Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Зямля чароўная дняпроўская! Лоеўскі раён

10426 0 17:45 / 19.06.2018
Калі глядзіш з вышыні Лоевай гары на пасёлак, здаецца, што і велічны Дняпро нібы запавольвае сваю плынь, каб палюбавацца архітэктурай старадаўніх будынін, адноўленай плошчай з велічным абеліскам і помнікамі ўсім вызваліцелям роднага краю. Старадаўняя славянская рака нібы настройвае і мясцовых жыхароў, і гасцей райцэнтра запаволіць хаду і пастаяць некалькі хвілін у маўчанні. Пакланіцца памяці загінуўшых тут у кастрычніку 1943-га, на стратэгічным накірунку роднай Беларусі.
4E6A2570.JPG
Зараз у Лоеўскім раёне пражывае каля 12 тысяч чалавек. Амаль столькі ж прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей аддалі жыцці пры фарсіраванні Дняпра і ўтрыманні плацдарма. Гэта святая зямля, намоленая жанчынамі-маці з розных куточкаў адзінай некалі краіны...

Прапускаючы праз сэрца
4E6A2823.JPG
Слухаючы экскурсію Рымы Стаднікавай, дырэктара Музея бітвы за Днепр, адчуваеш і сцюдзёную ваду кастрычніцкага Дняпра, і надзвычайнае хваляванне, перажыванне за падзеі шматгадовай даўнасці. Гэтая хударлявая жанчына з вельмі чуллівай душой прапускае праз сэрца ўсё наканаванне лёсаў радавых байцоў і камандзіраў. Цікавімся, дзе яе малая радзіма, дзе карэнні роду.
— У мяне метрыкі на фінскай мове, — загадкава прамаўляе Рыма Генадзьеўна. — Прыйдзе час, у музей здам. З Карэліі я, у 10 кіламетрах ад вострава Валаам нарадзілася. Лёс праз пэўны час прывёў сям’ю ў Лоеў. Бацька мой быў з Урала. Абодва дзядулі ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай: Мікалай — ва­дзіцелем па Ладазе дастаўляў грузы ў асадны Ленінград. А вось Антон служыў у пантонна-маставой батарэі, інвалідам вярнуўся з вайны. У 1946-м ён атрымаў медаль «За адвагу». І памёр праз тры дні...
Разумеем, што і нескаронасць яе ўласнай маці перад лёсам загартавала таксама Рыму. Маці яе расла з бацькам і мачахай, дагледзела, вывела ў лю­дзі малодшых братоў і сясцёр, паехаўшы на заробкі на лесараспрацоўкі. Яна пастаянна чула ад бацькі: «Лепш 100 разоў гарэць, чым аднойчы аўдавець».
30 гадоў педагагічнага працоўнага стажу ў Рымы Стаднікавай. А ўрокі гісторыі, мудрыя, жыццёвыя, працягваюцца ёю і сёння ў Музеі бітвы за Днепр.
— Любая вайна — гэта народная трагедыя. Мы павінны памятаць пра яе, каб не дапусціць новую, — падводзіць да такой высновы чарговых экскурсантаў Рыма Генадзьеўна, пазіраючы на Дняпро.

Тут вучаць на настаўнікаў
4E6A2106.JPG
Каля 6,5 тысячы спецыялістаў адукацыі падрыхтавана ў Лоеўскім дзяржаўным педагагічным каледжы за 55 гадоў існавання навучальнай установы. А пачыналася яна як педагагічнае вучылішча, і першае размеркаванне настаўнікаў пачатковай школы у 1965 годзе было па ўсяму СССР. Так што дзе толькі не працавалі выпускнікі-настаўнікі з Лоева! На юбілейнай урачыстасці згадвалі, як кіраўнікі розных гадоў Павел Шарэпа, Фёдар Рэпіч, Уладзімір Краўчанка падбіралі высокакваліфікаваны, дружны калектыў педагогаў і настаўнікаў.

