Вверх


Вандроўка трыццаць шостая. Шчытцы. Лоеўскi раён

5346 0 12:34 / 03.06.2016

У гэтай вёсачцы даводзілася бываць і раней, але менавіта вясною і ўлетку яна асабліва прыцягвае вандроўнікаў. Тут, на высокім беразе Дняпра, у атачэнні сакавітай зеляніны і квецені бэзу асабліва адчуваеш прыгажосць гэтага кутка Беларусі. Зараз мы вельмі парадаваліся таму, як адраджаюцца Шчытцы, робяцца перспектыўным месцам для дачнікаў. Многія лаяўчане, некаторыя гамяльчане набылі тут старыя домікі і адбудоўваюць іх, апрацоўваюць зямлю, вырошчваюць гародніну, прыводзяць да ладу падворкі, аздабляючы іх прыгожымі кветкамі, экзатычнымі раслінамі.




Непадалёк прыгожы лес, які ў сезон шчодры на маліну, грыбы. Але адчуваеш (пра гэта сведчаць і адпаведныя знакі), што гэта пагранічная зона. Паблізу Украіна. Вядома ж, і лёсы карэнных мясцовых жыхароў пазначаны гэтым суседствам.


Анатоль Максіменка, напрыклад, 19 гадоў свайго жыцця да распаду адзінай краіны працаваў на Любечскі рыбгас. Лавіў рыбу ў Дняпры і здаваў у Радулі, да якога бліжэй, чым да Лоева. Не стала краіны, у суседзяў даведак не дабіцца, архівы страчаны. І чалавеку 19 гадоў працы не ўлічаны ў стаж, атрымлівае мінімальную пенсію. Крыўдна? Вядома ж. Але па-сялянску стрыманы, загартаваны працай з 12-гадовага ўзросту чалавек і гэта перажыў. “Каб толькі мірна было ў нас”, — падкрэсліў Анатоль Віктаравіч. І расказаў пра перажытае ў дзяцінстве.


Аповяд Анатоля Максіменкі


— Калі адбыўся бой і нашы ўзялі ў кастрычніку 1943-га бераг каля Шчытцаў, мы вярнуліся дамоў. Жыць няма дзе, бо немцы разабралі нашу хату на бліндаж. Бацька пайшоў на фронт. А мы з мамай жылі тры гады ў тым бліндажы. Потым выпісалі лесу ў Абакумах, прыгналі па рацэ і быкамі ўсцягвалі на бераг. Будавалі хату як маглі. Гліну цягалі з сястрою.


Бацька загінуў пры фарсіраванні Віслы. У чарнавіку паведамлялася, што памёр у шпіталі ад 18 цяжкіх ран. Мама больш замуж не выходзіла, гадавала нас. Сястра мая жыве ў Крупейках.


— Што для вас Шчытцы, гэты вось лапічак дняпроўскага берага? — спытала я ў Віктаравіча. 


— Я тут карэнні з дзяцінства пусціў. І вырві мяне адсюль — памру. 


Іншага адказу, прынамсі, я і не чакала.


У самой назве вёскі корань “шчыт”. Сцвярджаюць, што яшчэ ў старадаўнія часы ўкраінцы-плытагоны, праплываючы каля гары,  выкрыквалі: “Шчыт цэ!” У 1793 годзе вёска ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі. У 1850-м яна ўжо ў складзе Лоеўскай воласці Рэчыцкага павету. Памешчык Кольба валодаў 589 дзесяцінамі зямлі ў ваколіцах Шчытцаў. 


У 1908 годзе 10 жыхароў працавалі на цэглавым заводзе, у 1931-м многія ўступілі ў калгас. Перад Вялікай Айчыннай вайной у Шчытцах было 50 двароў. У 1943-м фашысты спалілі палову іх і забілі 8 жыхароў... У 1950 годзе вёска была ў складзе калгаса імя Сталіна, а ў канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя тут  размяшчалася падсобная гаспадарка Гомельскага завода вымяральных прыбораў.


91 год размяняла інвалід першай групы Сынклета Суржык. Шмат пабачыла і перажыла. Але ўвесь век прагнула яе сэрца прыгажосці і дабрыні. Пра гэта сведчыць хата жанчыны, прыбраная, чысцюткая, бы лялька. Самой пенсіянерцы ўжо цяжка ўпраўляцца, вельмі баляць ногі. Дапамагае сацыяльны работнік Ніна Крамар з Крупеек, шчыруе ад душы.


