Вверх



Будынкі Гомеля, аб якіх вы не ведалі. Страты часоў Вялікай Айчыннай вайны (частка другая)

5531 0 10:35 / 20.08.2015

Цэнтральныя лазні Рудзіеўскага



Будынак цэнтральнай лазні быў пабудаваны ў 1898 годзе і знаходзіўся на вуліцы Фельдмаршальскай (цяпер Пралетарская). У той час будынак быў адным з найбольш яркіх прадстаўнікоў цаглянага стылю ў Гомелі.


Цэнтральныя лазні на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя (з кнігі В. Целеша «Гарады Беларусі на старых паштоўках»)


Лазня — адна з першых збудаванняў у Гомелі, да якіх была падведзена электрычнасць. Пасля рэвалюцыі будынак быў канфіскаваны і выкарыстоўваўся для патрэб вайсковых частак. У 1920-х гадах цэнтральную лазню перадалі камунальнаму трэсту, але з-за жахлівага ўнутранага становішча яна працяглы час прастаяла закрытай. Пасля аднаўлення абсталявання лазня прапрацавала да пачатку ваенных дзеянняў 1941 года. Падчас аднаго з авіяналётаў будынак атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні і не аднаўляўся.


Сёння на гэтым месцы знаходзіцца сціплы двухпавярховы будынак, які ўзведзены ў 1960-х гадах.


На гэтым месцы размяшчаліся цэнтральныя лазні


04_1_Мапа_баня.jpg




Гімназія Ратнера



Будынак гімназіі з гандлёвымі ўстановамі на першым паверсе спраектаваны самым знакамітым гомельскім архітэктарам Станіславам Шабунеўскім. У пачатку 1909 года ён стаў кампаньёнам Самуіла і Іоселя Шановічаў па валоданні гэтым домам. Пэўны час у ім пражыў і яго стваральнік.


Будынак гімназіі Ратнера пасля вызвалення Гомеля ў 1943 годзе (з фондаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля)


Будынак удала аформіў кут вуліц Румянцаўскай (зараз Савецкая) і Аляксандраўскай (Камсамольская), на гэтым месцы сёння знаходзіцца жылы дом з крамай «Сонечны». На першым паверсе размяшчаліся гандлёвыя лаўкі, аптэка, цырульня Фрадкіна. Гімназія знаходзілася на другім паверсе. Яна была заснавана доктарам Ратнерам і прызначалася для хлопчыкаў габрэйскага паходжання. У 1920 годзе яе пераабсталявалі ў чыгуначную школу другой ступені, але ў тым жа годзе школу выселілі і размясцілі пошту ваеннага ведамства.


У гады вайны былая гімназія пацярпела ад удараў нямецкай авіяцыі. Як і ў большасці будынкаў у цэнтры горада, у ім выгаралі міжпавярховыя перакрыцці і да моманту вызвалення горада ад дома засталася адна «скрынка». Падчас правядзення аднаўленчых работ будынак быў разабраны.


Асіметрычныя фасады з разнастайным ляпным дэкорам, маляўніча размешчаныя аконныя праёмы і актыўны сілуэт рабілі гэты будынак адным з самых яркіх на вуліцы Румянцаўскай. Калі б ён захаваўся да нашых дзён, яго можна было б смела лічыць візітнай карткай гомельскага мадэрна.


У пачатку 1950-х гадоў архітэктарам Валянцінам Ждановічам па двух баках вуліцы Камсамольскай былі пабудаваны два сіметрычныя паўкруглыя жылыя дамы ў стылі савецкага класіцызму.


На гэтым месцы размяшчалася гімназія Ратнера


05_1_Мапа_гімназія Ртанэр.jpg




Клуб чыгуначнікаў



У Гомелі ў першай палове 1920-х гадоў з’явілася неабходнасць будаўніцтва грамадска значных устаноў. Адным з першых быў узведзены будынак для правядзення сходаў рабочых і служачых чыгункі. Спраектаваў будынак у 1924 годзе Станіслаў Шабунеўскі. Гэта маштабная пабудова была зроблена з дрэва, пры дэфіцыце цэглы ў 1920-х гадах яно часта ўжывалася для будаўніцтва нават буйных грамадскіх аб’ектаў Гомеля.


Клуб на фатаграфіі даваенных часоў («Гомельская праўда», 1972 год)


Галоўны ўваход у двухпавярховы будынак быў вылучаны рызалітамі, балконы аб’ядноўвалі ўвесь працяглы фасад. У клубе размяшчаліся сцэна і зала амаль на тысячу месцаў, партэр, амфітэатр, балконы. У левай частцы знаходзілася студыя выяўленчага мастацтва, у правым — бібліятэка і гурткі.


Як высветліў гісторык Яўген Малікаў у старажылаў, будынак клуба размяшчаўся недалёка ад чыгункі і замыкаў перспектыву вуліцы Лібаўскай (зараз вуліца Шаўчэнкі). У гады вайны клуб згарэў. Сёння на гэтым месцы разваротная пляцоўка гарадскіх аўтобусаў каля аўтавакзала.


На гэтым месцы размяшчаўся клуб чыгуначнікаў


Юрый ПАНКОЎ, гісторык, супрацоўнік музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля; Сяргей ЛЯПІН, архітэктар


0 Обсуждение Комментировать
Загрузка...