Вверх


Вандроўка трыццаць восьмая. Лапаціна. Гомельскі раён

3429 1 09:51 / 24.08.2016

Дзіўна, але яшчэ ні разу не была ў гэтым кутку Гомельскага раёна. А ён не менш каларытны, чым іншыя мясціны.


 


Вёска Лапаціна ўразіла сваёй прыстасаванасцю да жыцця, тым, што тут збераг­лі ўсё лепшае, што гэты населены пункт меў у гады свайго росквіту.


Як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства ВКЛ Лапаціна вядома з XVIII стагоддзя. Была ў складзе Расійскай імперыі. У 1798-м ёй валодаў фельдмаршал Пётр Румянцаў-Задунайскі, пазней, з 1834 года, — князь Іван Паскевіч.


У пачатку XX стагоддзя Лапаціна ўваходзіла ў Пакалюбіцкую воласць Гомельскага павета Магілёўскай губерніі. У 1926 — 1927 гадах тут быў цэнтр аднайменнага сельсавета. І калгас з такой жа назвай стварылі ў 1929-м. Меўся ветраны млын.


Лапаціна вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у адзін дзень з Гомелем — 26 лістапада 1943 года. 179 жыхароў вёскі загінулі ў баях на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у партызанскай барацьбе.


У розны час вёску ўслаўлялі працавітыя, старанныя людзі, якія шчыра, як сапраўдныя патрыёты, рупіліся пра будучыню бацькоўскага гнязда. Напрыклад, лепшы механізатар раёна Міхаіл Быркоў, які пачынаў у калгасе «Шлях да камунізму», а пасля вучобы ў Касцюкоўскім вучылішчы і службы ў арміі, папоўніў кагорту ўдарнікаў пяцігодак, стаў лаўрэатам Дзяржпрэміі. Звыш паўвека працоўны стаж Міхаіла Іванавіча. Ветэран узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», Дружбы Народаў. Было чаму павучыцца моладзі ў такога настаўніка працы, які двойчы адзначаны бронзавым медалём ВДНГ СССР.


Уславілі лапацінскую зямлю таксама даярка Герой Сацыялістычнай Працы Лідзія Шапавалава і настаўніца роднай мовы Валянціна Ляонава. Ганарацца ў вёсцы і перадавым механізатарам Аляксандрам Калбаснікавым, даяркай Валянцінай Казаковай, якая была дэпутатам Пакалюбіцкага сельсавета, а таксама раённага, абласнога Саветаў. Пра ўраджэнца Лапаціна, удзельніка Вялікай Айчыннай Івана Ларкіна ў «Гомельскай праўдзе» друкаваўся артыкул яго сястры Раісы Аўсянковай. Публікацыя пра лётчыка-франтавіка беражліва захоўваецца ў папцы з матэрыяламі пра ветэранаў вайны.


Зінаіда Волкава: «Толькі пяць гадоў пражыў пасля вяселля муж, вышыванка нагадвае пра яго... А я 56 гадоў ужо ў Лапаціна»


Дацэнтам на кафедры фізікі ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П. Сухога працуе Пётр Шапавалаў. Выпускнік фізфака ГДУ імя Ф. Скарыны, пасля заканчэння аспірантуры Інстытута фізікі АН БССР ён займаўся даследваннем распаўсюджання лазернага выпраменьвання ў нелінейных асяроддзях. Ураджэнец Лапаціна працаваў у Інстытуце прыкладной фізікі НАН Беларусі (Магілёў), і ўжо 9 гадоў як вярнуўся на Гомельшчыну, бліжэй да сваіх каранёў.


Пра славутых людзей я даведалася, пазнаёміўшыся з руплівіцамі на ніве не менш важнай — роднай культуры: загадчыцай бібліятэкі Валянцінай Сярковай і загадчыцай мясцовага сельскага Дома культуры Анжэлай Аўбакіравай. Прыемна, што ў лапацінскім асяродку культуры ўтульна, ужо ў фае трапляеш на выставу творчасці мясцовых жанчын-майстрых Святланы Корбут, Ганны Шаўло і многіх іншых. Прыходзяць у Дом культуры сем’ямі, і гэта асабліва радуе ў Год культуры. Звыш 700 чытачоў наведваюць мясцовую бібліятэку. Тут больш чым 6 тысяч экземпляраў кніг, выпісваюць «Гомельскую праўду», іншыя газеты і часопісы. Адна з лапацінскіх сем’яў, якая шмат чытае, — Корбуты, прычым і дзве дачушкі з малалецтва далучаны да кніг. Крысціна — выпускніца філіяла Яромінскай музычнай школы, малюе, піша вершы (яе творы надрукаваны сёлета ў № 4 часопіса «Метаморфозы»). Кацярына вучыцца ва ўніверсітэце транспарту ў Гомелі, але і зараз часта бывае ў вясковай бібліятэцы.