Бацька Сынклеты ў свой час быў асу­джаны за тое, што “няправільна пасеяў каноплі”. У турме ў Гомелі прастыў і памёр.


Аповяд Сынклеты Суржык


— Праз некалькі дзён мама атрымала тую горкую вестку. Сядзіць, галосіць. Мне гадкоў пяць, брату — тры. Прытуліліся да яе...


Немец у сорак першым сюды, у Шчытцы,  ступіў і машынамі, і танкамі, і матацыкламі. Узляцелі яны на нашу гару. А ўнізе рака шырокая, чыстая. І кацер плыве па ёй, там два чалавекі, мо капітан з матросам. Немцы давай біць па тым кацеры з мінамёта. Аднаго чалавека забілі, а параненага забралі з кацера і прыцягнулі сюды, на бераг. Засела тая карціна ў памяці...


Наша хата стаяла блізка каля клуба. У сорак трэцім, калі вярнуліся з лесу, адзін попел. Начавалі пад хатай бабулі Каці. Потым аднавясковец Міхайла забраў нас да сябе, затым яшчэ жанчына прытуліла, якая мела дзве хаты. Вясною ўжо сваю зямлянку выкапалі ў двары...


Мае тры браты былі на фронце. Пятро загінуў дзесь на Браншчыне, але дзе пахаваны, мы так і не даведаліся. 


Жыву я адна. З першым замужжам не павязло. Больш і не спрабавала шукаць лёсу. Дзетак не маю. 


У Шчытцах мне давялося пачуць шмат шчымлівых аповядаў пра вызваленне вёскі ў 1943-м. Людзі тут захоўваюць удзячную памяць пра герояў.


У баі каля Шчытцаў вызначыліся старшы разведчык, яфрэйтар Сяргей Сухараў, дэсантная група на чале са старшым лейтэнантам Зіновіем Гарэлікам, радавы Сямён Крывенка, начальнік аператыўнага аддзела штаба 69-й стралковай дывізіі Рыгор Маланог. Усім ім прысвоена ганаровае званне Герояў Савецкага Саюза.


Яны былі прадстаўнікамі народаў-братоў. Ішлі ў бой, не дзелячыся па нацыянальнасцях. Сібірак Крывенка з Краснаяр­скага краю да вайны працаваў на рудніку. Украінец Маланог з Крынічанскага раёна Днепрапятроўскай вобласці шчыраваў у доменным цэху металургічнага завода ў Енакіева. Беларускі габрэй з Асіповічаў Гарэлік, адвучыўшыся ў Сімферопалі, працаваў там  у райкаме партыі. Сухараў пачынаў у калгасе на роднай тульскай зямлі ў вёсцы Сямёнаўка Бялёўскага раёна. 


Уяўляеце, лёс быў міласэрным да гэтых людзей. Усім ім пашчасціла прайсці праз гарніла і іншых бітваў Вялікай 


Айчыннай, пабачыць Перамогу, радавацца мірным здзяйсненням, самім плённа папрацаваць на будучае краіны. Сухараў абраў для пасляваеннага жыцця Мінск 


і навек застаўся на зямлі Беларусі. 


Гарэлік — у Сімферопалі...


Шчытцы вядомы на Лоеўшчыне як цэглавы край, садовы рай. Крыніца, якая бруіцца пад гарой і радуе вандроўнікаў чыстай смачнай вадзіцай, таксама адметны знак гэтай святой зямлі. Кажуць, што гэта дарунак Святой Вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы. Здорава, што многія людзі вяртаюцца сюды, да сваіх вытокаў, каб адрадзіць вёску. Мо ўславяць яе і фермеры-жывёлаводы, гароднінаводы, якія ўзяліся тут ладзіць справы. Дай Бог! 


З’яўляюцца на высокім беразе арыгінальныя пабудовы, альтанкі, у якіх цудоўна пішуцца вершы пра гэты край, — засведчыла сваімі  радкамі паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Лідзія Долбікава. 


Шчытцы...  Тут і сапраўды адчуваеш, як вырастаюць  крылы, і ты кружляеш, як бусел у сінечы неба, над дняпроўскімі хвалямі. Шчытцы... Вечны ШЧЫТ зямлі беларускай!





Такой хата была... 


IMG_7410.JPG


...цяпер такая!






















































































Фото автора
0 Обсуждение Комментировать