Вверх


Старая Беліца. Гомельскі раён

691 0 17:46 / 05.08.2018
Кажуць, што назва Беліца пайшла ад слова «бель» — забалочанае месца. У час Кіеўскай Русі паблізу цяперашняй вёскі было адно з буйнейшых пасяленняў, жыхары якога забяспечвалі харчаваннем не толькі сябе і сваіх гаспадароў — баяр, ваяводаў, князёў, але і значную частку насельніцтва старажытнага Гомія.
З гісторыі вёскі
У пісьмовых крыніцах згадваецца яшчэ ў XVI стагоддзі як вёска Беліца Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1558-м была цэнтрам воласці. Валодалі Беліцай князі Чартарыйскія.
З 1772 года — у складзе Расійскай імперыі. Праз тры гады прыўзоўскую Беліцу падарылі генерал-фельдмаршалу Пятру Румянцаву. У 1777 годзе ўрад задаволіў патрабаванне Румянцава перанесці сюды адміністрацыю павета з Гомеля.
Былі нават зацверджаны два генпланы забудовы павятовага горада Беліца (1778 і 1783 — 1785 гадоў). Аднак лёсам не было су­джана гэтаму збыцца. Аддаленасць ад вялікіх шляхоў зносін паўплывала на тое, каб у 1785 годзе горад пачалі будаваць на левым беразе ракі Сож, там, дзе цяперашні Навабеліцкі раён Гомеля. У 1791 годзе ў Старой Беліцы адкрылі народнае вучылішча. З 1814-га працавала невялікае скураное прадпрыемства, у 1831-м вытворчасць цукру, а ў 1875 го­дзе — маслабойня. А праз 10 гадоў былі яшчэ вінакурня, вадзяны і два ветраныя млыны. У дваццатыя гады мінулага стагоддзя створаны аднайменны з вёскай саўгас, а ў 1929 годзе арганізаваны калгас «Чырвоная Беліца».
Не магла я прадаць гэтую памяць...
Ведайце: колісь пад Гомелем былі дзве Беліцы, і каб іх разлі­чыць, людзі называлі прыўзоўскую — Старой, а прысожскую — Новай. З цягам часу назвы прыжыліся.
...Прыехала я ў Старую Беліцу ў пагодны ліпеньскі дзянёк, каб наталіцца энергетыкай любові яе жыхароў да свайго куточка. У мясцовым СДК ішла падрыхтоўка да свята вёскі, якое адбудзецца 11 жніўня. Мастацкі кіраўнік Анастасія Гапоненка праводзіла рэпетыцыю са школьнікамі, удзельнікамі клуба выхаднога дня «Карамелька». Дзеці адзін перад другім дзяліліся ўражаннямі пра свята мяча і скакалкі, якое прайшло напярэдадні.
Дырэктар асяродка культуры Ларыса Грыгарэнка з тых карэнных жыхароў Старой Беліцы, для якіх вёска — выток роду. Жанчына з непаказной любоўю згадвала сваіх продкаў, прабабулю і пра­дзядулю, іх наступнікаў — увесь род Шумавых, якія спачываюць тут на могілках.
— Усё маё маленства прай­шло тут, я гасцявала на канікулах у бабулі. Яе, старэнькую, даглядала мая мама. Потым прыязджала сюды з Гомеля да сваёй матулі і 22 гады таму назад праводзіла яе ў апошні шлях, — дзеліцца Ларыса Вячаславаўна. — Я заўсёды чула, ідучы па вуліцы: «Гэта ж Аксінніна ўнучка, Тамарына дачка». Ці ж у горадзе так цябе хто пазнае? Працавала я зусім у іншай галіне, у гандлі, але адчувала гэтую позву роднай Старой Беліцы заўсёды. Мне асабліва дорага тая вёска майго дзяцінства, са звычайнымі драўлянымі хатамі, у якіх кожны ведаў сваіх суседзяў, не адгароджваўся высокімі платамі, не замыкаўся ад людзей, спяшаўся дапамагчы.
