Вверх


Вандроўка трыццаць дзявятая. Мікалаеўка. Добрушскі раён

1462 0 08:35 / 20.10.2016

Колькі на нашай зямлі беларускай вёсак з такой назваю! Але ж гэтая — асаблівая, бо яна ў самым кутку Добрушскага краю, у прыграніччы з Украінай. Зараз, як паведаміла кіраўнік спраў Усохабудскага сельвыканкама Ала Хузеева, у Мікалаеўцы прапісаны 143 жыхары, ёсць 71 гаспадарка. Самая юная ў вёсцы Ганначка Дзялендава, ёй другі годзік, а старэйшая — Ганна Піскунова, 1925 года нараджэння. За ёй — Марыя Петрыкава. Яна 22 гады адрабіла білетным касірам на станцыі «Куток», за шматгадовую працу атрымала ў 1980-м медаль «Ветэран працы».




Бацькоўская хата


Ганна Піскунова завіхалася каля печы, і, падалося, размаўляла з хатай, бы з жывой істотаю. Развітвалася пакрысе. Справа ў тым, што на зімоўку з’едзе яна да дачкі Тамары ў Рэчыцу. Вясною вернецца, каб летаваць на радзіме. Што для яе, сялянкі, хата? Яна ж у ёй і на свет з’явілася, і пражыла 91 год, спазнаўшы і ра­дасць, і журбу. Ды гэта такая ступень роднасці, што словамі ці выкажаш?


З 12-гадовага ўзросту Ганна, можна сказаць, сама выжывала, бо яшчэ да вайны яе маці памерла, а бацька ўтапіўся...


— На конях арала, касіла сама, скірдавала сена, і падвозчыкам была, кароў даіла, лён на машыны накладала. Усё на свеце рабіла сама, пакуль хазяін знайшоўся мне ў Мікалаеўцы, Іван мой. З ім дваіх дзетак нажылі, — дзялілася цётка. — Я ж пявулля была і танцулістка!


І заспявала так хораша, звонка, весела, прытупваючы ў такт.


Мікалаеўка вядома з XVIII стагоддзя як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства, уладанне Чартарыйскіх, з 1772 года ў складзе Расійскай імперыі. Валодаў ёю фельдмаршал граф Пётр Румянцаў-Задунайскі, а з 1834 года — князь Паскевіч. Пазней уваходзіла ў Беліцкі ўезд Магілёўскай губерніі, затым у Клімаўскую эканомію Гомельскага маёнтка. У студзені 1873 года пачала працаваць


чыгуначная лінія Гомель — Бахмач, з’явіўся чыгуначны раз’езд, пазней — станцыя. Праз тры гады адкрыліся крупадзёрня, хлебазапасны магазін, неўзабаве і школа.


Калгас тут арганізавалі ў 1929-м. Са жніўня 1941-га па 2 кастрычніка 1943 года вёска была акупіравана фашыстамі.


Не ў лепшы час, а ў восеньскую халадэчу і дождж адправілася я ў Мікалаеўку, і таму вельмі парадавалі на вуліцы Вакзальнай яркія прысядзібныя ўпрыгожанні. Ды і многія дамы вяскоўцаў і дачнікаў быццам лялькі. На Вакзальнай новы асфальт, і людзям гэтай працяглай вёскі, прыехаўшы з Гомеля дамоў, з чыгуначнай станцыі дабірацца зручней. Толькі не пашанцавала сяльчанам з газіфікацыяй, з ажыццяўленнем гэтай даўняй запаветнай мары. І цяпер без газу.


Як ні цяжка жылі старэйшыя жанчыны гэтай вёскі, як ні самаахвярна працавалі ў розныя часіны, але і сёння ў іх душах неймаверная цяга да прыгожага. Вышывальшчыцы тут знакамітыя, швачкі. І хаты ўбраныя ў дзень будзённы па-святочнаму, бы дзяўчаты да шлюбу.


На Кааператыўнай вуліцы парадавалі сваімі скарбамі-вышыўкамі Еўдакія Мартыненка, Любоў Палякова, Таццяна Старкова, Ганна Матлахова.


Матчына квасоля


Аповяд Еўдакіі МартыненкА...


— Бацька пайшоў на войну і загінуў у Польшчы. Маці адна нас, пяцёра, падымала. 45 рублёў атрымлівала яна па страце мужа. А падаткі якія! Маеш агарод — плаці, мяса, малако здавай дзяржаве, яец (ёсць куры ці не), а 75 штук аддай.


Наша маці вумнаватая, лічу, была. Яна на агародзе сеяла як болей квасолі. Лічыла: хлеб квасоля заменіць. То камоў наварыць, то супу квасолевага. Люба, сястрыца мая, кажа, што й цяпер той квасолевы суп пад грудзя­мі стаіць быццам... Але ж мы выжылі і жывом. Не верце тым, хто кажа, што цяпер трудна. Няпраўда! Цяпер рай. Помніцца, што хлеб мама пякла на прастольнае свята вёскі — Мітрафана, на Каляды і на Паску. Брат наш малодшы ўсё казаў: «Добра б, мамачка, каб Паска была ўвесь час...»


