Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Akute: “Проста не можа быць не па-беларуску” (фота)

8967 1 04:44 / 01.11.2012

У Гомелі адыграў канцэрт адзін з самых яскравых айчынных альтэрнатыўных калектываў апошніх гадоў — магілёўскі гурт “Акутэ”

Akute у Гомелі Гэтае выступленне “Гомельская праўда” анансавала: за два гады хлопцы хутка прайшлі шлях ад перспектыўнага гурту да народных улюбенцаў, выдалі два шыкоўных альбомы з модным гучаннем у стылі, які самі называюць “дыска-дэкаданс” (насамрэч гэта годны пост-панк-рэвайвл), і працягваюць пісаць хіты. Akute — ўнікальная з’ява на беларускай альтэрнатыўнай сцэне. У іх творчасці адсутнічаюць фолк- і палітатрыбуты. Інакш кажучы, хлопцы робяць такую музыку, якая будзе зразумелай у якой заўгодна краіне. Але дадаюць нешта сваё. Напрыклад, змрочныя беларускамоўныя тэксты пра каханне, смерць, кроў і космас ды іншыя экзістэнцыяльныя рэчы. У зал (памяшканне бара гарадскога цэнтра культуры) сцягваўся кантынгент Akute. Хлопцы і дзяўчаты выглядаюць прыстойна, па-хіпстэрску. Нават на даволі драйвовую музыку рэагуюць больш-менш спакойна. Але толькі напачатку. Потым і музыкі адышлі ад вытрыманых у стылістыцы дэкадансу крыху такіх абыякавых, зусім не падобных на імклівыя песні, паводзін на сцэне, і гледачы. У канцы ўжо зала скакала і спявала: “Павольна, павольна, павольна, усё пад кантролем, кантролем, кантролем”. Выглядала вельмі так па-філасофску:) Некалькі год таму Akute ўжо выступалі ў Гомелі. Але той канцэрт усё ж такім масавым не быў, ды і пра музыкаў толькі-толькі пачыналі гаварыць. Але перад гэтым канцэртам першай справай запыталася ў музыкаў — Станіслава Мытніка і Рамана Жыгарава (Павел Філатаў у гэты час граў на сваіх барабанах падчас саунд-чэку), ці помняць што яны пра той свой першы гомельскі канцэрт. — Мы тады гралі разам з гуртом “Разбітае сэрца пацана”. І вельмі добрыя ўражанні засталіся ад таго канцэрту. Здзівіла, што нам падпявалі, — адказваюць. — Увогуле ўсе канцэрты помняцца. Кожны па-свойму ўнікальны і нельга сказаць, што нейкі горшы, нейкі лепшы. Проста цяжка іх параўнаць. Няма такога ўніверсальнага эталоннага канцэрту. Ёсць лепшы гук на сцэне ці горшы, з такіх рэчаў усё і складаецца.

— І аднак. Нядаўняе выступленне на адным канцэрце з Placebo, пэўна, усё ж такі ў шэрагу іншых выдзяляецца.

Стас: — Ну, напэўна так, гэта самыя моцныя ўражанні за ўвесь час, бо ўсё атрымалася нават лепш, чым мы чакалі і планавалі.

— Вы ўвогуле адчуваеце на канцэртах, як да вас прыходзіць папулярнасць?

Стас: — Так. Больш эмацыянальная рэакцыя публікі, большая масавасць на выступленнях, большае веданне тэкстаў песень, усё гэта ёсць. Але тое, што мы робімся больш папулярнымі — для нас гэта не нонсэнс. Мы проста робім сваю справу вельмі добра, я лічу, вельмі якасна, без аніякай халтуры. Вось і ўвесь сакрэт.

— Ці робіце вы стаўку ў сваёй творчасці на нейкую канкрэтную аўдыторыю?

Стас: — Не. Яна фарміруецца сама, мы нічога для гэтага не робім спецыяльна (першы альбом гурта называўся “Дзевачкі і космас” — прым. аўтара), проста пішам песні, як у нас атрымліваецца.

— Дарэчы, як у вас праходзіць рабочы працэс?

Стас: — Мы проста прыходзім на рэпетыцыі, ніколі не плануем: вось, сёння будзем пісаць хіт. Проста пачынаем нешта граць, калі тое, што пачаў хтось адзін, падабаецца астатнім і яны падхопліваюць, імправізуем далей. Вынікам становяцца такія як бы кавалачкі. Потым іх кампануем.

— Мелодыя першасная, карацей кажучы.

Раман: — Ну, у 99 адсотках выпадкаў — так.

— А тэксты як прыходзяць?

Раман: — З’яўляюцца ніадкуль. Аднекуль з космасу. Гэта на самой справе вельмі некантралюемы працэс, я не ведаю, калі яны з’явяцца, і што я напішу. Залежыць ад натхнення на самой справе. Вось, напрыклад, канчатковы варыянт тэксту песні “Наскрозь”, прэм’ера якой адбылася ў Гомелі, з’явіўся літаральна пазаўчора, а музычная напрацоўка даволі працяглы час існавала (“Прабітыя наскрозь апошнім лістападам, мы будзем з табой падаць” — і далей у дэкаданс — прым. аўтара).

— Што натхняе звычайна?

Раман: — Колеры. Дзяўчаты. Надвор’е, якое прынята называць дрэнным: дождж ці вецер, калі не трэба нікуды ісці, і ты сядзіш у якой-небудзь кавярні і глядзіш, як людзі мітусяцца са сваімі справамі. Музыкі шмат слухаем і новай, і старой, яе немагчыма ігнараваць. Насамрэч натхняць можа ўсё што заўгодна. Нават добрая ежа.

— Беларускамоўныя тэксты ў прасоўванні гурту — плюс ці мінус?

Раман: — Гэта дадзенасць. Проста не можа быць не па-беларуску. Я б так адказаў: песні могуць быць толькі беларускамоўнымі і жывы прыклад таго, як гэта можна прасоўваць, — гурт “Акутэ”. Я ніколі на іншай мове нават не пісаў. Хаця не. Было неяк некалькі радкоў на англійскай мове, я спрабаваў перакласці песню “Шчасце”. Не атрымалася. Не спадабаліся мне радкі гэтыя.

— Музыкі латвійскага калектыву “Брэйнсторм” падчас мінскага канцэрту распавядалі, што калі ў іх атрымліваецца песня, якая дакладна пойдзе ў масы, яны адразу адчуваюць і кажуць адзін аднаму: гэта народнае. У вас такія песні ёсць?

Стас: — Напэўна не. Больш таго, абсалютна нечакана публіка рэагуе на песні. І часцей за ўсё больш прыхільнікаў у тых песень, на якія мы не робім асаблівых ставак і не ўскладаем ніякіх спадзяванняў. Але бываюць асобныя выпадкі. Калі я сам слухаю нашу песню бесперапынна дзён 4-5, то разумею, што яе палюбяць. Так было з “Адзіноцтвам” і з “Прамянямі” (“Свяці”) — гэта адны з найбольш падтрымліваемых песень на нашых канцэртах.

— “Агонь” яшчэ любяць, я заўважыла.

Стас: — Так, гэта такая даволі незвычайная песня, у адзін час і натхняючая, і безнадзейная. У гэтым нешта ёсць. На самой справе для мяне ўсе песні любімыя, проста кожную па-рознаму разумеюць розныя людзі. Раман: — І дарэчы, у кожным горадзе тая ці іншая песня па-рознаму заходзіць. Напрыклад, мы былі ў Віцебску нядаўна і там мяне сапраўды вельмі здзівіла, як людзі рэагавалі на песню “Ціха, як мая смерць”, ну там, дзе ёсць радкі “Хто першы скончыцца: альбо дождж, альбо я”. Дык вось гэтыя радкі людзі спявалі больш моцна, чым мы самі. І калі скончылася песня, спявалі за нас яе яшчэ раз.

— У Гомелі прыхільнікі пачулі дзве новыя песні — “Бегчы” і “Наскрозь”. Яны больш у стылістыцы другога альбома, інакш кажучы, вы крочыце далей у дэкаданс і назад да касмічнага гучання першага альбома вяртацца не збіраецеся?

Раман: — Наконт гучання — гэта, ведаеце, такая справа — немагчыма займацца ўсім адразу, таму мы лепш даверымся якому-небудзь спецыялісту, які разумее ў гэтым лепш за нас. Можам толькі ацаніць канчатковы вынік — падабаецца ці не (звядзеннем другога альбома “Акутэ” займаўся Яўген Сухавей, які, напрыклад, для песні “Іголкі” —“ператварыў” гітару на арган — прым. аўтара), таму ніколі не ведаем, што атрымаецца ў фінале. Зараз мы пакрыху ўводзім новыя песні ў канцэртныя праграмы, каб пабачыць рэакцыю людзей. Нам гэта важна, бо мы працуем над сабой, і пакуль песні ў статусе навінак, яны могуць яшчэ змяняцца, дапаўняцца, дапрацоўвацца. Можа вынікам будзе больш брытанскі саўнд, як на першым альбоме, а можа і болей мадэрновы — пакуль цяжка сказаць.

— Ды можа неўзабаве і трэцяга альбома чакаць?

Раман: — Не, вы ведаеце, два альбомы менш чым за два гады — пасля гэтага можна крыху і адпа­чыць. Ёсць многа новага матэрыялу, але на цэлы альбом яшчэ недастаткова. Зараз мы нікуды не спяшаемся.

— Распачалі ўсебеларускі тур...

Раман: — У нейкім сэнсе. Горад за горадам мы, канешне, не аб’едзем, бо гэта цяжкавата, але як мага ў большую колькасць гарадоў будзем імкнуцца завітаць.

— У творчых людзей, кажуць, нельга пытацца пра планы і мэты. Аднак спытаю.

Раман: — У нас ёсць вялікая колькасць энергіі, якую мы яшчэ не выкарысталі. І вось гэтыя дзве новыя песні, яны падштурхнулі працаваць яшчэ болей. Бо тое, што зноў і зноў з’яўляюцца песні, якія нас узрушваюць, значыць, што ўсё яшчэ наперадзе. Стас: — Вось у мяне такія пачуцці былі, калі з’явілася песня “Адзіноцтва”. І з новымі такое ж адчуванне. Саміх сябе цікава слухаць. Як быццам мы вярнуліся назад. Тое “Адзіноцтва”, дарэчы, першы хіт калектыву, гомельскія прыхільнікі чакалі ўвесь канцэрт. Дачакаліся ў якасці апошняй песні. І на ўвесь голас разам з музыкамі: — Таму што ўсе зоркі, халодныя лялькі, ніколі не плачуць, ніколі не плачуць. І я абяцаю, ты болей ніколі мяне не ўбачыш, мяне не ўбачыш... Трымае за плечы, не чуе і болей, не лечыць мяне адзінооооцтва… Космас? Дэкаданс?

— Вы лічыце, што граеце рок? Калі ў шырокім сэнсе?

— Звычайна рок. Злы рок. Фоткі з канцэрту:
Фото Олега Белоусова
Культура

0 Обсуждение Комментировать
Наталлечка 01/01/1970 03:00
вельмі падабаецца творчасць "Акутэ". яны цудоўныя.
дзякуй аўтару за матэрыял.
Цитировать