго расповед пачынаўся аж з XVI стагоддзя. Побач стаяў мой дзядзька, у якога была аматарская камера, і я папрасіла, каб ён запісаў. Якасць была дрэнная, пазней я гэтага чалавека знайшла і ўсё перазапісала. Ды ўвогуле большасць людзей у мяне атрымалася знайсці падчас Радуніцы, потым на працягу некалькіх гадоў неаднаразова сустракалася з імі.
Пазней Марыя пачала вучыцца на розных трэнінгах і семінарах, як пісаць сцэнары, здымаць кіно, рабіць мантаж. Зараз яна ўжо мае досвед у гэтай справе. А тады навыкаў яшчэ не было і дзейнічала яна больш інтуітыўна. Але ж, на мой погляд, гэта не паўплывала на вынік — фільм атрымаўся. З першых кадраў ён падаецца вельмі светлым і аптымістычным. Магчыма, такое ўражанне складаецца ад успамінаў дзяцінства, пра якія распавядаюць вяскоўцы. Але ўжо напрыканцы становіцца неяк не па сабе: нягледзячы на тое, што аўтара фільма няма ў ніводным кадры, яе пранізлівыя пачуцці да згубленых вёсачак, якія яна адчувае разам з героямі свайго фільма, перадаюцца праз экран і кранаюць да слёз.

Невядомае пра гомельскую шляхту

Зараз Марыя працуе над другім фільмам, у якім будзе распавядаць пра гомельскую шляхту. Частка фільма, над якім зараз працуе Марыя: — Некаторыя часта заўважаюць, што шляхта — з’ява нехарактэрная для Гомельшчыны. Але трэба адзначыць, што гэта не так, — упэўнена Марыя. — Проста так склалася, што ў нас зараз папулярызуюцца іншыя бакі гісторыі. На захадзе Беларусі папулярна адно, а ў нас — другое. Хутчэй за ўсё, Марыя мае рацыю, але ж у мяне яшчэ адзін пункт гледжання на гэта: калі ў Заходняй Беларусі шляхта існавала аж да 1939 года, бо гэтыя землі былі пад Польшчай, то ў Гомелі яе існаванне скончылася з прыходам савецкай улады. Мабыць, таму і прынята лічыць, што ў нашай мясцовасці шляхты не існавала.
— На Гомельшчыне было шмат шляхецкіх сядзіб, — працягвае расповед Марыя. — Напрыклад, у Рагачоўскім павеце, калі Беларусь уваходзіла ў склад Расійскай імперыі (паўночна-ўсходняя частка сучаснай Гомельскай вобласці), было вельмі шмат ваколіц, дзе жыла пераважна шляхта. Ва Ўсходнім Палессі ў былым Мазырскім і Рэчыцкім паветах шляхты было меней. Шляхта тут жыла хутарамі і валодала вялікімі надзеламі зямлі. На жаль, шляхецкіх сядзіб на Гомельшчыне захавалася вельмі мала. А тое, што засталося, у недагледжаным выглядзе. Шмат знішчана яшчэ ў 90-я гады, таму што нікому не было патрэбна: напрыклад, сядзібы Лісоўскіх у вёсцы Пракопаўка, Солтанаў-Перасвет у вёсцы Старая Беліца Гомельскага раёна і шмат іншых.
