Вверх


Рудня Марымонава. Гомельскі раён

2787 0 13:03 / 17.09.2015

Вандроўка трыццаць другая


Безліч вёсак з назвай Рудня на нашай зямлі. Днямі я накіравалася ў вандроўку ў Рудню Марымонаву, што ў Гомельскім раёне. 




На вулiцы Руднi Марымонавай


У дарогу паклікала вестка пра чарговае цудоўнае выступленне народнага ансамбля народнай песні “Званіцы”, якім кіруе ветэран культуры Тамара Курленка. Самабытны калектыў нядаўна паказваў на раённым семінары спасаўскі абрад. І так уразілі жанчынкі гледачоў сваімі спевамі, нацыянальнымі строямі. Калі зайшлі ў гля­дзельную залу з кошыкамі, напоўненымі яркімі дарункамі восені, пладамі садавіны і гароднінай (нібыта вярталіся пасля асвячэння іх у царкве), і заспявалі сваю “Калініцу-малініцу”, усе прысутныя ўсталі і страчалі іх апладысментамі. 


Так што ў Рудні Марымонавай першая сустрэча з таленавітай ад Бога жанчынай Тамарай Курленка, ураджэнкай брагінскай вёскі Рыжкаў. Лёс даў ёй шмат іспытаў, а яна годна вытрымала іх і 28 гадоў нясе культуру ў масы, зараз з’яўляецца дэпутатам сельскага Савета. Журналіст па адукацыі, выдатны знаўца роднай мовы, цудоўна валодае словам, перамагае ў шматлікіх літаратурных конкурсах — паэтычных, празаічных, у тым ліку і на праваслаўную тэматыку. А як грае на баяне! Ногі самі просяцца ў скокі. Тамара сама і рэжысіруе выступленні свайго калектыву, ведае не толькі як “прыгатаваць”, але і як “падаць”. Так званыя яе падводкі да выхаду “Званіц” заўсёды з густам, з народнай філасофіяй.


З Тамарай мы накіраваліся да адной са старэйшых удзельніц “Званіц” Соф’і Драбышэўскай. Гэта яна на выступленні калектыву ў Ельску ў мінулым годзе атрымала тытул “Бабуля-майстрыха”. Памятаецца, тады яна агучвала са сцэны цэлую паэму Тамары Курленкі, у якой былі такія радкі:


Змалку Соняй я завуся,


Працавітасць — мой акцэнт!


Я жыву ў Беларусі,


Дзе найлепшы Прэзідэнт!


Дом Соф’і Трыфанаўны сваім выглядам і духоўным напаўненнем пацвер­дзіў: ва ўсім майстрыха! І спявае, і ў бубен б’е, і вяжа. А на яе вышыванках, здалося, сабраліся ўсе пярэстыя восеньскія фарбы кветнікаў і ваколіц Рудні Марымонавай. Жанчына падзялілася, што сама родам з Чачэршчыны, з вёскі Халочча. Там працавала ў калгасе, 23 гады загадвала малочна-таварнай фермай. Чарнобыльская катастрофа зрынула з роднай зямелькі ў 1991 годзе. Але ж працавітая сялянская сям’я (муж Анатоль Іванавіч у мінулым трактарыст, 47 гадоў працоўнага стажу!) годна прыжылася на новым месцы. Дачакаліся Драбышэўскія 6 унукаў, 10 праўнукаў. А калі нечаканай хваляй сум падкоціць, Трыфанаўна спявае адну з даўніх песень са свайго Халочча:


Упыліў, укурыў 


сілен дробны дожджык


Дай па чыстаму полю-у-у.


Зажурыў, зажурыўсь 


мой татачка родны


Па маёй горкай долі-у-у.


Ой, тады жа было дожджыку курыцца,


А як мамачка была-у-у,


Ой, тады жа было татачку журыцца,


Як я маленька была-у-у...


А цяперака мой татачка родны,


А я ў людзечкі пайшла-у-у...


На адной з галоўных вуліц вёскі — імя 40 гадоў Перамогі — гаспадары нібы спаборнічаюць між сабой на лепшую сядзібу, і сапраўды, кажуць, хутка свята вёскі. У доме № 28 жывуць Маёравы. Ступіўшы ў іх двор адчуваеш сапраўдную любоў да свайго лапіка зямлі, дома, імкненне рабіць усё з натхненнем і душой. 




На сядзiбе Маёравых


Уразіў іх кветнік, калодзеж, аформлены пад млынок, дрэва, аздобленае гладышамі сваіх продкаў, тунэль, сплецены з вінаграду. І альтанка, над якой сімвал сівой даўніны — пасталы. Гаспадыня Ганна Арка­дзьеўна 22 гады адпрацавала галоўным бухгалтарам мясцовай гаспадаркі, тры гады ўпраўляючай. 




