Вверх


Вандроўка трыццаць першая

3834 2 11:34 / 30.07.2015

У 1525 годзе гэтая вёска мела назву Скепна. Пра гэта сведчыць перапіска Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім па спрэчках аб межах. У 40-я гады XVII стагоддзя Скепня была ў яго складзе, уваходзіла ў Рэчыцкі павет Мінскага ваяводства.


Прыехалі мы ў Скепню па званку чытача «Гомельскай праўды» Адама Вітунова, жыхара Касцюкоўкі. Яму вельмі хацелася, каб на газетнай старонцы была вандроўка сюды, адкуль яго карані.


Першай на нашым маршруце сустрэчай у вёсцы было знаёмства з цяпер ужо старажылам Пятром Бураковым, 1935 года нараджэння. Дарэчы, ён з вёскі Нясоеў.


Жыве наш герой з жонкай Зінаідай на вуліцы Пушкіна на ўскрайку Скепні. У час разводдзя сюды не дабрацца: уся вада з узвышша мкне ў гэта месца. «Даводзіцца перакідаць бот паштальёну, каб яна ў ім „пераслала“ нам на гэты бок газету і іншую карэспандэнцыю. Добра было б, каб падсыпалі нам дарогу», — пачаў суразмоўца з просьбы-пажадання. А яшчэ па-сялянску шчыра падзяліўся сваім перажываннем: нядаўна збыў кароўку-карміцельку Зорку. Сумуе да слёз.


Зінаіда Буракова раней даіла кароў, працавала малаказборшчыцай у калгасе. Пасля траўмы вучыцца наноў хадзіць


Хлапчуком, які скончыў толькі першы клас, Пеця Буракоў перажыў фашысцкую акупацыю родных мясцін. Падалося, што тое даўняе, хлапеча-юнацкае засталося нават у абліччы цяпер ужо 82-гадовага чалавека і сёння. Слухаючы дзядзьку, уражваліся, колькі ўсяго вытрымала яго сэрца, колькі іспытаў перажыло яго пакаленне ў дзяцінстве. Цяпер, у старасці, хваробы не даюць спакою. Галоўнае, чым карцела Макаравічу падзяліцца з журналістамі, — незабыўная сустрэча магчыма з самім камандзірам 63-га стралковага корпуса, генерал-лейтэнантам Леанідам Пятроўскім у 1941-м.


Аповед Пятра Буракова



— Шкада, што не мог я тады разгадваць воінскія званні, — дзеліцца суразмоўца. — Добра памятаю аповед свайго дзядзькі пра тое, як камкор, знаходзячыся пад Хальчом, планаваў з армейцамі з Забаб’я і Кардона пусціць фрыца праз Дняпро і затым узяць яго ў кальцо. Не атрымалася. І тады ён вырашыў прарывацца на Гомель сваёю сілай.


У тую ранічку я выскачыў з бліндажа. Убачыў, што гарыць барак, у якім да вайны кватаравалі, калі торф нарыхтоўвалі. І з гэтага дыму паступова бы здані ўзнікаюць салдаты, нашы, з чырвонымі зоркамі на пілотках. І пешшу, і на конях. Адзін з верхавых быў з кубікамі на гімнасцёрцы. Ён прыпыніў каня і звярнуўся да мяне з просьбай: «Мальчик, подай воды». Вялікай меднай кружкай я зачэрпнуў яму вадзіцы з драўлянага вядра. Стаў на цыпкі, падаў. А ён тады: «Мальчик, возьми гостинца!». Далонькі я яму працягнуў, і атрымаў пернічкаў чатырохвугольных. Мой дзядзька выскачыў з бліндажа. Той камандзір цікавіўся ў яго, «где железка?» Тады дзядзька ўскочыў на другога каня і паехаў з імі. Літаральна ўсе жанчыны з нашага пасёлка беглі ўслед з радаснымі воклічамі: «Нашы! Нашы!». А ваенныя рухаліся вельмі спешна, як я цяпер разумею, то быў прарыў. А пад лесам, у алешніку, іх стрэла нямецкая батарэя, многіх пакасіла...


