Вверх


Ён занатаваў свой вобраз у кнiгах

1130 0 11:12 / 24.01.2008
Паходзіў Кирыла Тураўскі, на думку даследчыкаў яго жыцця і творчасці, з сям’і начальніка тураўскага гарнізона або тураўскага намесніка вялікага князя. Змена тураўскай дынастыі, прыкладна ў 1123 годзе, ганенні на бацькоў, падтурхнулі юнака прыняць манаскі пострыг, магчыма ў абіцелі, заснаванай яго бацькамі, Мікольскім мужчынскім манастыры.
Мяркуюць, што высокую школу багаслоўя і красамоўства ён пераняў ад вучоных-грэкаў. Тых, хто меў дачыненне да яго творчасці, здзіўляла найдасканалае валоданне Кірылам Тураўскім стараславянскай моваю, свабода ў моватворчасці, экспрэсія. Ён разам з нямногімі па тым часе кніжнікамі, Нестарам-летапісцам, мітрапалітам Іларыёнам, Яраславам Мудрым распрацоўваў той абагулены варыянт стараславянскай мовы, які быў прыняты пазней за богаслужбова-літургічны канон ва ўсіх славянскіх правасллаўных цэрквах.
Час данёс да нас толькі частку яго велічнай спадчыны. Гэта восем “Слоў”, або павучанняў, “Прытчу пра душу і цела”, “Аповесць пра бесклапотнага цара і яго мудрага саветніка, “Казанне пра чарнарызскі чын”, “Канон і сціхіры на Успенне роўнаапостальнай Вольгі”, “Канон малебны”, “Канон пакаяльны”, а таксама больш за паўсотню малітваў, духоўныя вершы-псалмодыі.
Творы Кірыла Тураўскага вельмі асабістыя. Усе яны — сведчанні ступеняў яго манаскага подзвігу, прага яго палымянага духу да дасканаласці. Невыпадкова ён і выносіць ў назву сваё імя, каб засведчыць як сваю асабістую “Кірылаву малітву”.
Кірыла Тураўскі ў бытнасць сваю епіскапам узводзіць велічны сабор. З-за
падзей міжусобіц на мяжы 80-90-х гадоў, пакінуўшы епіскапскі сан, свяціцель пасяляецца ў Барысаглебскім манастыры, дзе, мяркуецца, і пахаваны яго астанкі. Ўжо ў XIII стагоддзі яго імянуюць святым манахам, а ў XIV — пішацца яго жыціе і служба ў яго гонар як святога. Шырокае яго ўшанаванне пачынвецца на мяжы XIX — XX стагоддзяў.

0 Обсуждение Комментировать