Прынамсі, гэтыя традыцыі працягваюцца і сучасным дырэктарам Раісай Калядой. З працуючых зараз 39 педработнікаў, 87% — вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыі. Матэрыяльна-тэхнічная база каледжа абнаўляецца за кошт заробленых пазабюджэтных сродкаў: 160 тысяч рублёў толькі за мінулы год. Тут лічаць справай гонару прадставіць кожнаму выпускніку першае рабочае месца. І сёлетнія ўжо размеркаваны, прычым 27 рабят будуць працаваць у Гомелі, 9 — у Мінску, 58 — у раёнах Гомельшчыны. І няма сумневу, што працаваць будуць ярка, творча, так, як вучылі іх педагогі. Напрыклад, выпускніца Ганна Дзядзенка прыедзе ў адну са школ Чыгуначнага раёна Гомеля. Малады спецыяліст падзялілася:
— На мой жыццёвы выбар паўплывала выкладчык выяўленчага мастацтва Алена Уладзіміраўна Кілачыцкая, выпускніца нашага каледжа 2006 года. Яна цудоўна малюе, валодае новымі тэхнікамі абстрактнага жывапісу, кампазіцыі і інсталяцыі ў інтэр’еры. А тое, чаму мы навучыліся, прадстаўлена ў каледжы на выставе, якая дорыць цудоўны настрой усім, хто да нас прыязджае.

Граніца пад надзейнай аховай
4E6A2533.JPG
Дзмітрый Радчанка, камендант пагранічнай камендатуры «Лоеў», ураджэнец памежнай з Украінай і Расіяй вёскі Кругавец-Калініна Добрушскага раёна.

— З дзяцінства памятаюцца школьныя сустрэчы каля манумента Дружбы на памежжы трох рэспублік. Наша школа сябравала з Юркавіцкай і Лемяшоўскай, часта ладзіліся сустрэчы з расійскімі і ўкраінскімі равеснікамі, — дзеліцца згадкамі Дзмітрый Міхайлавіч. — Я заўсёды марыў стаць ваенным, афіцэрам. Настойліва рухаўся да гэтай мэты і ажыццявіў яе. Абараняць Радзіму, на мой погляд, сапраўдная справа для мужчыны.

У 2003 годзе Радчанка, пасля вучобы ў тэхнічным універсітэце і працы ў аб’яднанні «Гомсельмаш», ужо служыў на сухапутнай мабільнай пагранічнай заставе на гомельскім накірунку. З таго часу шмат вады ўцякло, пройдзена многа новых службовых прыступак. З 2007-га, пасля заканчэння інстытута пагранічнай службы і магістратуры кіравання, Дзмітрый служыць і жыве з сям’ёй у Лоеве.

— Пасёлак быў і застаецца на стратэгічным накірунку нашай дзяржавы, — адзначыў камендант пагранічнай камендатуры «Лоеў» Радчанка. — Я цікаўлюся гісторыяй, а яна ў гэтых мясцінах захапляючая. Не кажучы ўжо пра прыгажосць краю. Люблю Лоеўшчыну не менш, чым родны куток. Усё змяшчаецца ў сэрцы: і Кругавец-Калініна, дзе жывуць бацькі, і Лоеў, дзе мая сям’я. Калі выходзіш на кацеры па фарватэры Дняпра, міжволі ўяўляецца ўся наша Беларусь. Мы ахоўваем самы працяглы водны ўчастак дзяржаўнай граніцы.

Край гасцінных людзей
4E6A2997.JPG
Лоеўскі раён створаны ў снежні 1926 года. Перажыў і ліквідацыю ў 1962-м, і аднаўленне ў ліпені 1966-га. Старажылы памятаюць неаднаразовыя дыскусіі ў розныя гады пра мэтазгоднасць далучэння Лоеўшчыны да больш буйнога раёна. Жыхары гарпасёлка і сяльчане годна перажываюць усе гэтыя разважанні, бо ўпэўнены, што гераічная зямля, якая была ў 1943-м своеасаблівым масточкам для вызвалення Беларусі, не павінна стаць безыменнай. Лоеў і сёння фарпост нашай Айчыны, па фарватэры Дняпра праходзіць водная мяжа Беларусі з Украінай.

Раён воляй лёсу скіраваны на развіццё сельскай гаспадаркі. І хаця глебы тут не вельмі пладародныя, аграрыі дабіваюцца нядрэнных ураджаяў кукурузы, плюсуюць у вытворчасці малака. Сярод лепшых сельгаспрадпрыемстваў — «Калпень-агра», «Малінаўка-агра», «Саўгас «Зара».

Шмат робіцца па павышэнні эфектыўнасці лесагаспадарчага комплексу калектывам мясцовага лясгаса, які па выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці за 2017 год у ліку пераможцаў і занесены на раённую Дошку гонару.