Неўзабаве інтарэс даследчыцы даў новыя віткі: яе цікавяць ужо не толькі сядзібы, але і лёс пэўных шляхцічаў. — У нас ёсць музей гісторыі горада Гомеля. Ён больш вядомы як “домик для летнего проживания Николая Петровича Румянцева”. Але ж насамрэч Румянцаў пражыў там усяго некалькі гадоў, — разважае Марыя. — Калі праходзіла каля гэтага доміка, заўсёды здзіўлялася — чаму нічога невядома пра яго гаспадароў? Павінны ж нейкія фотаздымкі быць, карэспандэнцыя. Пачала пошукі, знаходзіла нешта і радавалася кожнай дробязі. Напрыклад, герб-радавод Лісоўскіх — не такая ўжо вялікая інфармацыя, але я была на сёмым небе ад шчасця, калі знайшла яго. Паступова Марыя дазналася, што так званы “летний домик” належаў шляхцічам Крушэўскім, родавы маёнтак якіх быў і ў Борхаве (зараз гэта Рэчыцкі раён). Пазней праз шлюбныя сувязі гэтая сядзіба ў Гомелі перайшла да шляхцічаў Лісоўскіх. Самае цікавае ў тым, што Марыя знайшла шмат невядомых раней фактаў з лёсу Лісоўскіх. Прынамсі, даследчыца выявіла, што апошняя гаспадыня гэтай сядзібы Ірэна Лісоўская, у шлюбе Галынская, у 1919 годзе выехала з Гомеля ў Брэст-Літоўск. Пасля Другой сусветнай вайны яна перасялілася ў Польшчу, дзе памерла ў 1981 годзе. Менавіта Марыя даведалася, што ўспаміны Ірэны Лісоўскай захаваліся ў польскім горадзе Вроцлаве.
— Праз музей гісторыі горада Гомеля мы вялі перамовы з Нацыянальнай установай імя Асалінскіх у Польшчы, дзе знаходзяцца гэтыя ўспаміны. Адтуль нам даслалі пакуль што копіі дакументаў. Ёсць там успаміны і пра вёску Пракопаўка Гомельскага раёна, дзе Ірэна Лісоўская нарадзілася, — распавядае Марыя.
— Яны пранікнуты такім каханнем да гэтых мясцін! Больш ніколі яна не адчувала сябе так добра, як дома. Вось невялічкая цытата: “Там быў дом! Наш, уласны, родны, сапраўдны дом! Калі пакінулі яго ў 1919 годзе, ніколі ўжо не мела дома і не адчувала сябе як дома. Якое вялікае шчасце мець свой уласны дом, каханы дом. Не ведаю, ці разумеюць мяне ўсе, ці падзяляюць са мной мае думкі, але тыя, хто “адтуль”, напэўна, так”. Характэрна, што ўспаміны напісаны на польскай мове.
Друкаваны тэкст я перакладала сама, а рукапісны дапамагаў перакласці ксёндз гомельскага касцёла Славамір Ляскоўскі, за што я вельмі ўдзячна яму. Марыя пераканана, калі нешта па-сапраўднаму шукаць, абавязкова знойдзеш. Зараз ва ўласным архіве даследчыцы ёсць фотаздымкі ды іншыя дакументы, якія тычацца шляхецкіх родаў Гомельшчыны: Козел-Паклеўскіх, Прозараў, Аскеркаў, Халецкіх, Кяневічаў, Войніч-Сенажэнскіх, Дорыя-Дзерналовічаў, Солтанаў і іншых. — Часам у мяне атрымоўвалася дзіўныя рэчы знаходзіць! Хаця ўсе раілі, каб я дарма не марнавала час, бо тое, што я шукаю, згублена назаўсёды, увогуле не варта нават і варушыцца, — усміхаецца Марыя. — Але ж заўсёды неяк нечакана на мяне звальваецца штосьці такое неверагоднае, у прыватнасці, гістарычныя звесткі аб тым, пра што я даўно думала. Вось вам і чарговае пацверджанне: думкі маюць асаблівасць матэрылізавацца. Але ж, на мой погляд, гэта не мае дачынення да шанцавання ці нейкай выпадковасці. Марыя Булавінская добра ведае, што ёй патрэбна. Яна ідзе прамым шляхам да сваёй мэты, менавіта таму і атрымоўвае тое, што хоча. P.S. У першай палове гэтага года плануецца ўнесці змены ў пастаянную экспазіцыю музея гісторыі горада Гомеля. Яна будзе прысвечана Крушэўскім і Лісоўскім, на падставе асабістых матэрыялаў даследчыцы Булавінскай. Плануецца адвесці адзін з пакояў, дзе будуць размешчаны фотаздымкі і дакументы яго дарэвалюцыйных гаспадароў, інфармацыя пра якіх на нейкі час была згублена.
