Вверх


Вандроўка трыццаць сёмая. Старое сяло

7447 0 14:23 / 30.06.2016

У сёлетнім верасні Рагачоўшчына прымае гасцей Дня беларускага пісьмен­ства. Таму чарговы маршрут вандроўкі быў у вёску, звязаную з жыццёвым лёсам народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова.


IMG_8494.JPG




Нарадзіўся будучы аўтар “Міколкі-паравоза” ў вёсцы Зазыбы цяперашняга Ліёзненскага раёна Віцебскай вобласці. Зямлі ў бацькоў было мала, а таму яны рушылі ў чыгуначнікі. Маці была вартаўніцай на пераездзе,


бацька — рамонтным рабочым. А калі ён стаў пуцявым абходчыкам, Лыньковы пераехалі ў Старое Сяло на Рагачоўшчыну. Непадалёк ад вёскі, у будцы чыгуначніка № 230 на мясцовым раз’ездзе, прайшло дзяцінства Міхаська. Летам хлапчына дапамагаў бацькам (яго выкарыстоўвалі на падсобных работах). Потым падаўся ў Рагачоў, у настаўніцкую семінарыю, скончыў яе ў 1917 годзе. Працаваў у школе ў Ліпінічах на Будакашалёўшчыне. У будцы каля чыгункі жыў з нараджэння і брат пісьменніка Рыгор, таксама літаратар, які меў псеўданім Суніца. Лёс яго абарвала вайна.


У час службы ў арміі Міхась Лынькоў страціў бацьку. А пасля вяртання з войска на чыгунцы загінула маці. Двух меншых братоў і сястру давялося глядзець маладому чалавеку. Працаваў некаторы час настаўнікам у рагачоўскай вёсцы Свержань, актыўна супрацоўнічаў як сялькор з бабруйскай раённай газетай “Камуніст”, куды потым і пераехаў з братамі і сястрой.


З аповеда рагачоўскага краязнаўцы Аляксандра Рыкунова:


— Усе меншыя дзеці Лыньковых нара­дзіліся ў Старым Сяле, у будцы № 230, якая стаяла, мабыць, да пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Фота яе неяк зрабіў літаратуразнаўца, крытык Сямён Букчын.


IMG_8496.JPGРагачоўскі краязнаўца Аляксандр Рыкуноў


Захавалася ў Старым Сяле школа, дзе вучыліся Лыньковы. Мясцовая настаўніца Даніта Галомзік прыдбала яе будынак і планавала адкрыць музей. Аднак, як


бачыце, задума не рэалізавалася.


Ёсць звесткі, што вельмі дружыў Міхась Лынькоў у Рагачове з сям’ёй Федчанкаў, заслужаных настаўнікаў БССР. Пісьменнік Уладзімір Бандарэнка, ураджэнец Ліёзна, які доўгі час жыў і працаваў у нашым раёне, па-зямляцку рупіўся знайсці прататыпаў Міколкі-паравоза. У яго быў багаты архіў. Цікава, дзе ён?


Пацікавіліся мы, хто яшчэ з насельнікаў вёскі працаваў і жыў у лынькоўскай будыніне ля чыгункі ў розныя часіны? Падказалі: сем’і Каротчанкаў, Савіцкіх, Чарновых і Шакавых.


Аповед Улляны Шакавай


— Гаспадар мой у Рагачове, у бальніцы, — сказала Улляна Шакава. — Ён у мінулым працаўнік тылу, мае ўзнагароды. Цяпер хвароб хапае. У кардыялогіі ляжыць...


А тата мой у свой час стаў брыгадзірам на чыгунцы пасля Каморнікава. Таму не пашанцавала: у яго бытнасць цягнік сыйшоў з рэек пасля пашырэння пуці. Звольнілі.


Я пасля заканчэння сямі класаў пайшла сезоннай рабочай на чыгунку, пяцігодку адпрацавала, потым перайшла ў калгас. Пяцёра дзяцей гадавалі з мужам. Дзе толькі не давялося рабіць! І бульбу прымала на крухмальным заводзе, качагарам, пасудамойкай у школе шчыравала, 15 гадоў тэхнічкай у сельсавеце. Будучы ўжо на пенсіі разам з гаспадаром, 15 гадоў малаказборшчыцай працавала. А ў вольную хвіліну любіла вышываць.


Дачушка наша і два сыны жывуць у Сасновым Бары Ленінградскай вобласці, а яшчэ дзве дачкі тут, на Гомельшчыне — адна ў Рагачове, другая ў Гомелі. Маем 10 унукаў, двух праўнукаў.