Лаяўчане ганарацца, што шэраг жылых дамоў на ўезде ў пасёлак пабудаваны з цэглы вытворчасці мясцовага камбіната будаўнічых матэрыялаў. Яна адметнага тэракотавага колеру, выраблена з гліны, што здабываецца ў раёне.

Развіццё турызму, прычым на самы розны густ, у краі лічаць адным з перспектыўных накірункаў эканамічнага росту. Тут ёсць экскурсійныя маршруты, якімі можна далучыцца да гераічнай гісторыі, зачаравацца краявідамі.

Прыязджайце ў Лоеўскі край, каб адпачыць ад гарадской мітусні, вечнай беганіны за ўяўным дабрабытам. Спяшайцеся наталіць сэрца Вечным, што застанецца пасля нас.

Калі даверылі землякі
4E6A4355.JPG
КСУП «Саўгас «Зара» — адзіная ў раёне гаспадарка, якой кіруе жанчына. Такі давер два гады таму атрымала ад сваіх землякоў Валянціна Краўчанка, на той час старшыня Ручаёўскага сельскага Савета. З малалецтва загартаваная працай з бацькамі ў роднай Карчомцы, што даўно паглынула цэнтральная сядзіба сельгаспрадпрыемства, Валянціна Віктараўна перажывала новае назначэнне, хаця дырэктарства ёй не ў навіну. 15 гадоў Краўчанка ўзначальвала сельскі Дом культуры ў Ручаёўцы, бо па адукацыі Віктараўна — рэжысёр святаў і абрадаў.
— Памяць пра бацькоў — маму, знакамітую цялятніцу, кавалера двух ордэнаў Працоўнай Славы, і тату, які ўдарна працаваў у будаўнічай брыгадзе, застаюцца галоўнымі арыенцірамі для мяне, — падзялілася дырэктар, якая жыве ў бацькоўскай хаце.

Працаўніца культурнай галіны, яна любіць ва ўсім прыгажосць і парадак, задае такую планку ўсёй гаспадарцы. З 6.30 раніцы за рулём легкавіка Валянціна Віктараўна аб’язджае аб’екты. У дзень нашага прыезду ў «Зару» тут вяліся касьба сена, прэсоўка сенажу, сеялі шматгадовыя травы, заканчвалі пасадку грэчкі. На самай новай ферме ў Новакузнечнай старшыня падзялілася, што пачарговы выпас кароў дапамагае дабівацца большага малака, лепшага захавання жывёлы. Плануецца будаўніцтва яшчэ аднаго памяшкання для дойнага статка на гэтай ферме.

«Адлюстраваннем» і «Жывіцай» можна ганарыцца
4E6A2345.JPG
З пераможнага 1945 года ў Лоеве радуе гледачоў аматарскі тэатр. Стварыў яго Аляксей Захарэўскі. У сваёй навейшай гісторыі тэатр «Адлюстраванне» з 1987 года носіць званне народнага. Думаецца, што гэта адзін з вышэйшых тытулаў для яго акцёраў, людзей розных прафесій, аб’яднаных памкненнем творчасці. Такіх, як Пятро Бондар і Ганна Мельнік, што не ўяўляюць свайго жыцця без мастацтва. Ветэраны культурнай нівы раёна, яны спяваюць і ў народным вакальным ансамблі «Жывіца» (кіраўнік Пятро Бондар) , якому ў 2019 годзе споўніцца 30 гадоў.

У рэпертуары тэатра, што працуе пры гарадскім цэнтры культуры, ёсць адна з пастановак па п’есе Аляксея Дударава «Вечар». Вечная як сама тэма неперспектыўных вёсак, якія паступова сыходзяць са сцэны жыцця разам са сваімі дзядулямі і бабулямі...

Давялося глядзець «Вечар» у надзвычай жывых дэкарацыях, на беразе Дняпра ў гарадскім парку. Захапленне і апладысменты гледачоў, воклічы «брава!» Згадаліся словы аўтара ў тэлепраграме «З фондаў Белтэлерадыёкампаніі»: «Аматарскі тэатр у нечым дасць фору і прафесійнаму». Сапраўды так!
4E6A3010.JPG
4E6A2924.JPG
Фото Алега Белавусава
Общество

0 Обсуждение Комментировать