Вверх


Вандроўка сорак пятая. Глыбоцкае. Гомельскі раён

7101 0 16:29 / 19.09.2017

Гісторыя знакамітай вёскі


Як зазначае ў сваім даследаванні настаўнік гісторыі Глыбоцкай базавай школы — садка Аляксандр Смолікаў, селішча адносіцца да найбольш старажытных на Гомельшчыне. У пісьмовых крыніцах згадваецца ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, хаця па паданнях старажылаў людзі тут жылі ў XIII стагоддзі. Вёска ўзнікла на пясчаным узвышшы, між топкіх балотаў, удалечыні ад пратаптаных дарог, на беразе глыбокага возера. Першапачаткова яна насіла найменне Глубоцкае.


У 1788 годзе вёска ўваходзіла ў Беліцкі павет, была ўласнасцю Мікалая Румянцава-Задунайскага. 265 сялян пражывалі тут у 1833-м, вёска была ў Мікалаеўскай эканоміі Гомельскага маёнтка. Праз год Глыбоцкае стала ўласнасцю Івана Паскевіча. З 1852 года — у Гомельскім павеце.


Праваслаўная царква Ражства Багаро­дзіцы пабудавана тут у 1849 годзе. Народнае вучылішча адкрыта ў 1856-м. У 1886 годзе было 207 двароў, 1460 жыхароў, у 1909-м ужо 284 двары і 1956 жыхароў, а вясковае сельскагаспадарчае таварыства мела 2923 дзесяціны зямлі. У той жа год адчынена аднакласная царкоўнапрыходская школа.


Калі ў 1886-м у вёсцы былі тры ветраныя млыны, хлебазапасны магазін, жыхары займаліся шавецкай, сталярскай, бандарскай справай, то ў канцы 1926 года Глыбоцкае стала цэнтрам сельсавета Насовіцкага, а з 4 жніўня 1927-га — Церахоўскага раёнаў. Тут ужо было 356 двароў, стварылі калгас «Пяскі»: працавалі торфазавод, дзве конныя крупадзёркі, два ветраныя млыны...


Глыбоцкае ў гэтыя вераснёўскія дні радуе пярэстымі кветнікамі астраў, вяргіняў. На кожнай вуліцы адчуваеш клопат людзей пра свае падворкі. Завітала я найперш у старэйшую хату вёскі — 100-гадовы дом сям’і Каваленка-Літвінавых. Гаспадыня Любоў Мікалаеўна 23 кастрычніка адзначыць уласнае 80-годдзе. І ў бацькоўскай хаце, якая перажыла такія віхуры гісторыі! «Зроблена яна са смалянога лесу, чыстага, вечнага», — падзялілася ветэран працы.


Яе бацька Мікалай Каваленка быў знакамітым у ваколіцах пчаляром, ён удзельнік першай сельскагаспадарчай выставы ў Маскве. Калі ў край прыйшла Вялікая Айчынная, вывез калгасную пасеку ў лес пад Лавынню. У 1943-м пчаляра прызвалі на фронт. Загінуў на тэрыторыі Польшчы. Паспеў яшчэ даслаць ліст развітальны, напісаны хімічным алоўкам, з запаветам радні і суседзям дапамагчы выгадаваць сына. Мог бы ганарыцца салдат — яго Віталь палітработнік, палкоўнік у адстаўцы, жыве ў Гомелі. Яшчэ хлапчуком падоўжыў пчалярскую славу бацькі: і сам развіваў пасеку, і землякоў навучыў.


Згадваючы сваё дзяцінства, распавя­даючы пра брата і сясцёр, цётка Люба шчыра плакала.

 


 


 Маці-гераіня Алена Каваленка


  Пасведчанне пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва, атрыманае Міхаілам Літвінавым на Украіне ў 1961 годзе


 Узнагароды Міхаіла Літвінава
Споведзь пра маці


— У перыяд акупацыі тут двары праз два была так званая пажарная: стаяў хлеў, былі коні, бочкі з вадою. Дзяжурства нёс стары, які пільна выконваў свае абавязкі. Чалавек быў у такім узросце, калі ўсё роўна, хто прыйшоў — свае ці чужынцы. Ён і далажыў, што ў нашу хату наведваліся партызаны. Маму схапілі, павезлі на расстрэл. Каля штаба (ён размяшчаўся ў хаце дзеда Юркі) машына спынілася, і паліцай з мясцовых скамандаваў: «Бяжыце, цётка Алена!» Мама кінулася праз агароды і на Дабранку. У Бобаве сядзела ў кустах дні тры. Прыйшла пад вокны хаты ўжо не маючы надзеі, што мы ацалелі. Зазірнула ў вакно, пабачыла спячых нас і, радасная, пайшла капаць бульбу. Памыла яе, стала чысціць. А тут немцы ідуць у двор разам са старастам Цімашэнкам. Маму нашу прывязалі да стульчыка і з усёй сілы білі плёткамі, палец на назе адсеклі. Кінулі паміраць акрываўленую, а мы так крыкам зайшліся, што суседзі ўсе збегліся і вадою яе адлівалі.