IMG_8539.JPGУлляна Шакава — вышывальшчыца цудоўных ручнікоў, майстрыха дываноў у чаканні мужа з бальніцы


Каля Старасельскага аддзялення паштовай сувязі сустрэла я Надзею Кавалеўскую, равесніцу вызвалення Беларусі. Ураджэнка Церахоўкі, яна 12 гадоў адпрацавала майстрам на ільняным камбінаце ў Оршы, потым — на радзіме, бухгалтарам Старасельскага лясніцтва. Пасля перамоў пра жыццё-быццё жанчына вырашыла выпісаць “Гомельскую праўду”. Работнікі аддзялення паштовай сувязі падказалі, што нашу газету тут чытае і Анастасія Рызаева, а таксама калектывы бібліятэкі, сельсавета, лясніцтва. Мо, пасля гэтае вандроўкі падпісчыкаў стане яшчэ болей у Старым Сяле?


Мясцовая дачніца, жыхарка Рагачова Людміла Нікіткова, параіла сустрэцца з яе цудоўнай суседкай Валянцінай Самсонавай (у дзявоцтве Казловай). У той якраз ішоў рамонт: дачка з зяцем прыехалі з Мінска, каб навесці марафет, клеілі шпалеры.


Аповед Валянціны Самсонавай


— Я ж сама нарадзілася ў сталіцы. Гадоў мо шэсць было, як вайна пачалася, немцы горад бамбілі. Памятаю, як і эшалон цягніка, на якім мы з’язджалі, абстрэльвалі з самалётаў. Мы з матуляй дабіраліся сюды, да цёці Лізаветы. Але і ў Старым Сяле горачка навалілася...


Старастам у вёсцы пры немцах быў Аніс Валенкаў. Па яго прадажніцтву многія людзі загінулі. А выратаваў нас з цёцяй яго... брат Іван Камароўскі, бургамістр. Што ён шапнуў тады на вуха старэйшаму з немцаў, засталося загадкай, але нас з цёцяй літаральна выпхнулі з машыны, перапоўненай сяльчанамі. Мы ўцалелі. Затое я асірацела на ўсё жыццё: матулю маю, Ганну Пятроўну, тады, у 1941-м, адвезлі ў Рагачоў і расстралялі... Яшчэ шмат гадоў пасля вайны, калі бачыла машыну, крытую брызентам, я бегла хавацца, не сваім голасам крычала: “Цётачка, ратуй, немцы!”


IMG_8513.JPGВалянціна Самсонава


Аніса пасля вызвалення нашы павесілі. Доўга быў на шыбеніцы. Потым хтось зняў і пахаваў у пасадках. Затым яго зноў вырылі і вярнулі на шыбеніцу... Яна стаяла побач, на пляцоўцы, дзе цяпер указальнік пра птушкафабрыку, малюнак з пеўнем...


Мінулая вайна зрабіла Валянціну круглаю сірацінкаю. Пахаронка паведаміла: “Ваш


бацька, чырвонаармеец Казлоў Андрэй Фёдаравіч, ураджэнец вёскі Заполле Рагачоўскага раёна, знаходзячыся на фронце, быў забіты 19 сакавіка 1945 года. Пахаваны: н. П. Груноу Хайлігенбайль уезд, Усходняя Прусія.


Камандзір часці палкоўнік Чарнаўцаў, начштаба — маёр Салаўёў.”


Божа, колькі горычы прынесла мінулая вайна гэтай жанчыне! Колькі радасці пазбавіла, прыгасіла святло яе прыгожых вачэй. Ды па прызнанню Іванаўны, цяжэй за ўсё перажыла гібель дачушкі Любы, 40-гадовай, у аўтакатастрофе. І гэты боль не выходзіць з сэрца.


Чацвёра дзяцей засталося ў маці-гераіні: Надзя і Міша — у Мінску, Валодзя — у Рагачове, а Мікола — тут, паблізу, працуе на птушкафабрыцы. Часта завітвае да маці, дапамагае. Дзесяць унукаў і столькі ж праўнукаў у бабулі Валянціны. І ўсім ім ведама яе дабрыня. Няхай жа і ў дачыненні самой гэтай сціплай жанчыны будзе як мага больш спагады і цеплыні!


P. S. Пакідала я Старое Сяло з мэтай прадоўжыць аповед пра лёс Рыгора Суніцы, але гэта будзе ўжо іншая гісторыя, звязаная з лёсам гамяльчан.







0 Обсуждение Комментировать