Паводле слоў дырэктара музея Юліі Купрэевай, засталося перакласці з польскай на беларускую мову частку дакументаў, дасланых з Вроцлава. Ёсць магчымасць за гэты час атрымаць новыя звесткі пра гомельскіх шляхцічаў. Дарэчы, вуліца Арцёма ў Гомелі раней мела назву — Крушэўская.  
Калі ў вас ёсць што распавесці пра Гомельскую шляхту, тэлефануйце 8 (0232) 71-69-58. Кантакты Марыі знаходзяцца ў рэдакцыі.
Фото з уласнага архіва Марыі БУЛАВІНСКАЙ
Общество


Гомельгосплемпредприятие.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
PAnkOFF 01/01/1970 03:00
Наталья, спасибо за статью!!! Ждал её очень долго. :)
Маша, удачи в дальнейших поисках и успешного написания диссертационной работы! Ну, а если "мои Служки" тебе помогут в работе - обращайся. :) Будет что интересного - скину)))
Цитировать
Уладзімір Васькоў, Тула 01/01/1970 03:00
Поспехаў Марыі ў гэтай важнай справе. Пакуль ёсць такія людзі - можна быць упэўненым, што даследаванні гісторыі Гомельшчыны будуць развівацца.

А наконт таго, што шляхты на Гомельшчыне быццам не было - дык можна паглядзець самыя распаўсэджаныя прозвішчы на Гомельшчыне і пабачыць, што доля шляхецкіх прозвішчаў вельмі вялікая. Гэта Грамыкі, Караткевічы, Багдановічы, Лапіцкія, Драбышэўскія, Лашкевічы, Кончыцы, Ліпскія, Маліноўскія і т.д. і т.п.
Цитировать
Марыя Б. 01/01/1970 03:00
Дзякуй за пазітыўныя словы)
Цитировать
Алесь Петухоў 01/01/1970 03:00
Далучаюся да пажаданьняў! Так трымаць! Далейшых табе цікавых пошукаў!
Цитировать
Wojciech 01/01/1970 03:00
Вельмі ўразіў фільм пра вёску Грамыкі - таленавіта зроблены: нейкі ціхенькі расповед, але колькі пачуццяў выклікае! Калі Марыя, зразумела - выдатны навуковец, будзе паказваць сваі дасьледванні праз такія фільмы - карысць, эфект ад іх можна памнажаць на 10.
Цитировать
Марыя Б. 01/01/1970 03:00
Дзякуй усім за падтрымку! Вельмі прыемна, што адзначылі фільм.
Цитировать
Владимир Паращенко 01/01/1970 03:00
Мою прабабушку все звали бабка-полька, она была из рода Лисовских, она рассказывала что её родственница была женой градоначальника Киева, а жили они в Ветковском районе д. Р.Столбунская, только это не та Рудня, которая сейчас, а другая- католическая - она была с другой стороны дороги на старом шляху и возле неё сразу мост через Столбунку- был, там кстати руду и мыли.
Мне бы хотелось побольше узнать про своих предков, может у вас есть сведения про "моих Лисовских"
Цитировать
Уладзімір Васькоў, Тула 01/01/1970 03:00
А сучасная Рудня-Стаўбунская не каталіцкая?
Вёска да 1879 года сапраўды была ў іншым месцы (недалёка ад упадзення Стаўбункі ў Бесядзь). Згарэла.
Праўда гэта сялянская вёска, а не шляхецкая.
Цитировать
Скідан 01/01/1970 03:00
Марыя, вы глядзіцеся дастойна. Не хацелася б вас разбэшчваць кампліментамі, але гэта не столькі кампліменты, колькі падтрымка. Да й Вы чалавек дастаткова разумны, каб захапіцца павярхоўнасьцю. У краязнаўства Гомельшчыны ўвайшла постаць значная і шляхетная (не ўспрыміце гэтую двусэнсоўнасьць толькі як гульню словаў). Захоўвайце імпэт дасьледчыка і тактоўнасьць арыстакрата.
