Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Вандроўка дваццатая. Карпаўка

7660 0 03:53 / 04.04.2013
Сакавіцкая мяцеліца заспела мяне ў дарозе ў гэты куток Лоеўшчыны. Дзівосы надвор’я! Снег прыцярушваў усё наўкола — лугі, палеткі, лясы, дахі хат і падворкі вяскоўцаў.Карпаўка знаходзіцца ў Засожжы. Гэты жывапісны куток Лоеўшчыны прымыкае да Гомельскага раёна. Каб дабрацца да райцэнтра, трэба кіраваць ці праз раку, ці ў аб’езд. Шлях няблізкі. Таму і вырашаецца пытанне пра паромную пераправу, якая злучыць берагі.

Згадваючы былое

Карпаўка вядома з пачатку XIX стагоддзя. Вёска была і ў складзе Беліцкага павета Магілёўшчыны, і ў Хамінскай эканоміі Гомельскага маёнтка графа Пятра Румянцава-Задунайскага. Затым належала князю Івану Паскевічу. У 1897 годзе тут было 77 двароў, 501 жыхар, два ветракі, крупарушка, хлебазапасны магазін... У канцы 1926 года Карпаўка стала цэнтрам Дзятлавіцкага сельсавета, а ў жніўні 1927-га — ў складзе Лоеўскага раёна Гомельскай акругі. Ды рэфармаванне працягнулася і ў пачатку 60-х гадоў: калі ў 1962-м вёска лічылася тэрыторыяй Рэчыцкага раёна, то ў ліпені 1966-га зноў вярнулася ў Лоеўскі край. У 1930 годзе тут сфарміравалі калгас імя Калініна, меліся дзве кузні і вятрак. А ў 1959-м Карпаўка стала цэнтрам аднайменнага саўгаса. Гэты час не толькі паўнакроўнага развіцця гаспадаркі, але і самой вёскі. Быў арганізаваны шэраг вытворчасцяў, якія ў пэўнай ступені вырашалі праблему занятасці карпаўцаў: кандытарскі цэх, швейная майстэрня, цэх безалкагольных напояў, сталовая, два магазіны. А галоўнае, канечне, саўгас. Цяпер сельскай гаспадаркі тут няма, расфарміравана ферма, а таму працаздольнае насельніцтва ўладкоўваецца ў суседзяў у Гомельскім раёне. Востра стаіць пытанне апрацоўкі прысядзібных участкаў пенсіянераў, бо няма сельскагаспадарчай тэхнікі. — У нас жывуць працалюбівыя старанныя людзі. Мне б вельмі хацелася, каб нас уключылі ў дзейсны дзяржаўны праект, які б дазволіў заняць лю­дзей, — падзялілася старшыня сельвыканкама Ніна Грышчанка. Ніна Уладзіміраўна родам са Жлобіншчыны. Але, як кажуць, сэрцам прыкіпела да гэтай зямлі. Прыехала ў 1980-м у Карпаўку, чвэрць стагоддзя адпрацавала загадчыцай аптэкі. Ужо восем гадоў узначальвае Савет, але заўжды шчыра адклікаецца, калі каму з вяскоўцаў патрабуецца яе дапамога як медыка. Вядома ж, аднаму фельчару Марыне Ганчарэнка, калі адначасова выклікаюць некалькі чалавек, трэба дапамагчы. Здароўе — адно з галоўных складальнікаў настрою людзей. Ёсць у Карпаўцы машына хуткай дапамогі. Жыхароў Савета па накіраванню фельчара прымаюць у абласной бальніцы. 236 прапісаных на тэрыторыі Савета — людзі працаздольнага ўзросту. 274 — пенсіянеры, 53 дзіцяці. 307 двароў з больш 600 належаць дачнікам. Мясціны тут настолькі лекавыя для душы і сэрца, што нават масквічы купляюць хаты вяскоўцаў, каб ладзіць адпачынак. Гэты куточак зямлі на памежжы з Украінай здавён быў і застаецца прыцягальным для рыбаловаў, паляўнічых, грыбнікоў і аматараў іншых лясных дароў. Зараз у Карпаўцы працуюць сярэдняя школа, аддзяленне паштовай сувязі, лясніцтва, магазін, амбулаторыя, бібліятэка, ёсць брыгада электрыкаў. Ала Ступак, начальнік аддзялення паштовай сувязі, расказала, што «Гомельскую праўду» на тэрыторыі Савета выпісваюць 44 чытачы.

