Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Гомель быў яго любімым горадам...

2885 0 12:00 / 27.01.2009
З вялікім задавальненнем прачытаў артыкул В. Лебе­дзевай і Т. Літвінавай “Зорка айчыннага дойлідства” пра аднога з самых паспяховых архітэктараў Гомеля — С. Д. Шабунеўскага (“ГП” за 4 снежня 2008 года). У дадатак да напісанага хацелася б сказаць і свае словы.

У гісторыі Гомеля было два архітэктары, якія найбольш паўплывалі на развіццё архітэктуры даваеннага горада, — гэта Джон Кларк у пачатку XIX і Станіслаў Шабунеўскі ў першай палове XX стагоддзяў. І калі Джон Кларк выконваў перабудову Гомеля згодна з ідэямі М. Румянцава, то Станіслаў Шабунеўскі ажыццяўляў праекты свайго бачання горада. Уклад, зроблены ім у развіццё Гомеля, вялізны, ён добра асветлены ў навуковай і папулярнай літаратуры, таму не мае сэнсу паўтараць іх. Без лішняга пафасу і перабольшвання можна з упэўненасцю сказаць: Гомель быў сапраўды любімым горадам гэтага чалавека, які ён з імпэтам, творча, што самае галоўнае, разумна пераўтвараў.
На жаль, з вялікай творчай спадчыны знакамітага архітэктара даследчыкі амаль упусцілі драўляную архітэктуру Гомеля, Рэчыцы, Клінцоў і іншых гарадоў былой Гомельскай губерні 1920-х гадоў. Заганнасць такой сітуацыі асабліва відавочна, калі ўлічыць, што шмат з яго каменных будынкаў было знішчана ў час вайны і пасля яе.
Хоць архіўных сведчанняў пакуль не зной­дзена, але не выклікае сумнення, што аўтар­ству Шабунеўскага належаць два драўляныя канструктывісцкія будынкi па завулку Пушкіна №№ 3 і 5 у Гомелі (1924 і 1926 гадоў пабудовы). На слушнасць такога меркавання ўказвае шэраг фактаў. Па-першае, даследчыкам не вядомы іншыя архітэктары, якія б у 20-х гадах у Гомелі свабодна працавалі ў стылі “канструктывізм” і “арт-дэко”. Па-другое, С. Шабунеўскі ў той час быў галоўным архітэктарам Гомеля, і відавочна ён прымаў рашэнне аб забудове фасада цэлага квартала ў непасрэднай блізкасці ад цэнтра горада. Трэцяе — па сусед­ству знаходзяцца два іншыя будынкі 20-х гадоў у гэтым жа стылі — так званы “круглы шэры дом”, узведзены па праекту Шабунеўскага (вуліца Пушкіна, 26), і дом, вядомы старажылам як “яўрэйскі кааператыў” (вуліца Пушкіна, 28, аўтар праекта невядомы). Зараз абодва драўляныя дамы па завулку Пушкіна ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, узяты пад ахову дзяржавы, і разам з суседнімі каменнымі дамамі ўтвараюць утульны канструктывісцкі закуток старога Гомеля (а яшчэ дзесяць гадоў таму асобныя праектыроўшчыкі прапаноўвалі іх знесці, а на іх месцы ўзвесці “элітнае жыллё”).
У сярэдзіне 1920-х гадоў за межамі горада, уздоўж шашы на Магілёў і Мінск, быў узве­дзены спецыяльны рабочы пасёлак — Чырвоны Кастрычнік, які ў арыенцірах сённяшняга Гомеля знаходзіўся ў раёне вуліцы Л. Дынды, на перасячэнні вуліц Кірава і Савецкай. Па архіўных дадзеных вядома, што гэты пасёлак, а таксама і шэраг іншых падобных у Гомелі, быў спраектаваны С. Шабунеўскім. Не выклікае асаблівых сумненняў, што і непасрэдная забудова гэтага пасёлка тыпавымі аднапавярховымі дамамі-баракамі на дзве палавіны, выканана па праектах Шабунеўскага. Мяркую, архіўныя даследаванні ў будучым толькі пацвердзяць выказаную гіпотэзу.
Мастацтвазнаўчы аналіз, які быў праведзены, сведчыць, што дамы ў названым рабочым пасёлку былі выкананы паводле традыцый народнай архітэктуры, але аздоблены лаканічным драўляным дэкорам з ужываннем матываў стыляў “канструктывізма” і “арт-дэко” — прамалінейнасць, сіметрычнасць і падкрэслены утылітарызм простых ліній, якія ў розных варыянтах спалучаюць нескладаныя геаметрычныя фігуры (прамавугольнікі, трохвугольнікі). Гэта заўважана ў афармленні ліштваў і пера­плётаў вокнаў, кампазіцыях з перакрыжаваных рэек на дашчатых франтонах хат, ганкаў. У адрозненне ад папярэдняга часу тут цалкам выключаны раслінна-хвалістыя матывы з народнага дэкору, усё сціпла і стрымана. Усё гэта дадаткова сведчыць аб здольнасці архітэктара, які іх спраектаваў, творча злучаць традыцыйнае драўлянае дойлідства і навейшыя ў той час архітэктурныя стылі.
Трэба адзначыць, што даследчыкамі драўлянай архітэктуры традыцыйна лічылася, што стыль “мадэрн” пачатку XX стагоддзя быў апошнім, які ўжываўся ў драўлянай архітэктуры, а прыклады ўжывання стыляў “канструктывізм” і “арт-дэко” у драўляным дойлідстве і архітэктурным дэкоры ў навуковай літаратуры невядомы. Таму названыя гомельскія дамы са сваімі ўзорамі архітэктурнага аздаблення ў пэўнай меры з’яўляюцца ўнікальнымі на прасторах Усходняй Еўропы.
На жаль, за апошнія сем гадоў тэрыторыя былога рабочага пасёлка Чырвоны Кастрычнік была цалкам забудавана сучаснымі дзевяціпавярховымі дамамі і аўтастаянкай, а драўляныя будынкі былі знесены. Ад пасёлка, узведзенага па праекту С. Шабунеўскага, захаваліся толькі накірункі вуліц і каля двух дзесяткаў фотаздымкаў.
Падобныя будынкі часта сустракаюцца і ў былых рабочых пасёлках на ўскраінах сучаснай Навабеліцы (вуліцы Войкава, Севастопальская), Рэчыцы (вуліцы Войкава, Кірава), таму аўтарства іх праектаў, з вялікай доляй верагоднасці, можна ідэнтыфікаваць таксама С. Шабунеўскаму. Пакуль гэта гіпотэза, хоць і найбольш верагодная. Справа за архівамі.

