Вверх


Новая Баршчоўка. Лоеўскі раён

1738 0 16:42 / 12.01.2016

Напярэдадні маразоў і снегападу пабывала ў Новай Баршчоўцы. Вёска з дыхтоўнымі домікамі, сельскім клубам народных традыцый, школай, поштай падалася аграгарадком.


Але ж не.  Гэта вёска, якіх шмат на нашай зямлі, якія, на жаль, лічацца неперспектыўнымі. Ды жывуць тут адметныя людзі, якія сваёй працай, сваім талентам уславілі бацькоўскую зямлю.


IMG_1439.jpg



З гісторыі вёскі


Згодна з пісьмовымі крыніцамі, вёска вядома з другой паловы 19-га стагоддзя. У 1908 годзе называлася Баршчоўкай і ўваходзіла ў склад Ручаёўскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерніі. У 1926-м, а таксама з


30 ліпеня 1963-га па 3 снежня 1981 года была цэнтрам Новабаршчоўскага сельсавета.


З 1959-га ў складзе калгаса імя К. Маркса.


З 1926 года тут дзейнічала пачатковая школа. У 1930-м арганізавалі калгас “Гомельскі пралетарый”. У 1933 годзе ўжо працаваў цэглавы завод, а таксама былі паравы млын, лесапілка, кузня, сукнавальня.


У час Вялікай Айчыннай вайны гітлераўскія акупанты стварылі тут свой гарнізон, але народныя мсціўцы разбілі яго. Карнікі спалілі 104 сялянскія падвор’і і забілі трох жыхароў. 413 салдат 65-й арміі П. Батава загінулі пры вызваленні гэтых мясцін, 139 жыхароў Новай Баршчоўкі аддалі свае жыцці за мірную будучыню нашчадкаў на франтах і ў партызанскіх атрадах.


Сёння, як паведамілі ў Малінаўскім сельсавеце, вёску насяляюць 180 чалавек, у асноўным працаўнікі КСУП “Малінаўка-агра”. Самая юная жыхарка — 8-месячная Даша Чачыла, а старэйшая — 87-гадовая Таццяна Юрчанка.


Вёсачка мая, мая чараўніца...


Сёлетняй восенню Новая Баршчоўка набыла асаблівую вядомасць. Знакаміты расійскі кампазітар Віктар Дробыш атрымаў ад кіраўніка нашай дзяржавы ордэн Францыска Скарыны і ў шматлікіх інтэрв’ю паведаміў: у дзяцінстве любіў бываць у Новай Баршчоўцы Лоеўскага раёна. Адсюль родам яго бацька Якаў Якаўлевіч. І штолета школьнікам будучы кампазітар гасцяваў у беларускай вёсцы ў сваёй бабулі Марыі Паўлаўны.


Старажылы і сёння згадваюць, якім быў Віктар у шасцігадовым узросце — усмешлівым, прыязным хлапчуком, любіў розныя штукарствы, мог нават пакатацца на парсюку. Цяпер ён згадвае гэта так: “Шчаслівае дзяцінства, якое не вернеш ні на Канарах, ні на Маёрцы, ні ў Монтэ-Карла. Вы ўяўляеце, што такое маладому хлопцу вырвацца са школы, даехаць на цягніку да Гомеля, потым яшчэ кіламетраў 40 на аўтобусе, а там — проста рай! Лодачка, матацыкл, коні... Можаце сабе ўявіць: на матацыкле грыбы збіраў! Едеш — раз, вялікія стаяць! Спыніўся, сабраў вядро і паехаў далей...”


Бацька кампазітара разам са сваёй сястрой Таццянай і зараз не здраджвае завядзёнцы, прыязджае штогод з Санкт-Пецярбурга, падтрымлівае стасункі з пляменнікамі і сваёй школьнай настаўніцай Любоўю Рыгораўнай Кірушкінай. А вось Віктара даўно тут не бачылі...


Цікава, што ў чатырох стрыечных братоў Віктара Дробыша прозвішча Дробуш. Старажылы расказалі мне, што так запісаў іх колішні работнік сельсавета, які гаварыў на мясцовым дыялекце: танцуваць, мабуць... У Новай Баршчоўцы зараз жывуць два браты кампазітара. Аляксандр шмат адпрацаваў у КСУП “Малінаўка-агра” і ў гаспадарчай групе школы (на жаль, установа адукацыі ў мінулым годзе ўжо зачынена), зараз займаецца пчалаводствам.


Сустрэцца ў дзень вандроўкі пашчасціла з другім братам Дробыша — механізатарам Васілём. У вольны час яго любімы занятак — рамонт машын. За ім і заспела мужчыну. Вельмі сціплым аказаўся, не хацеў фатаграфавацца. Маўляў, я ж просты чалавек, не прывык да такой публічнасці як сталічны брат.


У Лоеве, дарэчы, жыве і яшчэ адзін стрыечны брат Дробыша — Сяргей, слесар па рамонту сельгастэхнікі. Мікалай, чацвёрты, які працаваў настаўнікам, пераехаў з Лоеўшчыны ў Гомель, зараз прадпрымальнік.