Тая батарэя біла бронезапальнымі снарадамі і па нашай вёсцы. Спачатку 8 хат запалалі, потым яшчэ. Матка пачула пра гэта ад суседкі, стала выганяць скаціну з хлява. Убачыла вялікі снарад сярод дварышча. І толькі шулы ад пабудоў. Адно, што ўцалела — вялікі чыгун з вадою. Вось так: ні лыжкі, ні міскі. Вораг стаў гаспадарыць на нашай зямлі. Разагнаў калгас «Чыр­воная Скепня», арганізаваны яшчэ ў 1929 годзе.


Пагаравалі мы багата! Дзяка­ваць суседзям, пусцілі да сябе. Потым перабраліся ў лазню, з адным вакенцам, прыблізна ў кіламетры ад вёскі... Пасля вайны разжываліся з такой беднасці! Я токарам адпрацаваў 30 гадоў у сваёй гаспадарцы. Колісь грымела сваёй працоўнай славай наша Скепня.


Скепнянскі майстар Аляксандр Буракоў умее ўсю сялянскую работу. А яго драўляныя творы радуюць дачок у Жлобіне, унукаў і праўнукаў


У 1772 годзе Скепня была ў складзе Расійскай імперыі. Тут былі хлебазапасны магазін, царк­ва. У ліпені 1884 года большая частка вёскі згарэла, у 1885-м яна ўжо лічылася ў Стараруднянскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерніі. Школа, тры ветракі, дзве кузні, маслабойня, вінакурня — імі была знакаміта Скепня ў XX стагоддзі.


У 1907 годзе тут працавала народнае вучылішча. 46 вучняў атрымлівалі адукацыю.


Разьбяр і вышывальшчыца



Родную вёску і сёння ўслаўля­юць таленавітыя, працавітыя людзі. У пагодлівыя летнія дзянькі складана застаць сялян у хаце — усе больш рупяцца на агародах і сенажацях. Але ж нам пашанцавала: заспелі яшчэ адных Бураковых. Увайшлі ў іх дом, і нібы ў царкву трапілі. Адчуванне святла, чысціні, спакою. Жытло аздоблена творамі самадзейнага мастацтва — пано з разьбой па дрэве, выпальваннем. І арыгінальнай мэбляй, створанай уласнаручна гаспадаром Аляксандрам Васільевічам. А яшчэ ў кожным пакоі хаты — драўляныя цэркаўкі дойліда Буракова, выразаныя з асіны без ніякіх праектаў, па ўласнай фантазіі. «Усё раблю на вока», — падзяліўся майстар.


Васільевіч сказаў, што ў свой час браў урокі творчасці ў свайго сына, якому лёсам было наканавана сыйсці заўчасна пасля ўдзелу ў ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Пры гэтых словах спахмурнела і гаспадыня Ніна Мікітаўна. Як маці перажыць сваё дзіця? У самотныя восеньскія і зімнія вечары ратавала вышыванне. Ручнікамі, просцінамі, абрусамі гэтай руплівіцы, здалося, можна высцеліць шлях ад Скепні да Гомеля. Паклон людзям працавітым са Скепні!


Пётр Буракоў праводзіў нас да месца гібелі камкора Леаніда Пятроўскага



Фото Алексея Герасименко

0 Обсуждение Комментировать
Андрэй 10/08/2015 14:32
Цытата: "У 40-я гады XVII стагоддзя Скепня была ў яго складзе, уваходзіла ў Рэчыцкі павет Мінскага ваяводства".
У Вялікім Княстве Літоўскім НІКОЛІ (!!!) не існавала МІнскага ваяводства. І горада МІнск таксама. Было Менскае ваяводства і Менск.
У 40-я гады XVII стагоддзя Скепня была ў яго складзе, уваходзіла ў Рэчыцкі павет Мінскага ваяводства.
Цитировать
Андрэй 10/08/2015 14:38
А ўвогуле: дзякуй за тое, што пакідаеце на газетных старонках і ў людской памяці звесткі пра вёскі, якія так імкліва знікаюць.
І яшчэ большы дзякуй за нашу мову. Асабіста аўтарцы. Апошнія часы наша мова ў ГП стала гэткаю рэдкасцю (у некаторых нумарах акрамя назвы і выходных дадзеных - аніслова па-нашаму не ўбачыш), што, пабачыўшы матэрыял па-беларуску, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Беларусі насамрэч радуюцца нібы дзеці. Паболей беларускай мовы ў газету і на гэты партал хацелася б.
Цитировать