Меня дорога тайнами манит,


Палящим солнцем и обочин пылью,


Прохладой той, что в воздухе парит,


Неуловима между сном и былью... — 


гэта радкі Крысціны Корбут, цяпер навучэнкі Гомельскага каледжа імя Выгоцкага.


Сапраўдны музей этнаграфіі створаны ў сельскім Доме культуры, сабраны каштоўныя рэчы сівой мінуўшчыны, многае з побыту продкаў. Напрыклад, ёсць вельмі старадаўнія ручнікі Веткаўшчыны, якім да 200 гадоў! А яшчэ прадстаўлена і сарочка-вышыванка, якую ўласнаручна падрыхтавала свайму выбранніку да замужжа ветэран педагагічнай працы Зінаіда Волкава. Карэнная гамяльчанка, яна распісалася з вяскоўцам-лапацінцам у гарадскім загсе 21 сту­дзеня 1961 года. Настаўніцай адпрацавала ў СШ № 42 ў Касцюкоўцы больш 30 гадоў.


Юныя лапацінцы Руслан і Ангеліна Базылёвы


1907-м датавана ўнікальнае выданне — першы том «Малого Энциклопедического словаря» Бракгауза і Эфрона, выпушчанага ў Санкт-Пецярбургу — яго беражліва захоўваюць у музеі этнаграфіі. І сам пакой гэты падаўся настолькі светлым (мо таму што агромністыя вокны дораць святло жнівеньскага дня, а мо ад цеплыні і дабрыні, што выпраменьваюць народныя скарбы), што захацелася яшчэ калі-небудзь пры­ехаць у Лапаціна...


І як было не зазірнуць у прыгожы дом Ніны Калбаснікавай, ветэрана мастацкай самадзейнасці, якая разам з дачкой-пенсіянеркай, былой загадчыцай садка Ларысай Гнезднікавай, спяваюць ў вакальным калектыве «Журавушкі». 82-гадовая Ніна Макараўна, у мінулым выпускніца гомельскай фельчарскай школы, сама і кіравала будоўляй лапацінскага ФАПа, 42 гады ўзначальвала яго, была сапраўднай хуткай дапамогай для сваіх землякоў. Разам з мужам, галоўным ветурачом, выхавалі ў любові трох дачок.


Сама ж гаспадыня дома ў сямігадовым узросце спасцігла акупацыю фашыстамі роднай вёскі, таму і найперш падзялілася:


Не забыць, як немец, нацэліўшы на нас з мамай аўтамат, камандаваў, каб выходзілі з акопа. Мама ўпарцілася, а я яе слёзна маліла: «Мамачка, выходзь, а то нас заб’юць». Выжылі. Хата наша згарэла пасля вайны па неасцярожнасці суседкі. Матуля з’ездзіла на Веткаўшчыну, прыдбала і перавезла маленькі буданчык — лазню. У ёй было так цёпла і ўтульна!


Ці не таму і песні, якія так душэўна-пранізліва спяваюць маці з дачкою, пра жаночую долю:


Бацька родны быў,


Маці мачахай была,


Да й рана замуж аддала,


Да й румяністую,


У вялікую сям’ю да й ненавісную...


Праўда, рэпертуар выступленняў самой Ларысы Гнезднікавай вельмі вясёлы. Гэтым летам яна брала ўдзел у фестывалі гумару ў Аўцюках і на свяце гарманістаў у Ельску. Каларытная жанчына за словам у кішэню не лезе. Сваімі пазітыўнымі адносінамі да жыцця ўздымае настрой слухачам прыпевак, баек, гумарэсак, анекдотаў. Яны ў яе з асаблівым шармам, бо выканаўца валодае адметнай палескай мовай, і яе добра разумеюць усе славяне памежжа...


Так што пакідала я Лапаціна з жаданнем прыехаць сюды зноў. Прыцягальная вёска сваімі людзьмі!











20 гадоў загадвае ФАПам Наталля Емяльяненка, абслугоўвае 1213 дарослых і 233 дзяцей











Адметны дом Калбаснікавых з гаспадынямі-спявачкамі


Фото автора
0 Обсуждение Комментировать
Уладзімір Русаковіч 05/09/2016 22:10
Вялікі дзякуй за артыкул на беларускай мове! Калі ласка, пішыце па-беларуску часцей  
Цитировать