Неяк патэлефанаваў Ларысе кіраўнік Урыцкага рэгіянальнага цэнтра культуры і адпачынку Віктар Кавалёў: ведаў яе як актыўнага чалавека, дэпутата. Патрабаваўся кіраўнік культуры ў Старой Беліцы. Яна сказала, што пацікавіцца ў сваіх знаёмых. Аднак жадаючых не знайшлося. Між тым было ўжо багата і купцоў роднай хаты, якія пачаргова завітвалі з адным і тым жа пытаннем: «Калі прадасі?» Калі Кавалёў параіў ёй самой вярнуцца да родных вытокаў, прапанова напачатку здалася вельмі дзіўнай: асесці ў вёсцы, на кардынальна іншай працы, значна меншым заробку. Ды ў душы ўжо гучала мелодыя вяртання.
22 гады жыве яна ў хаце продкаў, шэсць з іх кіруе СДК. Знай­шла ў гэтым сваё прызванне. І ніколечкі не шкадуе. Памятаюцца ёй словы матулі: «Ларыса, наступіць час, калі ўсе людзі вернуцца ў вёску». І, відаць, да такога выбару мы яшчэ можам наблізіць самае юнае пакаленне. Сямігадовы ўнучак Арцём на пытанне бабулі, ці будзе ён жыць у вёсцы, адказвае сцвярджальна: «Буду тут жыць!» І цягнецца дзіця да сялянскай працы, звыкла працуе на зямлі. А вось з сынам Вячаславаўне пастаянна даводзіцца весці палеміку: раіць маці вяртацца ў гарадскую кватэру, на што яна адказвае: «Я засталася тут, бо даўно зрабіла выбар — захоўваць памяць продкаў. Тут застаюся».
Дырэктар Стара-Беліцкага СДК Ларыса Грыгарэнка
Ларыса нагадвае мне, што свята вёскі адбудзецца якраз у дзень Ражства Міколы Цудатворцы, імя якога носіць мясцовая царква. Пабудаваная ў 1771 годзе, прычым без адзінага цвіка. Сапраўдны помнік драўлянага дойлідства стаіць насупраць Дома культуры і не менш станоўча ўплывае на духоўнасць насельніцтва.
Старажылы расказваюць такую легенду. Маўляў, колісь, калі ўладаром вёскі быў княжацкі род, за агародамі разлілося сапраўднае мора. Сын княгіні паплыў на лодцы і патануў. Маці на месцы яго гібелі пабудавала ўсыпальню, пазней там жа вырасла драўляная царква, якую ў 1780 годзе наведала сама Кацярына II.
У Вялікую Айчынную, пасля ганенняў 1937-га, царква аднавіла сваю работу і ўжо больш не зачынялася. У Старой Беліцы шмат сапраўдных вернікаў, тых, хто нясе праваслаўе праз дзесяцігоддзі. Напрыклад, Ганна Грэчанкова, якая 20 гадоў адпрацавала бібліятэкарам. Па словах Ганны Ануфрыеўны, карані іх роду пераплецены з царскімі, Раманавых. «У ранейшыя часы, каб не было праблем, мае продкі ўзялі прозвішча Цыганковы», — паведаміла яна. І зараз вельмі клапоціцца, каб народы-браты беларусы і расіяне жылі ў дружбе і разуменні. У гэты летні сезон 400 кілаграмаў маліны здала нарыхтоўшчыкам.
З якім захапленнем дзялілася гэтая ўвішная веруючая жанчына, 1941 года нараджэння, пра скарбы-іконы, якія ўдалося захаваць. Па яе словах, вярнула да жыцця святыні Старой Беліцы зямлячка Марыя Конанава (Прахарэнка), якую ўсе старабеліцкія людзі згадваюць з асаблівай цеплынёй.
Ганна Грэчанкова вельмі сябруе з суседкай Ірынай Бэтавай, ветэранам працы Гомельскага тралейбуснага дэпо. Жанчыны разам робяць пешыя прагулкі, займаюцца скандынаўскай хадзьбой. Так трымаць!
Другая радзіма
Вёска стала роднай для Тамары Шапаравай з пасёлка Востраў Пакалюбіцкага сельсавета. Тамара Уладзіміраўна — ветэран педагагічнай працы, 38 гадоў аддала мясцовай школе. Прайшла шлях ад піянерважатай да завуча. Цягу да асветы перадала і сваім дзецям: Марыя скончыла гістфак, сын вучыўся ваеннай справе, падпалкоўнік у адстаўцы. Унучка Ксенія — студэнтка юрыдычнага, а пяцігадовы Ільюша пакуль спасцігае вакольны свет разам з любімаю бабуляй, гасцюе ў Старой Беліцы.