Калі фронт ішоў з украінскай Ільмоўкі, маму забралі ў палявы шпіталь. На просцінах падвешвалі, каб латаць: з ніжняй част­кі цела скуру бралі на грудзі. Матуля ўся паласатая была, чырвона-фіялетавая. На сэр­ца хварэла, але пражыла лічы да 80 гадоў пасля такога гора. А як працавала, каб вывучыць дзяцей! Пасеку трымала. Брала дзве пайкі лёну — цэлы гектар. Яна рве, а мы за ёй наўколенцах траву рвем, цягаем на сена для каровы, за чатыры кіламетры.

 Шчыруюць гаспадары Барысенкі


  Царква Ражства Прасвятой Багародзіцы


 Раіса Мікалаенка — чытальнік і спявачка ў царкве. Яна ўсіх страчае ў Глыбоцкім і праводзіць...


  Цудадзейная ікона Знамення Прасвятой Багародзіцы


 


 Вышываныя карціны Лідзіі Барысенкі


  На вуліцы Новай
Любоў


Цётка Люба як бы дакарае сябе, што з чацвярых дзяцей адна без вышэйшай адукацыі. А я хачу зазначыць, што яе жыццёвая навука каштуе іншых універсітэтаў. Вельмі багатая яе мова, яна цудоўны суразмоўца. Ды і столькі пакут вынесшы, застаецца чуйнай да людзей. Столькі любові месціцца ў яе сэрцы да роднага Глыбоцкага краю!


— Першы муж мой — Юрый Пожар — адэсіт быў. Прыгожа, хораша спяваў. Дзеля яго я вучобу кінула, толькі-толькі паступіўшы ў кааператыўны тэхнікум. Пасля яго смерці прыйшоў да мяне ў прымы ўдзельнік вайны Міхаіл Літвінаў, 38 гадоў разам, па-чалавечы пражылі. Я за яго больш як на 12 гадоў маладзейшая. Ордэн Леніна ён заслужыў, ды і ваенныя ўзнагароды ёсць.


Дзеці мае ад першага шлюбу жывуць на Украіне: сын на Чарнігаўшчыне, а дачка ў Роўна. Вельмі зараз насядаюць, каб мы з дзедам пераязджалі за мяжу, маўляў, усе будзем разам. Колісь і мы працавалі на Чарнігаўшчыне на торфапрадпрыемстве. Ды як жа мы кінем сваю зямельку? У дзеда сын тут пахаваны. Нявестка цудоўная, нас даглядае, дапамагае ва ўсім.


У Глыбоцкім ёсць помнік археалогіі, вядомы з 1873 года, — гарадзішча. Даследчык Еўдакім Раманаў колісь паведамляў: сяляне знайшлі скарб арабскіх дырхемаў дынастыі Саманідаў (895 — 910).

 Гарбузовыя горкі каля падворкаў


  Дырэктар Глыбоцкай базавай школы-дзіцячага садка Уладзімір Пашчанка


 


 Начальнік аддзялення паштовай сувязі ў Глыбоцкім Наталля Міхальчанка клапоціцца пра ўсіх вяскоўцаў
Міру і згоды


149 землякоў-глыбачан загінулі ў Вялікую Айчынную. У 1985 годзе ў вёсцы ўстаноўлена мармуровая пліта з імёнамі загінуўшых. Ёсць і брацкая магіла: 25 воінаў, якія памерлі ад ран у шпіталі ў верасні 1943-га. У 1953 годзе пастаўлены абеліск, рэканструяваны ў 1985-м.


Свята захоўваюць у вёсцы яе гістарычную памяць, шануюць яе святыні, прынамсі, праваслаўную царкву Ражства Прасвятой Багародзіцы, у якой змешчана ікона Знамення Прасвятой Багародзіцы. 21 верасня тут будуць святкаваць храмавае свята.


Вернікі сказалі шмат шчырых слоў пра святара айца Паўла Харламава, які ўласна­ручна аднаўляе храм, што неаднойчы ўратоўваў вёску ад бяды.


Удзячны сяляне Глыбоцкага, ветэраны працы і кіраўніку сельгаспрадпрыемства «Знамя Родины» Рубану. Зямля належна апрацоўваецца, аддзячвае добрымі ўра­джаямі. Кожны лапічак засеяны! І кожны мае сваю назву: Побал, Лявонаў Лог, Лубянка, Струпаў, Мошкі...


Парадавала мяне і школа-дзевяцігодка. Навучанне вядзецца тут па-беларуску. Па-сапраўднаму шчыруюць настаўніца роднай мовы Людміла Фралова, гісторык Аляксандр Смолікаў, намеснік дырэктара Людміла Кавалёва і іншыя педагогі. 35 гадоў кіруе калектывам Уладзімір Пашчанка. «Калі школа зачынена — стаў крыж на вёсцы», — лічыць дырэктар. І як з ім не пага­дзіцца! Зараз у школе 24 вучні, у садку, які далучаны, — 11 дзетак. Іх выхоўваюць сапраўднымі патрыётамі свайго Глыбоцкага.


Скажу шчыра: сэрцам адчула прыця­гальную моц гэтай вескі. А калі пабачыла, як горда лунае на яе ўскрайку дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, пажадала ў думках ўсім нам, яе грамадзянам, міру і згоды.

Фото автора

0 Обсуждение Комментировать