Цитировать
Марыя Б. 01/01/1970 03:00
Спадар Андрэй, дзякуй вялікі за падтрымку! Буду імкнуцца да сваіх мэтаў:)
Цитировать
Марыя Б. 01/01/1970 03:00
Владімір, на жаль, інфармацыяй пра Вашых Лісоўскіх не валодаю. Тут Вам хутчэй дапаможа Уладзімір Васькоў, які ўжо пракаменціў Ваша пытанне, і яго кніга  "Каталікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны"
Цитировать
Владимир Паращенко 01/01/1970 03:00
Сегодня в  Рудне живёт 6-7 семей, она тоже пострадала от Чернобыля, католиков среди них нет. По словам бабушки после войны католики уже не строились на Рудне ( в войну тоже всё сгорело). Я уточнил Лисовская была моя прапрабабушка и время первого пожара совпадает с годами её жизни, вероятней всего она него застала.
Цитировать
Уладзімір Васькоў, Тула 01/01/1970 03:00
"Сегодня в Рудне живёт 6-7 семей, она тоже пострадала от Чернобыля, католиков среди них нет. По словам бабушки после войны католики уже не строились на Рудне ( в войну тоже всё сгорело)"

Ваша інфармацыя недакладная. І ў вайну не згарэла і жылі практычна адны католікі. І нават да нядаўняга часу была каталіцкая капліца ў адной з пустых хат.
Цитировать
Наталья Пригодич 01/01/1970 03:00
PAnkOFF, возможно, будет продолжение :) После публикации в редакцию идут звонки, люди хотят рассказать о шляхте известные им факты. Кто знает, может, что-то из этих рассказов пригодится Марии в дальнейших исследованиях:)
Цитировать
Андрэй з Рагачова 01/01/1970 03:00
Артыкул вельмі спадабаўся!!!!! Гісторыя вяртаецца. Дзякуй. Таксама дзякуй газеце "ГП", больш такіх артыкулаў!!!
Цитировать
Зміцер 01/01/1970 03:00
Марыя, вельмі цікавы артыкул. Рэспект. Я спачатку падумаў што вы асабіста ездзілі працавалі ва Ўроцлаве. На жаль, даслалі вам толькі адтуль дакументы. Зразумела, цяжка туды ездзіць. Калі б вы самі там працавалі, знайшлі бы вельмі шмат цікавага па гісторыі Гомеля. І не толькі пра Лісоўскіх-Крушэўскіх. І дарэчы пра шляхту. Марыя, гэта "баяры", а не шляхта, нейкі прамежкавы стан паміж сялянамі і шляхтай. Сялян яны не мелі, займаліся сельскай гаспадаркай асабіста, потым трапілі пад разбор і былі пераведзеныя у саслоўі сялян і мяшчан. У мяне самога продкі ёсць з такой г.зв. шляхты, ведаю што такое "гонар шляхецкі".
Цитировать
Марыя Б. 01/01/1970 03:00
Я не пагаджуся, што гэта баяры. Так запісана ў Інвентары Чачэрскага староства. Ёсць  тлумачэнні, чаму адбылася памылка, таксама крыніцы кажуць аб тым, што гэта шляхта, а не баяры.
Цитировать
Ніна Шклярава 01/01/1970 03:00
Дзякуй, Марыя... Я рада, што лёс звёў нас. Пэўна, каб яшчэ раз пераканаць: цуды побач з намі, але іх мала убачыць, трэба навучыць гэтаму іншых...
Цитировать
Марыя Б. 01/01/1970 03:00
Ніна Нікіфараўна, дзякуй Вам! Дзякуй, што натхняеце і верыце ў поспех іншых!
Цитировать
Кастусь Жукоўскі 01/01/1970 03:00
Дзякуй за працу,спадарыня Марыя!!
Цитировать