Вверх


Вандроўка трыццаць пятая. Суткова. Лоеўскі раён

3007 0 16:55 / 06.04.2016

Цікава, што гэтая вёска ў Страдубскім сельсавеце Лоеўшчыны злілася з аграгарадком Пярэдзелка. Прычым на тэрыторыі апошняга ў сядзібным доме графіні Кацярыны Бараноўскай, аб’екце залатога кольца Гомельшчыны, размешчаны Суткоўскі дзіцячы садок-школа. Вось так усё пераплецена-перакрыжавана адзіным, лічы, лёсам.


Але ж прыехала я ў вёску Суткова, таму і страчалася з мясцовымі жыхарамі.


Суткоўскі старажыл Марыя Салаўёва


Суткова вядома яшчэ з XVIII стагоддзя як селішча ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай — у складзе Расійскай імперыі. У 1897 годзе тут меліся бальніца, вінакурня і цэглавы завод. У 1930-м быў арганізаваны калгас «Дняпроўская камуна». Тут працавалі кузня, крухмальны завод, паравы млын. У 1959 годзе мясцовая гаспадарка ўжо насіла назву саўгаса «Дняпроўскі» з цэнтрам у Пярэдзелцы. У 1999 годзе тут жылі 406 чалавек, зараз — 321.


Безумоўна, найперш скіравала я да самай узроставай жанчыны Суткова Марыі Салаўёвай, 1922 года нараджэння. Сёння, дарэчы, у Марыі Платонаўны дзень нараджэння. Віншуем! Маці, якая адна выгадавала траіх дзяцей, безумоўна, заслугоўвае павагі. Зараз лёс выпаў ёй жыць з сынам-пенсіянерам Віктарам.


Як не п’е — залаты чалавек, — падзялілася маці. — Сёння вось і супу зварыў, і прыбраў у хаце. Я ж тры гады, як зрок страціла. Дачушкі мае далёка. Рая ў Пецярбургу, Валя — ва Ушачах на Віцебшчыне. Не скажу: прыяз­джаюць, агарод дапамагаюць садзіць.


З глыбіні пакояў выйшаў мужчына з тварам, нібы парослым імхом. «Вось табе і сынок, — падумалася. — Ды маці за яго маладзей выглядае!»


Нібы ўгадаўшы маю думку, цётка Марыя падзялілася: «Адна дзяцей я расціла, не было на каго аперціся. Мужыкі мае ўсе — налётныя пціцы. Адзін балабай на кватэры стаяў... Ай, не хачу згадваць іх».


Чатыры браты Платонаўны загінулі на вайне. Дапамагчы некаму, разлічвала толькі на сябе. Даяркай працавала, прыбіральшчыцай. У 17 гадоў старэйшая дачка паехала працаваць у Комі. «А за малодшую мне руку на сходзе ціснулі — залаты медаль у школе атрымала! — з гонарам расказала сівая маці, ветэран працы. — Дзеці мае былі дагледжаныя, накормленыя: гадавала кароў, парсюкоў, соткі садзіла. Як гэта, скажыце, цяпер такія маткі ёсць, што дзетак кідаюць? Гэта ж святога ў іх за душой ні кропелькі!»


Аляксей і Таццяна Канаваленкі


У Суткове давялося пазнаёміцца з сям’ёй ветэранаў-медыкаў Канаваленкаў. Аляксей Пятровіч і Таццяна Андрэеўна разам 55 гадоў. Колісь яны пазнаёміліся ў Андрушоўцы на Жытоміршчыне. Аляксей прыехаў працаваць урачом-тэрапеўтам па размеркаванні пасля Кіеўскага медінстытута, а Таццяна — пасля Жытомірскага медвучылішча фельчарам. Але абодвух праз пэўны час пацягнула на малую радзіму. Так звязалі лёс з мясцовай бальніцай у Суткове, якая слаўная сваімі традыцыямі. Канаваленкі нагадалі мне, што ўзведзена першая тутэйшая бальніца была яшчэ пры ўладальніцы гэтых мясцін Бараноўскай. У першую сусветную ў Суткове працаваў земскі ўрач Яўген Клумаў. Засведчана, што ім у 1914 годзе тут зроблена першая аперацыя на сэрцы. Доктар Клумаў у 1921 годзе пераехаў у Мінск, у перадваенным 1938-м абараніў кандыдацкую дысертацыю, стаў прафесарам. Калі сталіцу акупіравалі фашысты, дапамагаў падполлю, падтрымліваў медыкаментамі два палявыя шпіталі і чатыры партызанскія атрады. Восенню 1943 года Яўгена Ула­дзіміравіча і яго жонку Галіну Мікалаеўну схапіла гестапа. Яны загінулі ў газавай камеры Трасцянца...