— Ведаю, што Віця ў дзяцінстве марыў стаць хакеістам, а бацькі прымушалі яго граць на раялі, — падзялілася каларытная Надзея Рабянок, прадавец магазіна ў Новай Баршчоўцы, стрыечная сястра Віктара Дробыша. І сказала, што будзе рада сустрэць брата па вышэйшаму разраду гасціннасці ў сваім прасторным доме, нават, калі прыедзе з кім з сяброў па шоу-бізнесе — месца хопіць. “У ліпені б пачаставала свежымі чарніцамі з малаком, як ён любіў у дзяцінстве, — бабуля пра гэта расказвала”, — адзначыла Надзея.


На вуліцы Пралятарскай


У 53 год свайго шлюбу ўступілі Пратасавы — Іван Ціханавіч і Кацярына Мікалаеўна. Ураджэнцы вёскі Іванькаў, яны сорак гадоў жывуць у Новай Баршчоўцы, сумленна адпрацавалі ў мясцовай гаспадарцы. Выхавалі дастойных дзяцей. Старэйшая дачка Ніна — настаўніца роднай мовы і літаратуры ва Уборкаўскай сярэдняй школе. Сярэдняя, Алена, жыве ў украінскім Корапе, працуе ў райдзяржадміністрацыі бухгалтарам. Малодшы сын Іван — галоўны энергетык КСУП “Малінаўка-агра”. Пяцёра ўнукаў дачакаліся Пратасавы-старэйшыя, аднаго праўнука.


Як сапраўдныя сяляне, Ціханавіч і Мікалаеўна не могуць без жыўнасці на падворку. Трымаюць 15 курэй, двух парсюкоў, аўчарку Марту і коціка Васілька. Гаспадар здавён займаецца пляценнем ажурных кошыкаў з алюмініевай провалакі, з лазовымі дужкамі. Гаспадыня — аматарка спеваў, наведвае гурт мастацкай самадзейнасці. Ох, і галасістая ж Кацярына Мікалаеўна!


Яна была ў Брэмене


Ганна Чапега, ураджэнка Ястрабкі, у двухгадовым узросце пераехала з бацькамі ў пасёлак Бодры — туды перасяляліся з хутароў. А ў 1943-м разам з іншымі выгнаннікамі трапіла ў Нямеччыну, аж у Брэмен.


— Мне тады каля сямнаццаці было. Працавалі разам з немкамі на рыбнай вытворчасці, на заводзе, марскую рыбу чысцілі, — распавядае бабуля Ганна. — Боты гумовыя, касцюмы адпаведныя. Увесь дзень па строгаму распарадку. Жылі ў бараках, спалі на двухярусных, збітых з дошак нарах. Былі побач і сховішчы ад налётаў авіяцыі. Немкі кіравалі туды першымі, а нас не хацелі пускаць. У Брэмене загінуў маленькі сынок маёй бабулі ад другога шлюбу... Пазней, калі сталі актыўна бамбіць англічане ці то амерыканцы, нас перамясцілі ў нейкія матроскія казармы. А колькі радасці было, калі вярталіся дамоў, у Беларусь, ехалі


ў цягніку да Рэчыцы!


Бабуля Ганна падзялілася, што яе... дзядзькам з’яўляецца ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, вядомы пісьменнік, былы супрацоўнік “Гомельскай праўды” Міхась Даніленка. “Ён дваюрадны брат маёй маці, а цяпер мы, лічы, зраўняліся з ім узростам”, — падкрэсліла жанчына.


З часу яго работы ў калектыве “ГП” газета ў сям’і ў пашане: і зараз чытаюць апавяданні і абразкі Міхася Пятровіча, які перыядычна дасылае свае допісы ў абласную газету. Пра гэта расказаў сын цёткі Ганны — гамяльчанін Мікалай, што гасцяваў якраз у матулі. Другі сынок яе жыве з сям’ёй далёка — у расійскім Стаўрапалі.


Дарэчы, у Новай Баршчоўцы ёсць яшчэ дзве жанчыны, якія перажылі лёс выгнанніц у Нямеччыну — Антаніна Седзянкова і Ніна Раманава.


Аж 13 Прымакоў!


А напрыканцы вандроўкі па парадзе загадчыцы мясцовага сельскага клуба народных традыцый Таццяны Кісялёвай завітала ў дом вышывальшчыцы Валянціны Прымак. Не менш чым таленавітымі яе работамі славіцца сям’я: чатыры мужчыны Прымакі — муж Валянціны Сяргей і трое іх сыноў шчыруюць трактарыстамі ў КСУП “Малінаўка-агра”. А ўсяго ў Новай Баршчоўцы, як падказалі вяскоўцы, дынастыя з 13 сваякоў-Прымакоў! І сапраўды, вёсачка-працаўніца.


IMG_1507.jpg Васіль Дробуш, стрыечны брат кампазітара Віктара Дробыша


IMG_1423.jpg Ганна Чапега — пляменніца пісьменніка Міхася Даніленкі


IMG_1406.jpg Іван Пратасаў





0 Обсуждение Комментировать