“Разам з мужам жывем — бы песню адну спяваем, — падзялілася жанчына. — Ён мой аднакласнік, 38 гадоў разам. Зімовымі вечарамі будзем зноў займацца аздабленнем дома, рабіць разьбяныя нарыхтоўкі. Так што да наступнага лета сядзіба стане яшчэ больш прыгожай”.


У ваколіцах Рудні Марымонавай археолагі знайшлі некалькі гарадзішчаў, у тым ліку VII — III стагоддзяў да нашай эры і ранняга жалезнага веку. Усё гэта сведчыць, што здавён гэтыя землі былі заселены. З пісьмовых крыніц вынікае, што вёска вядома з XVIII стагоддзя як уладанне памешчыцы Валадзьковай, затым — Хацяноўскай. З пачатку 1880 гадоў тут быў хлебазапасны магазін. У 1887 годзе меліся вятрак, крупадзёрня. За сваю гісторыю вёсцы давялося быць у складзе Дзятлавіцкага, Гомельскага, Лоеўскага, Рэчыцкага раёнаў. У 1930 годзе тут арганізавалі калгас “Смелы”, працаваў паравы млын, дзве кузні.




Шмат сапраўдных майстроў жывуць тут і сёння. Як, напрыклад, Мітрафан Місачэнка. У пяцігадовым узросце, у час акупацыі, яму ўрэзаліся ў памяць нямецкія легкавікі і коміны роднай лоеўскай вёсачкі Рудня Каменева. 33 гады як жыве ў другой Рудні, увесь час адпрацаваў шафёрам у саўгасе імя Някрасава, ездзіў на розных грузавіках, але ж найбольш палюбіў ГАЗ-53. Зараз жа Мітрафан Пракопавіч незаменны майстра, які робіць для землякоў граблі, тачкі, кляпае косы, словам, рыхтуе ўсе неабходныя прылады. Ды і лодкі пенсіянер вырабляе. Падзяліўся, што чарговая — 47-я па ліку — гатова да спуску на ваду. Калі цёмныя восеньскія туманы прыплывуць з паплавоў, сум па заўчаснай страце двух сыноў развейваюць праца і ўсведамленне, наколькі патрэбны яго вырабы сялянам. А жонка Кацярына Ягораўна, дарэчы, філолаг па адукацыі, актыўна спявае ў “Званіцах”, старэйшая ўдзельніца калектыву!




У Рудні Марымонавай пазнаёмілася я і з яшчэ адным цікавым сямейным дуэтам — Анатолем Падвойскім і Верай Дубадзелавай. Немаладыя людзі сышліся праз гады пасля смерці сваіх “палавінак”, каб не так адзінока было жыць на белым свеце. Яны ўжо дзесяць гадоў разам. 


Анатоль Фёдаравіч малым дзіцём перажыў лёс вязня, разам з маці і 7 дзецьмі быў вывезены ў Германію. Па дарозе памёр яго браток Віця.


— Мама зберагла нас шасцярых там, у Нямеччыне. Яна працавала на авіяцыйным заводзе, невыносна цяжка. Жылі мы як скаціна, у бараках... Не дай Божа нікому, — падзяліўся Фёдаравіч. — Горад, у якім мы былі, вызвалялі амерыканцы. Яны давезлі да Эльбы, потым — цераз пантонны мост да нашых... 


А Вера Сідараўна расказала, як цяжка было выжываць ёй без бацькі: Сідар Патапавіч загінуў 29 студзеня 1944 года на Жлобіншчыне. “Я ж у мірны час страціла сына Валерыка, не магу ніяк перажыць гэту бедачку, — разнервавалася жанчына. — Прыйшоў з вайны далёкай, афганскай. Піць пачаў. Нелюдзі дапамаглі, сышоў заўчасна”.


На двары дзіцячага садка сустрэ­лася з юнымі вяскоўцамі, дзятвой XXI стагоддзя. Ім пісаць новую гісторыю сваёй вёскі. І так хочацца, каб большасць знайшлі сваё прызначэнне на роднай зямельцы. Прыемнай весткай парадавала ўпраўляючая справамі мясцовага сельсавета Ганна Казлова, ура­джэнка хойніцкай вёскі Віць: 680 чалавек жывуць у Рудні Марымонавай, прычым 392 — працаздольнага ўзросту. Чацвёра марымонаўцаў сёлета дасягнуць 90-годдзя. А размянялі дзясяты дзясятак Ксенія Доля, Праскоўя Калоша, Таццяна Лапырова. Нездарма ж слова “вёска” жаночага роду!



Фото аўтара

0 Обсуждение Комментировать