Вверх


Вандроўка трыццаць трэцяя.Фёдараўка. Рагачоўскі раён

6319 0 14:05 / 22.11.2015

27 студзеня 2016 года споўніцца 160 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Людвігавіча Кігна-Дзедлава — рускага пісьменніка, крытыка, публіцыста і грамадскага дзеяча, лёс якога звязаны з Рагачоўшчынай. Таму і ў чарговую вандроўку мы накіраваліся ў адну з вёсак краю, — Фёдараўку. А праваднікамі па мясцовых сцежках сталі загадчык сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Харонжа, супрацоўнік музея Народнай славы Аляксандр Рыкуноў, іншыя работнікі культуры.


Соф’я Берднікава разам з краязнаўцам Генадзем Дамброўскім разглядаюць рарытэты


Шчыра кажучы, пабачыўшы працяглую ліпавую алею, пасаджаную калісьці тут пры Кігнах, пашкадавалі, што не вандравалі тут улетку. Вельмі ўжо адметная яна. Трапляеш сюды з гарадской мітусні, і хочацца перакроіць свой крок на больш запаволены, асэнсоўваць жыццё і творчасць чалавека, для якога гэты куточак беларускай зямлі стаў месцам для творчасці, сустрэч з прадстаўнікамі тагачаснага бамонду. Адсюль ён ехаў у Доўск, каб накіраваць пісьмы Чэхаву, які пісаў яму з падмаскоўнага Меліхава...


Фёдараўка дажывае свой век, як ні горка, але даводзіцца гэта канстатаваць. Зараз тут 8 двароў, 12 жыхароў, у асноўным пажылога ўзрос­ту. Скіравалі мы ў дом да Соф’і Берднікавай, бо яна з’яўляецца свое­асаблівай захавальніцай народнай памяці пра памешчыцкі род Кігнаў. Яе свякроў Надзея сваім выхаваннем абавязана маці пісьменніка — Елізавеце Іванаўне Паўлоўскай, якая вядома як першы беларускі вучоны-фалькларыст, аўтар зборніка «Народныя беларускія песні», выдадзенага ў Санкт-Пецярбурзе ў 1853 годзе. Дарэчы, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ёсць мікрафільм гэтага рарытэта, які аўтар у свой час падпісала толькі першымі літарамі свайго імя і прозвішча.


Аповяд Соф’і Берднікавай


Мая свякроў Надзея Аляксандраўна Старавойтава, па мужу Берднікава, была на службе ў фальварку ў Кігнаў. Сталася так, што і выхавала яе саму Кігніха. Калі Надзеі было гадкоў пяць, маці яе памерла. Бацька ажаніўся на другой, але тая жанчына не стала глядзець дзяўчынку. Дык вось памешчыца Елізавета Іванаўна ўзяла яе да сябе, выхоўвала разам са сваёю дачкой Вольгай... Помніцца мне, як свякроў з дабрынёю заўсё­ды згадвала сваю гаспадыню, расказвала, як у фальварак прыязджалі браты Васняцовы — Віктар і Апалінарый, і што дзяўчаты сябравалі з імі.


Калі Надзея рыхтавалася замуж, Кігніха сукенку ёй вельмі прыгожую купіла. Дарэчы, ў ёй мы і праводзілі бабулю ў апошні шлях. Свёкар мой працаваў у Кігнаў садоўнікам.


Падарунак памешчыкаў Кігнаў маёй свекрыві, швейную машынку «Зінгер», якая ў Вялікую Айчынную перажыла акупацыю, закапаная ў зямельку, я падарыла сваёй унучачцы, якая скончыла Віцебскі тэхналагічны інстытут і зараз жыве ў Мінску. Выдатна шые і зараз!


Тры дзясяткі гадоў таму назад работнікі культуры распрацоўвалі краязнаўчую праграму «Жывая памяць Гомельшчыны», а пазней крыху — аналагічную, толькі па рагачоўскаму краю. І ў 80-х гадах цяпер ужо мінулага стагоддзя высвецілася імя Уладзіміра Кігна-Дзедлава. Менавіта тады ў раён прыязджаў вядомы вучоны-літаратуразнаўца Сямён Букчын. Многія і сёння ў Фёдараўцы згадваюць яго так: «А, гэта той вучоны, што прыязджаў да нас на веласіпедзе».


Але ж прыязджаў сюды неаднаразова, і не адзін, а з расійскай дэлегацыяй і апантаны па-зямляцку адраджэннем кігнаўскіх мясцін на Рагачоўшчыне Аляксандр Ужанаў, ураджэнец вёскі Каменка, член двух творчых саюзаў — пісьменнікаў і журналістаў Расіі, дырэктар Інстытута сацыяльнай памяці, член-карэспандэнт Акадэміі ваенных навук, дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін. Дзякуючы яму многае з творчай спадчыны Кігна перавыдадзена, шэраг кніг Ужанаў падараваў Соф’і Берднікавай. Адметна, што тады пабыла на радзіме Кігна і Вольга Скібіна з расійскага Арэнбурга, прафесар мясцовага педуніверсітэта, якая абараніла па творчасці Уладзіміра Кігна доктарскую дысертацыю. Вольга Міхайлаўна ў адным з артыкулаў адзначае, што ў час працы ў Міністэрстве унутраных спраў Уладзімір Кігн аб’ездзіў мясціны, дзе тады востра стаяла перасяленчае пытанне. Два гады займаўся пытаннямі перасяленцаў у Арэнбургу, адначасова друкуючы свае заметкі пад псеўданімам Перасяленец у газеце «Оренбургский край». Пазней яны ўвайшлі ў яго кнігу «Переселенцы и новые места». Дарэчы, і лепшую сваю аповесць «Сашенька» пісьменнік пісаў у Арэнбургу ў 1892 годзе.


У маляўнічай Фёдараўцы давялося пачуць нямала легенд, гіпотэз ад краязнаўцы Генадзя Дамброў­скага. Усе яны цікавыя і маюць права на жыццё. Напрыклад аб тым, што, вельмі ўражаная разбурэннем фальварка ў рэвалюцыю, Елізавета Кігн аднесла срэбраны посуд сям’і ў лес, закапала і зачаравала тое месца, каб ніхто не знайшоў... Дагэтуль у ваколіцах Фёдараўкі час ад часу з’яўляюцца шукальнікі кігнаўскага скарбу. Мясцовыя жыхары паведамілі: не так даўно былі такія «госці» са Слуцка.


Ды наперакор падобным «аматарам даўніны» работнікі культуры Рагачоўшчыны, краязнаўцы вядуць асветніцкую работу па стварэнні ў вёсцы Курганне (Дзедлава) у сельскім Доме культуры музейнага пакою Уладзіміра Кігна-Дзедлава. Працуюць у рамках выйгранага праекта Еўрасаюза, ствараюць свае.


У верасні 2016 года на Рагачоў­шчыне пройдуць Дні беларускага пісьменства, і цікавасць да асобы рускага пісьменніка, яго творчасці (яе па сваёй значнасці можна параўнаць з творчасцю Горкага), безумоўна, будзе расці.








Ксеракопія першага ліста рукапісу аповесці «Сашенька»












































Цэглавая кладка зроблена і сапраўды на стагоддзі: склеп застаўся ад былога дома прыслугі. Кажуць, у Першую сусветную тут быў лазарэт











Гэта дзвярная ручка яшчэ памятае дотык рук сваіх гаспадароў-памешчыкаў Кігнаў...

















Фото Василия Дубика

0 Обсуждение Комментировать