Вверх



Старая рудня. ЖлобінскІ раён

3987 0 10:17 / 09.03.2018
Колькі разоў па дарозе ў Жлобін намервалася завярнуць у Старую Рудню, і ўсё не выпадала. Але ж вось неспадзявана надарылася такая магчымасць пазнаёміцца з малой радзімай удзельніка Вялікай Айчыннай, пісьменніка і журналіста Аляксандра Капусціна, ганаровага грамадзяніна Жлобіна, які працаваў і ў «Гомельскай праўдзе».
IMG_8410.JPG


Пісьменнік і радзіма


Аляксандр Пятровіч меў і юрыдычную адукацыю, да літаратурнай працы ў газетах быў суддзёй ва Уваравічах, таму і многае з гэтых жыццёвых калізій адлюстравана ў яго кнігах. Мне пашчасціла напачатку студэнцтва пазнаёміцца з Капусціным, тады намеснікам рэдактара рэспубліканскай газеты «Літаратура і мастацтва», адчуць яго дабрыню і прыязнасць да сябе як пачаткоўца ў літаратуры. Пазней не раз бывала ў Жлобіне ў камандзіроўках, на ўручэнні абласной літаратурнай прэміі імя Аляксандра Капусціна. Неаднаразова дзяліўся сваімі згадкамі пра калегу, яго надзвычайнае пачуццё гумару лаўрэат гэтай прэміі, пісьменнік Міхась Даніленка, які таксама працаваў у «Гомельскай праўдзе».


У 90-я гады цяпер ужо мінулага стагоддзя Капусцін напісаў гісторыка-сацыяльны нарыс у навелах пад агульнай назвай «Старая Рудня», яго выпусціла ў свет жлобін­ская раёнка.


«Першыя пісьмовыя звесткі, якія я знайшоў пра вёску, адносяцца да 1864 года. К таму часу яна ўжо была цэнтрам Стара-Руднянскай воласці, у якую, акрамя яе, уваходзілі Чэцверні і Завад».


(А. Капусцін).


IMG_8477.JPG


Фота з бібліятэчнай выставы: Аляксандр Капусцін з сябрам Міхаілам Таўсцялёвым


Па-зямляцку шчыра Аляксандр Пятровіч узгадаў у гэтым зборнічку сваіх вяскоўцаў з розных перыядаў гісторыі, напрыклад, Міхаіла Прыгароўскага, які ў Кастрычніцкую рэвалюцыю быў галоўным камісарам Смольнага і загінуў вясной 1918-га, абараняючы подступы да Петраграда. Душэўна апавядае Капусцін пра старшыню першага калгаса «Чырвоная Рудня», які быў арганізаваны тут у 1929-м, Сяргея Войстрыкава: чалавек разумеў і сэрцам чуў паэтычнае слова! Ярка напісана і пра зараджэнне патрыятычнага падполля ў Старой Рудні ў час акупацыі, у якім Капусцін


удзельнічаў разам з сябрам Мішам Таўсцялёвым. На старонках сваёй кнігі ўзгадаў пісьменнік і апошнія дні жыцця славутага камандзіра 63-га корпуса Леаніда Пятроў­скага, помнік якому ўзвышаецца на мемарыяле ў цэнтры вёскі.


З гісторыі Старой Рудні


З 1892 года тут працавала вінакурня. У 1987-м былі ўрачэбны пункт, 4 ветракі-млыны, кузня, маслабойня, крама. З 1900 года працавала трохгадовая школа, пры якой была бібліятэка.


І вось я ў Старой Рудні. Здорава, што і сёння гэта вялікая населеная вёска. У цэнтры з прыкметамі аграгарадка: сельвыканкам, Дом культуры, дзве крамы, сад-школа, у якой навучаюцца разам з малечай 140 дзяцей. Ветэран педагагічнай працы Таццяна Багдановіч першы год адпачывае. Яна 40 гадоў аддала ўрокам роднай мовы і літаратуры ў 5 — 11 класах. Распавядала мне пра сустрэчы школьнікаў з Аляксандрам Капусціным. З гаворкі з ёй я адкрыла для сябе, што такімі настаўнікамі, як Таццяна Пятроўна, і створаны ў вёсцы падмурак духоўнасці: жанчына прыйшла ў прафесію невыпадкова.


Маналог Таццяны Багдановіч


— Калі я пайшла ў школу, лічыла, што настаўнікі незвычайныя людзі, што яны нават не ўжываюць тое, што мы. Наша Ніна Рыгораўна Марціновіч была не проста прыгожай жанчынай, яна з густам апраналася, выдзялялася заўжды з натоўпу. За гонар лічылася паднесці партфель сваёй настаўніцы, дзеці спяшаліся рабіць гэта адзін перад другім. Неяк я вельмі рана вый­шла з дому, каб перастрэць сваю настаўніцу. Паколькі яе не было, пайшла насустрач. Можаце ўявіць маё здзіўленне, калі ўбачыла Ніну Рыгораўну ў дамашнім халаце. А калі прайшла за партфелем, то яшчэ больш уразілі мяне талеркі са звычайным супам на стале...