Вернасць

Вельмі хацела сустрэцца са старэйшым жыхаром вёскі 92-гадовым Віктарам Сідаравічам Канцавенкам, удзельнікам Вялікай Айчыннай. Даведалася, што пасля зацяжной хваробы ён ў дачкі ў Рэчыцы. Пра гэтага чалавека мне расказвалі неяк у музеі бітвы за Днепр у Лоеве. Цікава, што вясной 1941-га наш зямляк нёс службу ў Брэсцкай крэпасці, потым быў накіраваны ў Ліпецк у ваеннае вучылішча. Пасля ранення на Смаленшчыне яго падабрала мясцовая жанчына Малання, выхадзіла. У Карпаўку Канцавенка вярнуўся ў 1943-м, быў прызваны ў армію. Трапіў у 69-ю стралковую дывізію 65-й арміі Батава, вызваляў вёскі Ястрабка, Уборак, Міхалёўка на Лоеўшчыне, потым — Парычы, Азарычы, Бабруйск. Пад гэтым горадам за знішчэнне варожага снайпера атрымаў медаль «За адвагу».
90-годдзе адзначыла на днях Дар’я Міхайлаўна Канцавенка, таксама загартаваная ваенным ліхалеццем. Яна ўраджэнка ўкраінскага сяла Паперня, да якога праз раку тры кіламетры. Парэпаныя ад цяжкай спаконвечнай працы рукі бабулі сведчылі пра яе няпросты лёс. Дзялілася яна са мной перажытым доўга, падрабязна, бы на споведзі была. Давялося ёй перад Вялікай Айчыннай будаваць аэрадром у Галубічах, працаваць там па 12 гадзін у суткі, так што крывавілі рукі. Рыла дзяўчына акопы ў Суслаўцы і Радулі, потым гнала скаціну, каб не дасталася акупантам — выконвала даручэнне сельсавета.

Каханне

(аповед Дар’і Канцавенка) Яшчэ да вайны заляцаўся да мяне Антон з Ярылавічаў, гарманіст. Усю вайну яго чакала. Вярнуўся, і зноў стаў да мяне хадзіць, не кідаў. Прыгожы, не піў, не курыў. Але ж крыху пазней я даведалася, што ён меў на вайне каханку, і тая ад яго дзіця нарадзіла. Прыехала яна з малым у Ярылавічы. Я як гэта пабачыла, то адразу перадала праз дзядзьку, каб Антон больш да мяне не прыходзіў. Кропка. А тут Коля з Карпаўкі вока на мяне паклаў. Не любіла яго, ды не адбілася. Больш жа хлопцаў-равеснікаў не было, на вайне іх пабіла. Коля вярнуўся ў медалях... А сёлета ўжо 45 гадоў будзе, як і ён сыйшоў на той свет...

Сцяг

У лоеўскім музеі бітвы за Днепр яшчэ ў 2003 годзе мне паказвалі сцяг, толькі што перададзены жыхаркай Карпаўкі Аляксандрай Кулікавай, сям’я якой і зберагла святыню. І вось давялося сустрэцца з гэтай жанчынай і пачуць яе аповед. — У 1938 годзе мясцовы сельсавет паспяхова выканаў фінансавы план і атрымаў пераходны Чыр­воны сцяг. Мой бацька Іван Андрэевіч Кулікаў у той час працаваў сакратаром Савета. Старэйшая сястра Валя расказвала мне, што, калі пачалася вайна, прыбегла да таты і яны знялі сцяг з дрэўка, прынеслі дамоў. Мама ўзяла і схавала ў пячорку (гэта такая выемка ў печы). Але пабаялася, што ад гарачыні матэрыя папсуецца. Дастала сцяг, абматала ніткамі (яна прала, ткала) і павесіла на відавоку. Ды наступіла часіна, калі было небяспечна заставацца ў вёсцы. І бацька выкапаў у хляве дзве ямы. У дзежку змясцілі тое-сёе дабро, і найперш жа сцяг, апусцілі ў адну з ям. Другая была для адводу вока. Гэта, відаць, і дапамагло зберагчы святыню. Бо калі сям’я вярнулася з лесу, бачна было, што акупанты капалі ў хляве, ды, на наша шчасце, нічога не знайшлі.
У 1943 годзе пасля вызвалення раёна бацька павёз сцяг у Лоеў, перадаў у райкам партыі. Потым яму вярнулі гістарычны скарб — наш Іван Андрэевіч працаваў старшынёй Савета ў Шарпілаўцы. А калі я стала загадчыцай бібліятэкі ў Карпаўцы, мне сцяг даверылі. Захоўвала, пакуль працавала. А ў 2003-м, як збіралася на пенсію, здала ў музей бітвы за Днепр і сцяг, і бацькава партызанскае пасведчанне, і медалі. Юлька, унучка, казала, што і зараз сцяг у цудоўным стане, ён у экспазіцыі змешчаны. Шчыра, гасцінна сустрэла мяне Аляксандра Іванаўна, ветэран культуры (амаль 40 гадоў аддала галіне! — прым. аўтара). Дастала яна з-за адной са сваіх вышываных карцін скрутак газет, працягнула мне. У адным з нумароў лоеўскай раёнкі за 1994 год прачытала я некралог у памяць журналісткі і паэтэсы Марыі Кулікавай, роднай сястры маёй гераіні, якая некаторы час працавала ў «Гомельскай праўдзе». Марыя шчыравала на ніве журналістыкі і ў шэрагу раёнак вобласці, узначальвала аддзел газеты «Светлы шлях» Хабараўскага краю... Я ўчытвалася ў радкі некралога, потым — паэтычныя строфы раней невядомай мне аўтаркі. У яе вершы «Песня» ёсць такія радкі: Паняслася далёка, далёка, Агарнула палеткі, лугі, Акунулася ў Сож сінявокі, — Прывітала Дняпра берагі. Лёс аказаўся неміласэрным да гэтай жанчыны, неардынарнай асобы. Пахавана яна ў роднай Карпаўцы. Зараз з шасці сясцёр Кулікавых засталася толькі Аляксандра. Яна рэдка спявае, хаця яе чароўны голас, шматлікія ролі ў гумарыстычных сцэнках згадваюць мясцовыя жыхары. Па маёй просьбе Іванаўна зацягнула народную: Найшла хмара, хмара гразавая, Дай убіла, каго я любіла...

