Вверх


У гонар бабулі, бабулечкі...

2344 0 14:39 / 06.03.2016

У канцы гэтага года ААТ “Полеспечать” адзначыць свае 95, а ў наступным годзе “Гомельская праўда” будзе святкаваць 100-годдзе. І да двух гэтых юбі­леяў мае непасрэднае дачыненне Людміла Бяспалава (Багінская), ветэран працы, прадстаўніца рэдкай па сённяшнім часе прафесіі — метранпаж. Яна займалася вёрсткай газетных палос, калі яшчэ журналісцкія радкі артыкулаў адліваліся ў метале на агромністых машынах — лінатыпах.


IMG_6694.JPG




Людміла Бяспалава з дачкой і ўнукамі


Людміла Іванаўна ў той скупы на прыгажосць час сваімі рукамі стварала адметнасць нашых артыкулаў, аздабляючы іх лінейкамі, рамкамі, застаўкамі. Працавала бездакорна, сапраўды па-ўдарнаму, кіравала брыгадай. Добразычлівая, чулая да людзей, яна была і дарадцам, і старэйшай таварышкай для многіх журналістаў. І яшчэ. Працавала побач з удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, поўным кавалерам ордэна Славы Віктарам Вятошкіным. Сваёй ударнай працай, перавыкананнем вытворчых заданняў гэтыя людзі засведчылі: “Из одного металла льют медаль за бой, медаль за труд”.


Розныя моманты біяграфіі Людмілы Іванаўны згадвалі госці — усе, хто прыехаў на вечарыну-партрэт, падрыхтаваную ў Гомельскім гісторыка-края­знаўчым музеі ў Пакалюбічах. Старшыня прафкама “Полеспечати” ў нядаўнім мінулым Люся Шуляк расказала, як у далёкім 1956-м прыйшла хударлявая 16-гадовая дзяўчынка Людміла Багінская на фабрыку, працавала брашуроўшчыцай, а праз тры гады асвоіла набор уручную. Рана застаўшыся без маці, яна душэўна адносілася да прыёмнай, даглядзела яе ў сталым веку як мае быць. Звыш 40 гадоў годна працягвала Людміла бацькоўскую дынастыю разам з братам Эдуардам, у якога стаж на прадпрыемстве аж 52 гады. Менавіта ён пад гучныя апладысменты ўручыў сястры на вечарыне ў Пакалюбічах першыя веснія цюльпаны.


А Людміла Іванаўна ўразіла сваёй калекцыяй фарфоравых статуэтак, якія калекцыяніруе ўжо шмат гадоў. А яшчэ вышыванымі ўласнаручна пейзажамі роднай зямлі, выстаўленымі ў пакалюбіцкім музеі. Ведалі, што яна майстра звязаць, прыгатаваць, вырасціць ураджай гародніны, а вось тут, у Пакалюбічах, адкрылі новыя рысы яе прагнай да жыцця і творчасці натуры.


Многія журналісты старэйшага пакалення памятаюць, якія новыя фарбы з’явіліся ў жыцці Людмілы Іванаўны, калі дачка Ганна нарадзіла сына Віцю. Усю цеплыню свайго шчырага сэрца бабуля самаахвярна скіравала на гэтага хлопчыка, на яго выхаванне. Марыла, “каб Віцька вырас і стаў дырэктарам школы”. Зусім яшчэ малеча, ён быў адмыслова прыбраны: заўжды ў сарочцы, абавязкова з гальштукам-бабачкай. Як старанна ён вучыўся, як натхнёна дэкламаваў вершы! Здаецца, побач з Людмілай Бяспалавай мы спасцігалі вечнае: унукаў любіш яшчэ мацней, чым дзяцей! І безумоўна карцела пабачыць яе ўнука, які ён цяпер.


— Ма... бабулечка, родная мая! Дзякуй, што вырасціла мяне. Дзякуючы табе я такі, які ёсць сёння. Ты — маё сонейка. Дзякуй, мая родная! — высокі прыгожы малады чалавек, унук Віктар, па-непаказному душэўна прызнаваўся сваёй бабулі ў любові. Ён перспектыўны праграміст, апантаны любімай справай чалавек. І ў яго прыгажуня-жонка Вікторыя, урач і выкладчык Гомельскага медуніверсітэта.


— А менавіта з-за мяне бабуля пакінула фабрыку. Патрабаваўся нагляд за мною... — кранула ўнучка Бяспалавай, Карына, сваёй непасрэднасцю. І прачытала цэлую паэму, напісаную ўласнаручна і прысвечаную бабулі.


Дачка Ганна прыгатавала матулі непаўторны падарунак: зрабіла сваімі рукамі арыгінальныя пацеркі. А яшчэ расказала, як доўга давялося ўгаворваць матулю, каб паказала і іншым свае цудоўныя калекцыі.


На выставе ў музеі можна было ўбачыць шматтыражкі сваёй маладосці — “Сельмашевец”, “Ударный труд”, “За высокое качество”. Іх дагэтуль захоўвае ў сваім сямейным архіве выдатнік друку Людміла Бяспалава, занесеная ў Кнігу працоўнай славы “Полеспе­чати”.


Такое душэўнае, духоўнае напаўненне сустрэчы напярэдадні 8 Сакавіка надала яе непасрэдны ініцыятар і арганізатар — дырэктар музея Кацярына Верабей, за што ёй нізкі паклон.

















0 Обсуждение Комментировать