...і Любові Паляковай, пра шчаўе дзяцінства


— Не мелі за што падручнікі школьныя купіць. З сяброўкай, Галяй Лявонавай, збіралі шчаўе і хадзілі ў Церахоўку, прадавалі людзям пад вокнамі. Неяк брат дваюрадны пабачыў мяне, малую, і сказаў: «З сённяшняга дня ў мясцовую сталоўку будзеце вазіць шчаўе, я дамовіўся». Дык мы на тых заробках і разжыліся паціху. Бывала, і братам, і сабе кніжкі куплю, і кашулі. Хлопцы, праўда, ездзілі на Іллюшынскае, да украінцаў на работу, кароў пасвіць. Так мне швейную машынку набылі. Навучылася, пайшла ў швейную ў Церахоўцы працаваць. А дзядзька ў лямцавай паглядзеў на мяне і кажа: «Ну, точна такая дзевачка нам шчаўе прадавала. Копія!» А я як засаромелася, кажу яму: «Не, я не прадавала...»


З пакалення ў пакаленне ў Мікалаеўцы перадаецца аповяд пра партызана. Ужо стаў той расказ народным эпасам.


У 1943-м, калі набліжаўся час вызвалення, паранены партызан, падстрэлены акупантамі, схаваўся на гарышчы хаты (там цяпер медпункт — заўвага аўтара). А немцы рухаліся якраз з Усоха-Буды на Ніўкі, і па крывавым следзе высачылі бедалагу. Ён адстрэльваўся, а апошнюю кулю пусціў сабе ў твар. Каб не вызначылі, хто ён, чый. У Гукаў Садок зацягнулі яго акупанты (непадалёк ад цяперашняга магазіна — заўвага аўтара). На вярбе высокай мёртвага павесілі, тыдні два не здымалі. Ніхто, каб і хацеў, не ўгадаў яго — так твар быў раскурочаны.




Любоў Палякова восем гадоў адпрацавала паштальёнам

Мікалай


Як, наведаўшы Мікалаеўку, не расказаць хоць пра аднаго Мікалая? У сельвыканкаме мне падказалі прозвішча: Какадзееў, ураджэнец пасёлка Андрэеўка, асеў тут. Смуглатвары мужчына, ветэран-вадзіцель, выхаваны з дзяцінства матуляй і бабуляй, падзяліўся пра тое, што баліць яму і сёння:


— У маладосці матуля мая будучая ездзіла дапамагаць дзеду на Украіну і там пазнаёмілася з хлопцам. Ён прыехаў, крыху пажыў тут і ўкаціў у Маскву да брата свайго Пракопа... Да школьнага ўзросту я рос на Украіне. Трудна было. Хатка малая — у калідоры карова, у пакоі — парася. У школу пайсці наважыў я на беларускай зямлі. Але кожныя выхадныя ездзіў адсюль, адведваў дзеда. Дзесьці ў 14 ці ў


16-гадовым узросце неяк убачыў свайго бацьку ў Харобічах. Крыўда сціснула. Не падыйшоў я. За ўвесь час ад яго ні гуку, ні капейчыны аліментаў. І вось у 2000-м, калі мамы не было ўжо, пісьмо ў Усоха-Будзе паштальён уручае, на імя матулі. І піша мой лятун Нікіфар Пятровіч, што цяжка яму, дзесь побач з Запарожжам. Хату гатовы збыць за 500 грыўняў і з імі да нас прыехаць. Мы з жонкаю палічылі, што нам ніхто не пісаў...

Вышываныя цуды Таццяны Старковай
Валянцініна сяліба


Мікалаеўка — малая радзіма Валянціны Кадзетавай-Арэставай, таленавітай нашай сучасніцы, празаіка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, якая так хораша, сакавіта піша на роднай мове. І пра што! Пра долю жаночую. Ды як жа ж не завітаць на той кавалак зямлі, дзе калісьці стаяла бацькоўская хата Мікалаеўны, дзе садок, азярцо яе маленства.


Правяла мяне да Валянцінінай сялібы і да іншых хат таленавітых сваіх зямлячак ветэран культуры Вольга Бондарава (у дзявоцтве Ільічова), якая аддала галіне 41 год. І бібліятэкарам працавала, і дыджэем нават. Дыскатэкі ладзіла для моладзі. Энтузіястка, актывістка, і з якой чулай душой жанчына! З мужам Аляксандрам Ціханавічам, ветэранам працы (закладваў першы цэх на «Цэнтраліце», 40 гадоў адрабіў у лакаматыўным дэпо ў Гомелі) выгадавалі дваіх сыноў, жанілі, радуюцца іх сямейным поспехам. Цяпер ужо бабуля Вольга раз на тыдзень ездзіць са свайго Кутка ў Гомель, каб выправіць унучачку, чацвёртакласніцу, у гурток — далучае да тэатральнага мастацтва, да прыгожага. У доме Бондаравых даведалася, што гаспадары адзначаць у лістападзе 46 гадоў сумеснага жыцця. Усё ў іх па-людску: і хату ўласнаручна пабудавалі, і сад пасадзілі, і нашчадкаў выхавалі як след.


...Па-сваяцку і па-зямляцку перадавалі многія землякі з Мікалаеўкі прывітанне Валянціне Кадзетавай, на Жлобіншчыну. Гэта добра, калі цябе памятаюць на радзіме.




У Бондаравых і дні нараджэння ледзь не дзень у дзень



 Усе падарожжа:


 

Фото автора
0 Обсуждение Комментировать