Аповед пра сустрэчу

Пенсіянерка Алена Евянкова — таксама дзіця вайны. Нарадзілася ў 1942-м. Яе бацька Фёдар Рабус не вярнуўся з Вялікай Айчыннай. — Жылі раней весялей, — дзеліцца жанчына, — сярпамі жалі і песні спявалі. Па дзве каровы трымалі, свіней. А цяпер душа баліць: як ні мяце, а вясна прыйдзе. Авёс ці ячмень хочацца па­сеяць. Праблема з тэхнікай, раней гаспадарка была, прасцей усё вырашалася. У нас тут і паводка даймае. Бульбу ў мінулым годзе садзілі ў трэцяй дэкадзе чэрвеня. Алена вярнулася колісь у родную вёску з салодкай фабрыкі «Спартак». У той час саўгас «Карпаўка» быў у перадавых. Даярка Ганна Чайкова на ВДНГ у Маскву ездзіла. Яна была ўзнагароджана ў 1971-м ордэнам Леніна... — Я ўсё-такі спадзяюся, што будзе вырашаны лёс нашага куточка, каб не былі мы як тыя Бярмуды, — дзеліцца Алена... Мая субяседніца расказала, як на святкаванні 500-годдзя Лоева пашанцавала павітацца з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. — Напярэдадні дачцы Аксане сон прысніўся, што сустрэлася з кіраўніком дзяржавы. І яна старалася, каб сон стаў явай. У Гомелі хадзіла на мерапрыемствы, калі музей адкрывалі на вуліцы Пушкіна. Не ўдалося. Дык мы вырашылі сям’ёй з’ездзіць на маторцы ў Лоеў, на плошчу. Прыехалі рана, каб трапіць у першыя рады мясцовых жыхароў. І што вы думаеце? Ажыццявіўся Аксанін сон. Пасля таго, як Прэзідэнт запаліў факел, — сімвал газіфікацыі раёна, рушыў, каб павітацца з народам. Калі Аляксандр Рыгоравіч наблізіўся да нас, я яму шчыра расказала пра даччын сон. Дык ён і са мной, і з Аксанай па два разы павітаўся. Век не забуду! Дзеці мае — дзве дачкі і сын — талковыя, усе хораша вучыліся. Маю чацвёра ўнукаў.

Пасляслоўе

У вандроўцы па Карпаўцы мяне суправаджала бібліятэкар Валянціна Канцавенка, ураджэнка рэчыцкай зямлі. Яна — былая выхаванка шэрагу дамоў-інтэрнатаў Гомельшчыны (яе маці змушана была здаць дзіця, бо моцна хварэла). — Я ўдзячна дзяржаве за тое, што падтрымала мяне ў цяжкі час, — не дзеля прыгожага слоўца падзялілася Валянціна. — Усё склалася ў мяне як мае быць: атрымала адукацыю, скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, звязала лёс з культурай. Зараз Валянціна рупіцца, каб доўжыўся летапіс вёскі, каб чыталі яго цяперашнія школьнікі, каб не з’язджалі яны з бацькоўскай зямлі.  
Общество


Гомельгосплемпредприятие.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать