Вверх


Вандроўка сорак шостая. Слава. Лоеўскі раён

1047 0 16:44 / 14.11.2017

Іншы чалавек марыць лётаць высока, як арол, у нябёсах, а другі заслужыць славу, ды такую, каб пра яго расказвалі землякі. Ураджэнец населенага пункта Слава Іван Лосікаў рознага хлеба паспытаў у жыцці, шмат гадоў адпрацаваў на Гомельскім заводзе вымяральных прыбораў, сваю славу ў землякоў здабыў і працай рабочага, і пісьменніцкай.


І тым, што ўвесь гэты час ён верны роднаму куточку Лоеўшчыны, які называюць «зарэчнай зонай». У суседняй вёсцы Арол дача Івана Лукіча, творчая лабараторыя, ён шмат часу праводзіць тут. І шматлікія персанажы яго празаічных рускамоўных твораў з гэтых мясцін. Арол і Слава — суседзі.


З гісторыі Славы


Як сведчыць энцыклапедыя «Гарады і вёскі Беларусі», заснавана Слава ў 1920 годзе перасяленцамі з суседніх вёсак, на былых памешчыцкіх землях. У 1931 годзе тут арганізоўваўся калгас, пазней гаспадарка была ў складзе саўгаса «Карпаўка». У 1959 годзе тут жылі 64 вяскоўцы, а ў 1999-м у Славе было толькі 12 гаспадарак і 20 жыхароў.


Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Іван Лосікаў і стаў маім гідам на сваю радзіму, згадваў няпростае дзяцінства, галаднечу і холад, распавядаў пра лёсы землякоў. Зараз у вёсцы толькі тры хаты жывыя! На адзінай тут вуліцы два-тры разы на тыдзень з’явіцца аўталаўка, ды праца леснікоў Карпаўскага лясніцтва ў прыгожым бярозава-сасновым лесе абудзіць наваколле, а таксама рэдкі прыезд родзічаў, якія адведваюць ужо нямоглых жанчын.


Сядзіба


Вельмі перажывала цётка Хрысціна, што не заспелі мы пабачыць яе вяргіні: адцвілі! Аднак не менш чым прастора дварышча, адпушчаная пад кветнік, уразіла планіроўка яе селішча і якасць пабудоў. Дыхтоўны дом, дагледжаны, адфарбаваны, сваімі дзвярамі глядзеў на шматлікія гаспадарчыя пабудовы, дабрэнныя (бы ўчора складаліся) зрубы хлявоў. Сёння ўжо можна лічыць рэдкасцю і калодзежнага жураўля, які ў Славе высокі як нідзе. Але ж гэта не ўсё. Далей была агромністая прастора другога двара, з не меншай колькасцю гаспадарчых пабудоў, што міжволі падштурхоўвала да думкі: гаспадары тут жылі ого-го!


Тут, каля печкі-буржуйкі, у сонечны дзень мы і сустрэлі цётку Хрысцю. Яна ўзрадавалася пабачыць суседа Івана Лукіча, гасцінна запрашала пачаставацца зялёнкамі і гусачкамі, якія смажыліся на агромністай чорнай патэльні. Высветлілася, што жанчына не эканоміць газ, яна змалку найбольш звыклая да ўласных відаў паліва, дроў, якіх тут, у вёсцы сярод лесу, хапае.


— Паглядзіце вунь там, колькі дроўцаў нарыхтавана, — прапанавала Хрысціна Аляксееўна.


І я са здзіўленнем пабачыла тэрыторыю ўжо трэцяга па ліку дварышча. Увесь «тыл» хлявоў быў у кругляках, адчувалася, што гаспадыня жыве па прынцыпу: «Запас бяды не чыніць».


Аповед Хрысціны Верам’ёвай


Бацька мой, Аляксей Кудраўцаў, дзесьці ў 1938 годзе (мне шэсць гадкоў було) не пайшоў галасаваць. Пасадзілі яго... на 10 гадоў. Зямлю сталі адбіраць, выдзелілі толькі сотак 20, пад Свірэжай. Бульняк не хацеў расці на тым пяску! А нас чацвёра ў мамы...


Пагаравалі, бацька дзесь згінуў, кажуць, пад Магаданам. Не памятаю яго выявы нават. Кажуць, што буў высокі, чарнавалосы...


Я толькі два класы адвучылася. На сабе аралі пасля вайны. Замуж выйшла за Івана Верам’ёва, ён вельмі майстар быў, адметны цясляр. Пілавала і я з ім, каб пабудавацца. Мала каго наймалі мы — усё самі рабілі ў асноўным. Што папрацавалі, то папрацавалі. Я 17 гадоў кароў даіла на ферме. Яна там, напачатку Арла...


Але вось якія выкрутасы лёсу: абодва сыны цёткі Хрысціны, якія даўно ўжо самі бацькі, вярнуліся ў Славу. Прыбіліся да маці. Работу ж у лясным гушчары не знойдзеш. Сказаць, што гультаі, пэўна будзе няпраўдай. Дапамагаюць маці трымаць парадак у трох дварышчах.


Вельмі ўзрадаваліся Хрысцініны сыны, калі на пустой вуліцы пабачылі гасцей, і пазналі «дзядзьку Івана». Сфатаграфавала іх, персанажаў, разам з пісьменнікам, які пільна ўглядаецца ў жыццё роднай глыбінкі, фіксуе дэталі побыту.


Аповед 83-гадовай Ніны Місачэнка


Тут, у Славе, я нарадзілася ў 1934-м, тут і сыйду. Бацька мой, Макар Даліненка, быў у перадваенны час камуністам. Як вайна развіхурылася, партызанам стаў. Немцы яго і яшчэ шэсць чалавек расстралялі ў Рудні Каменевай.


Ды і я з малодшымі дзвюма сястрыцамі перажыла, лічы, расправу нямецкую. Мама была ў дзеда нашага, а тут карнікі ў вёску з’явіліся. Нейкі мясцовы чалавек дабро сваё закопваў: палічылі, што гэта тата наш, за ім ланцугом ішлі па жыце, а потым і нас павялі на растрэл. Я Алачку на руках трымала, Валя пакорліва ішла за мной... Толькі дзякуючы старасту, які ўдакладніў, што мы — дзеці не таго чалавека, прагнага да дабра, нас адпусцілі. Не забуду, як матуля бегла нам насуст­рач: прабяжыць і падае, устае, і зноў бяжыць...


Ніна Макараўна не можа без гаспадаркі: яшчэ летась козачак трымала. Цяпер толькі куры з пеўнем. Адметнай афарбоўкі яе птушыная сямейка, кідаецца ў вочы. Гаспадыня, абапершыся на мыліцу, любуецца жыўнасцю. Калі хто ў двор накіроўваецца, звонкім брэхам заходзіцца вартаўнік — вялікі сабака.

 


 


 



Лёс так распарадзіўся, што не мела Макараўна дзяцей, таму пасля смерці мужа жыве адна. Не пашанцавала жанчыне, дзіцяці вайны, у тым, што неўзабаве пасля страты гаспадара згарэла хата, і цётка засталася ў чым была. Але ж разжыцца дапамаглі ўласная працавітасць, міласэрныя землякі і сям’я малодшай сястры. Прыдбала Макараўна ў Хамінцы хату, дала ёй новую прапіску ў Славе.


Яна не зайздросціць ніякаму багаццю. Сказала, што пенсія нармальная, — «400 па цяперашняму, толькі б паспяваць спажыць!», аўталаўкі спыняюцца каля яе варот. Спецыяльна навес ад дажджу гаспадыня зладзіла, каб у любое надвор’е выйсці і пасядзець на сваёй роднай вуліцы Чырвонаармейскай.


— Некаторыя людзі мяне вельмі ўгаворвалі, каб падалася ў дом-інтэрнат, калі без хаты засталася. Не згадзілася я, сказала, што сваю Славу не пакіну, — падзялілася Ніна Макараўна, — чужой зямлі мне не трэба. Пакуль варушуся, тут буду...

Фото автора

0 Обсуждение Комментировать