Улічваючы ўклад С. Шабунеўскага ў развіццё нашага горада, відавочна парадаксальная сітуацыя — імя гэтага чалавека ніяк не ўвекавечана ў структуры і тапаграфіі Гомеля.

Сярод сучаснікаў творчая асоба Шабунеўскага відавочна вылучалася сваёй яркасцю, неардынарнасцю, здольнасцю прапаноўваць і рэалізоўваць ідэі, якія на шмат гадоў апярэджвалі звычайную архітэктурную практыку Гомеля таго часу, пры гэтым яны былі актуальны, рэальны і запатрабаваны жыццём. І нават цяпер, праз 80 гадоў, мы працягваем знаходзіць невядомыя старонкі з архітэктурнай спадчыны, пакінутай гэтым чалавекам. Пытанне толькі ў тым, як мы далей ёю распарадзімся — ці стане яна годным дадаткам да гісторыка-культурных здабыткаў сучаснага Гомеля, альбо незваротна знікне ў віхуры часу, як сам С. Шабунеўскі і большасць узведзеных ім будынкаў.
Улічваючы ўклад С. Шабунеўскага ў развіццё нашага горада, відавочна парадаксальная сітуацыя — імя гэтага чалавека ніяк не ўвекавечана ў структуры і тапаграфіі Гомеля.
Таму не выклікае сумненняў неабходнасць увекавечыць у гарадской структуры Гомеля памяць нашага слыннага земляка. І гэта павінен быць сапраўдны помнік, варты памяці творчага чалавека, архітэктара, які большую частку свайго жыцця прысвяціў нашаму гораду. Такі помнік мусіць стаць годным упрыгожваннем горада, адпаведна і яго вобраз павінен быць творчым, яркім і неардынарным, якім, уласна, і быў сам С. Шабунеўскі.
У якасці магчымага месца размяшчэння помніка найбольш адпаведнай уяўляецца пляцоўка сквера па вуліцы Кірава, паміж БелДУТам і будынкам Інстытута палімераў. Цэнтральная клумба сквера — ужо фактычна гатовая пляцоўка для будучага помніка, якая непасрэдна знаходзіцца перад будынкам былой мужчынскай гімназіі, з узвядзення якога і пачалася бліскучая кар’ера С. Шабунеўскага. Крыху далей, на рагу вуліц Камсамольскай і Савецкай, знаходзіўся асабісты дом Станіслава Данілавіча (пашкоджаны ў час вайны і канчаткова знесены падчас пасляваеннай рэканструкцыі горада). На такой жа адлегласці ў іншы бок ад сквера знаходзіцца яшчэ адзін знакаміты праект гэтага аўтара — дом-камуна. Такім чынам, з пункту гледжання гістарычнай абумоўленасці названае месца ідэальна падыходзіць для размяшчэння помніка Шабунеўскаму.
Варта дадаць яшчэ і той немалаважны факт, што маладыя архітэктары, якіх выпускае універсітэт транспарту, выходзячы па-за сцены сваёй “альма-матэр”, заўжды будуць бачыць прыклад іх старэйшага калегі, архітэктара, на якога трэба раўняцца ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Усталяванне ў гэтым месцы помніка запатрабуе адпаведнага пераўтварэння і сквера, які знаходзіцца ў досыць запушчаным стане. Частку грошай для помніка можна было б сабраць у якасці добраахвотных ахвяраванняў гамяльчан. Адпаведна і сам помнік стаў бы для горада больш блізкім, родным, “народным”.
Яўген МАЛІКАЎ, гісторык
Общество


Гомельгосплемпредприятие.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать