Вверх



Дзяражычы. Лоеўскі раён

2508 0 09:46 / 21.04.2018
Напярэдадні Радаўніцы быў самы час узгадаць і святыя імёны тых, хто вызваляў нашу Лоеўшчыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пракладваў цаной уласных жыццяў калідор вызваленню Беларусі па Дняпры, чапляючыся за кожную пядзю на лоеўскім плацдарме. На мемарыяле ў вёсачцы Дзяражычы мы пакланіліся памяці 1930 воінаў, сярод якіх 12 Герояў Савецкага Саюза, што знайшлі тут спачын. Вуліцы гэтага селішча носяць іх імёны, сярод якіх Фёдар Папоў з Якуціі. Штогод адтуль і з іншых рэспублік былога Саюза прыязджаюць школьнікі і моладзь, ускладаюць кветкі і, вядома, ідуць у госці найперш да мясцовай знакамітасці, ганаровага грамадзяніна Лоеўскага раёна Афанасія Шклярава.





Памятаем іх імёны


Сёлета якуты ўручылі ветэрану працы падзячны ліст. Падлеткам разам з роднымі і іншымі вяскоўцамі Шкляраў быў сведкам вызвалення Дзяражычаў восенню 1943 года, а падчас працы ў Гомельскім рачным порце паклапаціўся ўвекавечыць імёны 123 землякоў на вясковым мемарыяле. Афанасій Гаўрылавіч зрабіў і ўласнаручна выбіў на нержавейцы і імёны воінаў 81-й стралковай дывізіі, якія загінулі і пахаваны на беразе возера Глушэц каля аднайменнай вёскі.


4E6A2678.JPG


І дом Афанасія Гаўрылавіча такі ж адметны, як і сам гэты чалавек. Будынак бы карункамі аздоблены разьбой, унутры ёсць ложак з чырвонага дрэва, зроблены ўласнаручна. Цікавая асабістая бібліятэка, у якой шмат мемуараў вядомых палкаводцаў Вялікай Айчыннай, часопісы пра паляванне, якім захапляўся былы работнік рачнога порта (адпрацаваў там 43 гады, хадзіў па Дняпры, Сожы, Прыпяці). Гаўрылавіч і зараз шмат чытае, праўда, карыстаецца лупай. А як натхнёна дэкламуе ўласныя вершы!


Я к вам из мужества сердец,


Сумевших мудро переплавить


Войны железо и свинец


Не в месть, а в горестную память.





Гомельскія дачнікі


Бы тыя буслы, прыляцелі ў Дзяражычы з гарадскіх кватэр дачнікі-гамяльчане. Па водару юшкі, які вітаў у наваколлі, мы вызначылі дом ветэрана працы Яўгена Шэмакова, які, лічы, 20 пенсійных гадоў падзяляе з гэтым райскім кутком прыроды. Акурат рыхтаваўся сустракаць ветэрана фінансавай сістэмы Гомельшчыны Андрэя Круглея, каб разам адкрываць сезон. У чаканні гасцей падзяліўся: электрыкі сёлета зрабілі ўсё магчымае, каб буслы не селі ў Дзяражычах на свае гнёзды — вытыркнуты на слупах металічныя штыры. Вось і каля дома Шэмаковых бусла ў гняздзе няма. А гэтая птушка пачувала сябе вельмі добра між людзей, у дварышча захо­дзіла, тут яе падкармлівалі рыбкай.


4E6A3110.JPG


Яўген Фёдаравіч шчыра перажывае за Лоеўшчыну, насельніцтва якой скарачаецца. За Дзяражычы, што становяцца неперспектыўнай вёскай: дзетак тут няма. Параіў парламентарыям і адпаведным структурам прыняць захады жорстка караць тых, хто п’яны садзіцца за руль аўто. Прычым друкаваць у СМІ іх прозвішчы, а таксама тое, колькі гадоў ім даў суд дадаткова менавіта за нецвярозы стан. «Тады можа што і зменіцца, інакшага выйсця не бачу!» — сказаў гэты грамадска актыўны чалавек, які неаднаразова выступаў з прапановамі на розныя тэмы на старонках «Гомельскай праўды». 25 чэрвеня Яўген Шэмакоў адзначыць 80-годдзе. У мінулым годзе са сваёй жонкай Валянцінай Мікалаеўнай ён здзейсніў круіз з Масквы да Казані.


З гісторыі вёскі


Па пісьмовых крыніцах вёска вядома з XVIIІ стагоддзя, аднак першыя пасяленні людзей былі ў гэтых маляўнічых мясцінах з сівой старажытнасці. У 1793 годзе Дзяражычы ў складзе Расійскай імперыі, пазней былі цэнтрам Дзяражыцкай воласці, якая была ліквідавана ў маі 1923-га. Каля 200 гадоў прастаяла на беразе Дняпра Свята-Мікольская царква, якую разбурылі ў 30-я гады мінулага стагоддзя. У храме мелася Евангелле, выдадзенае ў Маскве ў 1735-м.


Згодна з перапісам 1897 года, у Дзяражычах былі царква, народнае вучылішча, крама, тракцір, паштовае аддзяленне, прыстань на Дняпры. У 1930-м працавалі школа, хата-чытальня, аддзяленне спажыўкааперацыі. У 1931 годзе арганізаваны калгас «Вялікая Ніва», былі вятрак і кузня. У Вялікую Айчынную ў вёсцы размяшчаўся нямецкі гарнізон, які разбілі партызаны. У кастрычніку 1943 года карнікі спалілі 194 сялянскія падворкі, загінулі 18 жыхароў.


Зараз у Дзяражычах жывуць 60 чалавек, у тым ліку 18 дачнікаў. Бывалькаўскі сельвыканкам актыўна праводзіць работу па зносу старых будынін і аварыйных дрэў.


4E6A2759.JPG


І боль здыме, і пагамоніць са сваімі пацыентамі загадчыца ФАПа ў Дзяражычах Марыя Лобан


4E6A3234.JPG


Падпалкоўнік Віктар Тамашэнка служыў на Украіне,  быў ваенным саветнікам у Эфіопіі, намеснікам камандзіра рэактыўнай брыгады ў Афганістане


А брат мой у Маскве жыве...


Абапіраючыся на кіёк, тупала па вуліцы былая даярка Ніна Музычэнка. Жанчына не хавала радасці, што вярнулася пасля зімоўкі ў Гомелі на сваю дзяражыцкую сядзібу. 


4E6A3047.JPG


У абласным цэнтры жывуць яе дачка Валя і сын Сяргей, а вось сярэдняя, Ганна, аж у Растоўскай вобласці. Калі мы спыталі Ніну Дзмітрыеўну пра песні яе маленства, якія жывуць у яе памяці, яна праспявала казацка-салдацкую. А распавядала пра перажытае ў вайну:


— У 1943-м мне шэсць гадоў толькі было. Бацька ў партызаны пайшоў, а маці цяжарная. Хавацца даводзілася і на вышках. Упала з іх маці і нарадзіла ў 1943-м сляпога хлопчыка. Брацік мой вывучыўся на выкладчыка-баяніста, кансерваторыю скончыў. У Маскве жыве.























































Фото Алега Белавусава і Аляксея Герасіменкі
0 Обсуждение Комментировать