Вось такі жыццёвы прыклад служэння сваёй справе заўжды быў узорам для сям’і Канаваленкаў. Яны сумленна выконвалі свой прафесійны абавязак, дапамагалі людзям у любы час сутак, у любое надвор’е. Галава сям’і адпрацаваў тэрапеўтам 46 гадоў, жонка — каля 40 патранажнай, участковай медсястрой. Пра іх работу ад суткаўчан чула я толькі добрыя душэўныя водклікі. Выхавалі Канаваленкі дзвюх дачок. Тамара працуе ў ідэалагічнай службе на «Гомсельмашы», Людміла — псіхолагам у Мінску. У Канаваленкаў-старэйшых ужо двое ўнукаў, праўнучка Віка, якой два з паловай годзікі.


Вольга Калядзенка, прыгажуня і разумніца, якая адчувае хуткасці XXI веку


Калісьці тагачасны галоўны ўрач Лоеўскай ЦРБ Анатоль Рысюк нас падахвочваў, каб дочкі працягнулі баць­коўскую справу, паступалі ў медыцынскія навучальныя ўстановы, — дзеліцца Таццяна Андрэеўна. — Але дзяўчаты адразу не схацелі нашага «хлеба», маўляў, ні днём, ні ноччу няма вам спакою. Таму і пайшлі другімі сцяжынамі. Мы ж з мужам і цяпер адзін другога падтрымліваем сваімі медыцынскімі парадамі...


У 1991 годзе ў Суткова прыехалі паўсотні перасяленцаў з Брагіншчыны, з вёскі Гдзень. Так тут з’явілася вуліца Гдзеньская. У доме № 4 жыве шматдзетная сям’я Наталлі Папковай. Сімпатычная жанчына — маці чацвярых дзетак, шчаслівая ў трэцім па ліку шлюбе. Лёс быў паха­ваць першага мужа. З другім не склалася жыццё, і толькі зараз Наталлі і яе дзеткам усміхнулася шчасце. Сяргей Патапаў — прыватны прадпрымальнік, з якім сем месяцаў таму нажылі дачушку Вераніку, уцеху, радасць і для сябе, і для старэйшых дзяцей. Сяргей займаецца нарыхтоўкай лесу, а Наталлі дапамагае штодзень з дзецьмі маці Любоў Чалая.


Я ж сама шматдзетная, пяцёра ў мяне, — падзялілася ветэран працы. — Ды хіба раней так на нас увагу звярталі? А на Палессі ў нас вялікія сем’і. Мы вось пакінулі сваю вёску Гдзень, а два мае браты і сёння там жывуць, кароў, свіней трымаюць, агароды сеюць. Дарэчы, людзі з нашай вёскі жывуць у Суткове і на вуліцы Садовай. Прывыклі, прызвычаіліся, але ж іншы раз сніцца ўсё тое, дзе маладосць твая...


У чаканні чарговага транспарту ў бок Гомеля я неў­прыкмет прыпыніла легкавушку, якая выязджала з Суткова. Мілавідная дзяўчына Вольга Калядзенка за рулём БМВ прапанавала падкінуць да Рэчыцы — будзе хутчэй. Так пазнаёмілася з дачкой начальніка аддзялення паштовай сувязі ў Пярэдзелцы Людмілай Янковіч. Магу засведчыць — пабольш бы такой моладзі! Вольга — маці дваіх дзяцей, сыну 12, дачушцы — сем гадкоў. Працуе ў прыватным гандлі. Энергічная, рахманая, з машынай на «ты».


Мы не ўвесь час тут, на Гомельшчыне, жылі, — па­дзялілася Вольга. — Мама мая ўраджэнка Холмечы, а бацька з Омска. Доўгі час сям’я жыла ў Растове. Калі я ў 11 клас хадзіла, пераехалі бліжэй, на маміну радзіму. А ўлюбёнасць у тэхніку ў мяне ад бацькі, ён часта браў з сабою ў рэйсы. Зараз ён на аўтамабілі МАЗ працуе. Першую машыну сваю набывала я ў крэдыт, «жыгулі-васьмёрку». Гэта ўжо другая, хутчэйшая.


Шчыра, па-чалавечы, пажадала я гэтай абаяльнай жанчынцы-матулі толькі зялёнага агеньчыка святлафора!









Фото автора
0 Обсуждение Комментировать