Я марыла стаць настаўніцай, капіравала Ніну Рыгораўну ва ўсім: у жэстах, рухах, інтанацыях. Усаджвала сябровак дома за стол і вучыла.


Таццяна Багдановіч распавядала, з якой павагай адносіліся яны з аднакласнікамі і да Ганны Дзмітрыеўны Маршынай, заслужанай настаўніцы школ БССР, якая вучыла дзяцей у старэйшых класах. Узнёсла згадвала і кіраўніка тагачаснага калгаса імя Кірава, Героя Сацыялістычнай Працы Міхаіла Маршына, які ўзначальваў гаспадарку 32 гады! Школьнікі актыўна далучаліся да праполкі льну, іншых работ, што станоўча ўплывала на выхаванне рабят. У калгасе быў магутны хор, чалавек 40, нават на ВДНГ выступаў у Маскве... Як прыкмета ўдзячнай памяці вяскоўцаў — кветкі старшыні Маршыну на мемарыяльнай дошцы на Доме культуры.


Мая суразмоўца з мужам-механізатарам Пятром Багдановічам маюць вельмі дыхтоўны домік, які вызначаецца на вуліцы Стадыённай. Знадворку бачна: сапраўдныя гаспадары! А яшчэ яны шчаслівыя бацькі сына і дачкі, бабуля і дзядуля шасці ўнукаў! Ад Таццяны Пятроўны даведалася, дзе стаяла бацькоўская хата пісьменніка Аляксандра Капусціна, дзе жыве яго пляменніца Валянціна Камсулёва. На жаль, стрэцца з жанчынай не пашанцавала: яна ў бальніцы ў райцэнтры.


IMG_8450.JPG


Таццяна Багдановіч у вольны час рыфмуе


Адметная мова


У верасні 1986 года Старая Рудня прыняла з паўсотні сем’яў перасяленцаў з пацярпелага ад катастрофы на ЧАЭС Нараўлян­скага раёна. На вуліцы Маладзёжнай, 8, знайшла свой новы дом і сям’я Марыі Худзямчук, шматдзетнай маці з вёскі Ціхін.


Калі жанчына пачала свой расповяд з яркімі ўкраінскімі фарбамі мовы, нельга было не ўга­даць, што яна не мясцовая. Марыя Міхайлаўна з уласцівай палескай гасціннасцю запрашала пабываць у яе дома. Дзялілася, што не заўважыла, як мільганула жыццё.


— Як збіруцца дзіты, кажу ім: ды і вы вжэ стары! — смяецца пенсіянерка і пайменна называе сваіх гадаванцаў: Таня, Тома, Тоня, Вася, Наташа. А яшчэ ж 8 унукаў і 5 праўнукаў! Сапраўдная гераіня!


Тут чытаюць


Сёстры Запольскія, шасцікласніца Ліза з другакласніцай Варварай, — актыўныя чытачы Стараруднянскай сельскай бібліятэкі. Спяшаліся па вуліцы, каб здаць прачытаныя кніжкі, узяць новыя. За дзяўчаткамі накіравалася і я ў гэты асяродак культуры. 407 чытачоў тут, прычым 183 дзіцяці. Звыш 11 тысяч экзэмпляраў кніг, шмат перыёдыкі. Ад душы парадавалася: сучасным жыхарам ёсць што чытаць!


Загадчыца Таццяна Бараноў­ская як сапраўдная гаспадыня працуе тут 10-годдзе, падтрымлівае ідэальны парадак, афармляе выставы. Пашчасціла ўласнаручна пагартаць блакноты Аляксандра Капусціна і рукапіс яго кнігі «Усміхнуўся месяц ясны», які перадала ў свой час землякам пісьменніка яго жонка. І сапраўды, колькі жывога народнага гумару ў яго апавяданнях-замалёўках з натуры, якое веданне псіхалогіі людзей! Пісьменнік у той час высмейваў такую загану многіх жонак кіраўнікоў, як непамерная прага да набыцця розных убораў. На выставе прадстаўлены і некаторыя яго ўласныя рэчы: электрабрытва, гадзіннік-ходзікі.


У 2012 годзе бібліятэку ў Старой Рудні наведаў Уладзімір Мельнікаў з Масквы. Чалавек з вайсковай выпраўкай прыязджаў сюды і раней, калі пісаў новую кнігу пра камкора Пятроўскага, выязджаў непасрэдна на месцы баёў на Жлобіншчыне. На гэты раз Ула­дзімір Міхайлавіч прывёз у падарунак свой твор «Последний подвиг генерала Петровского». На кнізе надпіс: «Жителям Старой Рудни на память о героических подвигах воинов 63-го стрелкового корпуса под командованием генерала Петровского Л. Г. летом 1941 г.». Вось так працягваецца гістарычны летапіс, распачаты колісь ураджэнцам Старой Рудні Аляксандрам Капусціным.


IMG_8459.JPG


IMG_8424.JPG


IMG_8395.JPG


IMG_8470.JPG

Фото аўтара

0 Обсуждение Комментировать
Загрузка...