Вверх

Будынкі Гомеля, аб якіх вы не ведалі. Страты часоў Вялікай Айчыннай вайны (частка чацьвертая, апошняя)

5746 2 09:41 / 25.08.2015

«Палац» на аэрадроме

Адзін з самых малавядомых будынкаў Гомеля размяшчаўся на вуліцы Савецкай паміж вуліцамі Шылава і Чангарскай дывізіі. Ніякай інфармацыі аб яго прызначэнні не захавалася.

Будынак «палаца» на нямецкай фатаграфіі 1941 — 1943 гадоў (з калекцыі Я. Р. Малікава)

Магчыма, з-за таго, што яно праіснавала зусім непрацяглы тэрмін — не больш за дзесяць гадоў. Толькі нешматлікія фотаздымкі, зробленыя нямецкімі акупантамі, праліва­юць святло на гэтую пабудову: пампезны двухпавярховы будынак адступаў ад чырвонай лініі вуліцы Савецкай, утвараючы пляц. Тры порцікі афармлялі парадныя ўваходы на галоўным фасадзе. Як і ў выпадку з корпусам універсітэта імя Францыска Скарыны, што размешчаны на вуліцы Кірава, на аўтара гэтай пабудовы канца 1930-х гадоў, верагодна, паўплывала архітэктура італьянскіх палацаў эпохі Адраджэння.

Гэтая пабудова знаходзілася паміж жылымі дамамі ваенных 63-й асобнай авіяцыйнай эскадрыллі, недалёка ад узлётна-пасадачнай паласы. Таму, хутчэй за ўсё, гэты «палац» адносіўся да ваеннай часці і меў адміністрацыйныя функцыі.

Аэрадром як стратэгічна важны ваенны аб’ект падвяргаўся шматлікім бамбёжкам. Многія пабудовы з ваеннага комплексу, уключаючы і гэты будынак, былі сур’ёзна пашкоджаны і пасля вызвалення Гомеля не аднаўляліся. Сёння месца, дзе стаяў гэты будынак, аточана пяціпавярховымі хрушчоўкамі.

У двары паміж гэтымі дамамі размяшчаўся «палац»

10_Мапа_палац авіятараў.jpg

Навабеліцкі працоўны квартал

У першыя гады індустрыялізацыі ў Навабеліцы вакол буйных прадпрыемстваў былі пабудаваны некалькі працоўных пасёлкаў. Жылыя дамы-кварталы, якія адносяцца да аднаго з такіх заводаў, былі размешчаны на вуліцы Ільіча (у той час вуліца Шасэйная). Побач з двума шмат­кватэрнымі дамамі ў 1930 годзе пабудавалі сталовую-рэстаран. Гэты стылёвы канструктывісцкі будынак знаходзіўся на вуглу неіснуючага сёння перакрыжавання вуліц Ільіча з Мечнікава. Архітэктура будынка адпавядала лепшым узорам стылю — спалучэнне простых прамавугольных і цыліндрычных аб’ёмаў, уступчатыя атыкі над рызалітамі, эксплуатуемы дах.

Сталовая ў рабочым пасёлку (Новая-Беліца)

Цікава, што на месцы сталовай да 1842 года знаходзілася царква Святога Васілія, пасля яе — Мікольская зімовая праваслаўная царква, якую ў 1928 годзе пераабсталявалі ў сталовую, а ў 1930-м цалкам знеслі для будаўніцтва капітальнай сталовай. У гады вайны комплекс будынкаў быў моцна пашкоджаны і пасля разабраны.

У 1950-х гадах на месцы рабочага квартала быў разбіты сквер, пабудаваны кінатэатр «Мір», пазней — дзевяціпавярховы жылы дом. Месца сталовай сёння займае вуглавы дом з вежай гомельскага архітэктара Валянціна Ждановіча.

На гэтым месцы быў будынак сталовай

08_1_Мапа_сталоўка.jpg

Юрый ПАНКОЎ, гісторык, супрацоўнік музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля; Сяргей ЛЯПІН, архітэктар

Фото аўтараў

0 Обсуждение Комментировать
Валянціна 03/02/2016 22:33
Брава, Юра і вялікі дзякуй!  Матэрыял проста бясцэнны - у першую чаргу ілюстрацыі. Адразу ўяўляеш, наколькі змяніўся наш горад і сколькі ён страціў - нават на проста забудоў, а атмасферу утульнасці і адносіны людзей да месца свайго пражывання. Відавочна, што будавалі з любоўю,  кожны будынак арыгінальны, а не  "па тыпавому праекту".  Вельмі горка, што мы не перанялі еўрапейскай традыцыі аднаўляць напаўразрушанае, як гэта было зроблена пасля вайны ў Дрэздэне ці Варшаве, а сталі разбіраць архітэктурныя помнікі на цэглу. Гэта, на жаль, паказчык нашай культуны і павагі да саміх сябе.
     Ёсць пара пытанняў-ўдакладненняў: 1. Здымак гарадскіх лазняў часам фігуруе як "Бані Лагоріо" - у Вас іншая прыналежнасць.
2. "Савой" згубіла сваё асноўнае прызначэнне ўжо ў студзені 1919, калі вярнулася савецкая ўлада і "камунары" зрабілі з яе "Савдэп" і ўласныя жыллёвыя апартаменты.
     Віншуем гомельскае краязнаўства і лакальную гісторыю з новым даследчыкам!
Цитировать
Ю. Панков 05/02/2016 16:47
Цитата
Валянціна пишет:

Дзякуй, Валянціна Міхайлаўна, за водгук!
Усё ж такі не толькі я пісаў артыкул, але ж і Сяргей Ляпін. Яму таксама дзякуй. :)
Адкажу на пытанні: 1 - усё ж такі лазні "Лагоріо", я лічу, заўсёды знаходзіліся на вул. Мільённай. У даведніку  "Увесь Гомель (1915)" сапраўды напісана, што акрамя Мільённай, "Лагоріо" знаходзіліся і на Фельдмаршальскай. Тут асабліва ў мяне два варыянта, ці то памылка, ці то ўладальнік лазняў на Мільённай набыў і лазні на Фельдмаршальскай. Таму і было вырашана не называць іх у нашым артыкуле так, каб не вызываць непаразуменняў з лазнямі на Мільённай. Узялі назву, якая больш фігуруе ў гістарыяграфіі.
2 - Сапраўды, Вы маеце рацыю.
З павагай, Юрый Панкоў.
Цитировать
Загрузка...