Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Як прамень сонечны

2600 0 23:12 / 24.01.2008
У Рэчыцы, на крутым беразе Дняпра, дзесяць гадоў таму з’явілася каплічка Еўфрасінні Полацкай. Гэта — выпакутаваная мара вядомага на Беларусі мастака, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Эдуарда Канстанцінавіча Агуновіча. Яму, ураджэнцу тутэйшых мясцін, доўгія гады карцела на месцы, адзначаным прысутнасцю духа святой Еўфрасінні, узвесці ў яе гонар капліцу і тым самым выказаць веліч, чысціню і бессмяротнасць вобраза вялікай асветніцы.
Усё на гэтым свеце заканамерна. Ёсць свая паслядоўнасць у тым, што хлопчык з невялікага палескага горада, які дзяцінства правёў на дняпроўскіх кручах, праз многа гадоў, ужо знакаміты мастак, звярнуўся да гісторыі свайго народа і ў творчасці сваёй вылучыў яе самыя значныя этапы. А без імя Еўфрасінні Полацкай немагчыма ўявіць не толькі панараму духоўнага жыцця ўсходнеславянскіх зямель XII стагоддзя, але і ўсю многавяковую гісторыю Беларусі. У дайшоўшым да нас “Житии”, найкаштоўнейшым помніку старабеларускай літаратуры канца XII стагоддзя, гаворыцца, што Еўфра-сіння “небопарный орел, попаривши от Запада и до Востока, яко луча солнечная, просвятивши всю землю Полоцкую”.
Не надта багатыя звесткі дайшлі да нашага часу, але і яны дазваляюць зрабіць выснову аб еўрапей-скай значымасці асобы падзвіжніцы. Княжна Прадслава ў дванаццацігадовым узросце пад імем Еўфрасінні прыняла пострыг. Асноўную частку свайго жыцця яна прысвяціла распаўсюджванню пісьменнасці. Яна была адной з самых адукаваных жанчын свайго часу і пакінула нашчадкам нямала ўласных пісьмовых прац. Іх рознабаковасць, абгрунтаванасць і глыбіня, як сцвярджаюць гісторыкі, высока ўзнімалі аўтарытэт Полацкага княства і ўсіх зямель нашых продкаў у вачах Візантыі і іншых краін. Прыклад Еўфрасінні натхняў яе землякоў і паслядоўнікаў — Францыска Скарыну, Сімяона Полацкага і іншых.
Еўфрасіння Полацкая стала адной з першых кананізаваных жанчын на ўсходнеславянскіх землях. І зразумела, што ў пэўны перыяд нашай гісторыі, калі панаваў атэізм, дзейнасць асветніцы замоўчвалася. І толькі ў апошнія два з паловай дзесяцігоддзі беларускія гісторыкі, пісьменнікі і мастакі нямала зрабілі дзеля таго, каб вярнуць яе чысты вобраз нашаму грамадству. Эдуард Агуновіч якраз з кагорты такіх мастакоў.
Што ж тычыцца простага рэчыцкага люду, дык ён заўсёды ведаў, што малая радзіма пазначана прысутнасцю духа святой Еўфрасінні. Дзесьці ў 60-я гады мінулага стагоддзя дачка протаіерэя Наталля Рабцэвіч прыпаднесла ў дар Рэчыцкаму краязнаўчаму музею два здымкі, на якіх адлюстравана вялікая для горада падзея — пакланенне мясцовага насельніцтва мошчам святой Еўфрасінні. У красавiку 1910 года іх перавозілі з Кіева ў Полацк у суправаджэнні лампады са святым агнём ад гроба Гасподня. У Рэчыцы, ва Успенскім саборы, мошчы знаходзіліся на працягу трох дзён. І быў бясконцым да іх людскі паток...
Гэтыя фотаздымкі і мусілі мяне зацікавіцца гістарычнай літаратурай па дадзенай тэматыцы. Напрыклад, цікавыя звесткі пра перавозку мошчаў святой Еўфрасінні на радзіму змяшчаюцца ў кнізе беларускага гісторыка Уладзіміра Арлова “Еўфрасіння Полацкая”. Як вядома, памерла яна ў Іерусаліме, куды напрыканцы жыцця здзейсніла духоўны подзвіг паломніцтва. Але ў канцы XII стагоддзя Святой Зямлі пачалі па-гражаць магаметане. За выкуп султан дазволіў хрысціянам пакінуць горад разам са сваімі рэліквіямі. І як найвялікшую скарбніцу ўсходнеславянскія манахі везлі з сабой нятленныя мошчы Еўфрасінні. Іх размясцілі ў дальніх пячорах Кіева-Пячорскага манастыра ў падземным храме Благавешчання Прасвятой Багародзіцы. Там рэліквія знаходзілася больш за сем стагоддзяў.
Усе спробы вярнуць мошчы нябеснай заступніцы Беларусі ў яе родны горад доўга адхіляліся на розных узроўнях. І толькі Усерасійскі місіянерскі з’езд у Кіеве ў 1908 годзе прыняў рэзалюцыю аб неабходнасці пераносу святыні ў Полацк.
Для перавозкі мошчаў былі вы-дзелены дзяржаўныя параходы, адзін — для самой рэліквіі, два — для суправаджэння. 19 красавіка 1910 года, на другі дзень свята Хрыстова Уваскрэшання, мошчы Еўфрасінні пачалі свой шлях на радзіму. Флатылія, якую паўсюдна сустракалі веруючыя, прайшла па Дняпры ад Кіева да Оршы каля 700 кіламетраў. Асабліва маляўнічым гэтае відовішча было ноччу, калі ўздоўж берагоў, ля самай вады гарэлі яркія вогнішчы, параходы мільгацелі свечкамі, а на вярхушцы фок-мачты флагман-скага карабля ззяў крыж. У Любечы, Рэчыцы, Рагачове, Старым Быхаве, Магілёве і Оршы флатылія спынялася. Праходзілі ўрачыстыя богаслужэнні, якія збіралі вялізную колькасць багамольцаў і паломнікаў з усяго Прыдняпроўя.
Шмат вады ўцякло з таго часу. Над Радзімай нашай пранесліся спусташальныя войны, былі разруха, голад і холад. І, здавалася б, няма ўжо на Гомельшчыне нават следу той далёкай падзеі. Але ж не — захава-ліся два фотаздымкі. Жыве і памяць людская. Доўгі час у Рэчыцы, на крутым беразе ракі, на месцы прыпынку флатыліі са святымі мошчамі, стаяў драўляны крыж. Зараз там каплічка. І чыесьці добрыя рукі кладуць ля яе падножжа, на цёмную гранітную пліту, жывыя кветкі. Невычэрпная памяць пра вялікае і святое...
Алiна КЛЫГА
Спорт


20240419_091146.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать