Вверх


Не звяліся ў глыбінцы гаспадары

720 0 17:10 / 09.09.2018

Стабільны попыт на «агароды» назіраецца апошнім часам на Жыткаўшчыне. У ліку лідараў Людзяневіцкі сельскі Савет. У многіх яго вёсках нават не па аднаму прыкладу паспяховага развіцця асабістых падсобных гаспадарак. Калі ў 2015 годзе ў арэнду альбо пажыццёвае спадчыннае ўладанне мясцовым жыхарам перадалі ўсяго 0,8 гектара, то на наступны гэта колькасць павялічылася амаль у 10 разоў, а летась дасягнула 11,9 гектара.

У асноўным людзі бяруць зямельныя ўчасткі для вырошчвання гародніны і ягад, расказала інспектар сельвыканкама Алена Цырыбка, якая, дарэчы, і сама мае ў гэтай справе пэўны досвед. Але пазнаёміцца прапанавала з іншымі рупліўцамі, што сваімі адносінамі да працы выклікаюць шчырую павагу і даюць надзею: вёску хаваць яшчэ рана.

Васіль Шчур з цэнтральнай сядзібы — малады пенсіянер. Але на заслужаным адпачынку знаходзіцца ўмоўна: больш чым паўтарагектарныя соткі патрабуюць пастаяннага клопату. Склаўшы рукі суразмоўца не сядзеў і калі працаваў на аўтабазе. Да земляробства ён схільны з дзяцінства. З жонкай Таццянай Сяргееўнай, што мае немалы гандлёвы стаж, стварылі на падворку ўтульны аазіс прыгажосці. Заўжды сям’я (а бацькам дапамагаюць дачка і асабліва сын) садзіла нямала бульбы ды іншых звычайных культур. І сабе, і на продаж хапала. Тры гады таму Васіль загарэўся ідэяй вырошчвання буякоў. Для плантацыі патрабавалася плошча, звярнуўся ў сельвыканкам, там і прырэзалі да агарода яшчэ добрую лапіну. Побач з другім хлебам прыжыўся і модны зараз ягаднік, паступова колькасць кустоў павялічылася да паўтысячы. Першы ўраджай ужо каштавалі — да кілаграма дала кожная расліна, але максімум варта чакаць яшчэ праз два-тры гады. Попыт на буякі стабільны.

— Пакуль сілы ёсць, трэба варушыцца, — лічыць Васіль Уладзіміравіч, не скрываючы, што пакуль новая справа па­трабуе больш укладанняў, чым дае аддачы. — Шкада, што гады бягуць і хуткасць руху страчваецца, а так наракаць няма на што. Пры жаданні працаваць можа кожны.

З такім меркаваннем згодны і жыхар Грады Міхаіл Гатчэня. У вёсцы за ім даўно замацавалася слава дбайнага самастойнага чалавека. Сям’я, у якой выхоўваюцца сямёра дзяцей, чатыры з якіх ужо на сваім хлебе, мае трывалую сядзібу, трактар з прычапным інвентаром. Тут заўж­ды спадзяваліся выключна на свае сілы, як мурашы стараючыся ствараць годны дабрабыт уласнымі рукамі.

Пачыналі Гатчэні, як многія, з агурковых цяпліц. Зараз асноўную стаўку зрабілі на памідоры ды перцы. Два занятых агародам гектары, дзе таксама набіраюць сілу гарбузы, капуста, бульба, тыя ж агуркі і іншыя расліны, раскіданы па ўсёй ваколіцы. Спачатку аформілі адзін участак, што застаўся пасля зносу нежылога будынку, потым суседні пачалі апрацоўваць. Так пачыналася пашырэнне ўласнай падсобнай гаспадаркі. Калі на агарод пачало не ставаць часу, Міхаіл Васільевіч звольніўся з работы, скіраваўшы сілы на парнікі. Жонка, Алена Паўлаўна, даглядае малодшае дзіця. Але па сутнасці, яны абодва выдатныя аграномы, няхай і самавукі. Адзінае, што непакоіць — праблемы са збытам і нестабіль­насць закупачных цэн.

— За тыдзень я збіраю каля паўтары тоны таматаў, — прыводзіць прыклад субяседнік, — прадаць іх самому нерэальна, прыходзіцца здаваць оптам за капейкі. Найбольшая выгада атрымліваецца з першым ура­джаем, а выдаткі нясеш вялікія — на насенне, розныя доглядныя мерапрыемствы, хімію. Ды і людзі перасталі зараз купляць на базары гародніну сеткамі, бяруць кілаграмамі, пераважна ў супермаркетах.

У развагах пра складанасці аграрнага бізнесу даведалася, што гэтым займаюцца і яго ро­дзічы. Брат Ігар і сястра Вольга таксама маюць немалыя надзелы зямлі. Але адзін другому не канкурэнты, а хутчэй партнёры. У паездках на базар звычайна кааперыруюцца.

Па словах інспектара сельвыканкама, толькі ў мінулым годзе да іх звярнуліся 25 чалавек, якія пажадалі аформіць зямлю. Не чакаючы ініцыятывы з месцаў, і сама адміністрацыя ідзе ў народ з прапановамі заняцца спрадвечным сялянскім промыслам.

Сёлета адпаведныя дакументы выдалі шасці вяскоўцам, яшчэ двум рыхтуюцца. На карце Савета для патэнцыяльных заяўнікаў зараз пазначана каля 70 участкаў агульнай плошчай звыш 25 гектараў. У рэзерв асобных падсобных гаспадарак, як правіла, трапляе тэрыторыя, вызваленая ад знесенага жылля (а з 2008 года прыбрана з вуліц 227 хат), ды іншыя пусткі ў межах населеных пунктаў.

— Мы вітаем імкненне лю­дзей да самазанятасці, — падкрэслівае прадстаўнік улады, — такім чынам і зямля выкарыстоўваецца па прызначэнні, і людзі не лічацца ўтрыманцамі, уносячы свой уклад у эканоміку — уласную і дзяржаўную.

Дарэчы

Для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі ў сельскіх населеных пунктах зямельныя участкі прадстаўляюцца толькі грамадзянам, зарэгістраваным на тэрыторыі адпаведных сельскіх Саветаў. У пажыццёвае спадчыннае ўладанне перадаецца да аднаго гектара. Дадаткова, з улікам плошчы, прызначанай для абслугоўвання жылога дома, можна ўзяць яшчэ да чатырох гектараў у арэнду.

Прадукцыя падсобных гаспадарак не абкладаецца падаткам, а занятыя ў гэтай сферы выключаны са спісаў тых, хто не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных расходаў.

Фото автора

0 Обсуждение Комментировать