Тамара Уладзіміраўна Шапарава з унукам Іллёй
З вёскі Ніўкі Добрушскага раёна пайшла ў жыццё Раіса Анціпава. У 1975-м пасля замужжа прыехала на працу заатэхнікам і селекцыянерам у тагачасны калгас «Бальшавік». Працавітую, жыццярадасную, актыўную, яе хутка заўважыла кіраўніцтва, прапанавала работу сакратара сельсавета. Раіса Канстанцінаўна не размяжоўвала яе з абавязкамі старшыні. Не лічылася з часам, адгукалася на просьбы. Зразумела: патрэбна людзям. У 2003-м абралі старшынёй сельсавета. Колькі адзінокіх старых людзей, дзякуючы клопату Раісы Канстанцінаўны, дажылі свой век у людскім акружэнні ў інтэрнаце, у цёплых пакоях, а не калелі ў халодных хатах.
Яна страціла мужа, двух унукаў. Падняла траіх сыноў. Не ачарсцвела сэрцам. Зараз багатая на ўнукаў бабуля: іх у Канстанцінаўны 12! Яе вельмі паважае мясцовае насельніцтва. Пакуль мы гутарылі на вуліцы, кожны пачціва вітаўся з гэтай шчырай жанчынай.
Прохараўна і Захараўна
Дзве бабулі сустрэліся мне на вуліцы Міру. Сядзелі яны ў цяньку і вялі няспешную гаворку. Абе­дзве — дзеці вайны, шмат гаравалі, шмат працавалі.
Ніна Лубачкіна — з сямі братоў і сясцёр засталася адна, жыве пры дачцэ. Акурат насупраць таполевай алеі, якая цудам выжыла ў наш час, калі часцяком старыя дрэвы зжываюць са свету. Таполі шыкоўныя, растуць, праўда, па адным баку вуліцы Міру і не там, дзе хата Прохараўны. Аднак менавіта яна, 82-гадовая жанчына, клапоціцца, каб быў парадак на зялёным газоне. Увосень, калі лісце ападае, абапіраючыся на кіёк, бабуля зграбае яго, а маладзейшыя суседзі дапамагаюць убіраць. Цётка Ніна ўвесь век адпрацавала ў калгасе, і даяркай была, і ў паляводстве рабіла, цяпер вельмі хварэе.
Суседка па лавачцы — 83-гадовая Вольга Лук’янава, прыехала з Гомеля ў Старую Беліцу даглядаць старэйшую сястру Марыю, інваліда першай групы. «Жыву тут, пакуль будзе жыць сястра», — падзялілася Захараўна. Лічыць яна сябе больш гарадскою, мае кватэру ў абласным цэнтры. 37 гадоў адпрацавала на заводзе гандлёвага абсталявання, большую частку штампоў­шчыцай. Ветэран працы, адзначана медалямі. «Пакуль быў завод, памяталі і пра нас, выдзялялі па восені бульбу, гародніну», — з настальгіяй дзялілася жанчына.
Выхавала яна сына Валодзю і дачку Тамару, мае трох унукаў і трох праўнукаў. На маё пытанне, чаго, на яе думку, не хапае сучасным маладым, адказала: «Усе ўмовы для іх створаны. Ім толькі імкнення да жыцця часцяком не хапае».
У Старой Беліцы жывуць мірныя людзі. Ці не таму тут аж дзве вуліцы Міру! 123 землякі аддалі жыццё на франтах Вялікай Айчыннай вайны. 12 вяскоўцаў знішчылі карнікі. Пра гэтыя горкія страты нагадвае помнік у цэнтры вёскі. Ён дагле­джаны, зроблены новыя прыступкі. Адчуваецца, што клапоцяцца пра гэтую святыню разам з сельсаветам і мясцовыя жыхары.
Пакідаючы Старую Беліцу, жыла жаданнем зноў прыехаць сюды, у вёску, слаўную сваім мінулым і сучасным.
Фото автора
0 Обсуждение Комментировать