Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Барталамееўка. Вёска, якой няма

13064 0 21:13 / 21.09.2018

27 гадоў назад не стала Бартала­мееўкі. Масавае адсяленне яе жыхароў пачалося праз пяць гадоў пасля выбуху на чацвёртым энергаблоку ЧАЭС. Што засталося ад некалі вялікай і прыгожай вёскі на Веткаўшчыне, вёскі майго дзяцінства?

 

Сняцца сны аб Барталамееўцы

Днямі майму бацьку Мікалаю прыснілася яго мама. Памерлая яшчэ ў 1976 годзе жанчына расказвала, дзе ў Барталамееўцы трэба пабудаваць новую хату. Бацька падрабязна распавядаў свой сон, а на мяне нахлынулі ўспаміны, яркія карцінкі з дзяцінства. Быццам бы наяве ўбачыла вялікую (аж да неба) бярозу перад бабулінай хатай, самыя прыгожыя ў свеце касмеі, якія расквечвалі летам агародчык ля дома, грушу на двары — кожны год яна давала незлічоную колькасць невялікіх, але вельмі салодкіх пладоў. Прыгадалася, як любіла карміць маленькіх, зусім ручных куранятак, якіх гадавалі бацькавы сёстры — цёткі Маня і Надзя...

Барталамееўка — самая вялікая з адселеных вёсак Веткаўшчыны, былы цэнтр сельсавета. Тут працаваў торфабрыкетны завод, жыхары маглі пахваліцца сярэдняй агульнаадукацыйнай школай, інтэрнатам, пяццю магазінамі, двух- і трохпавярховымі цаглянымі будынкамі... Зараз на іх месцы — руіны. У вёсцы перакрыжоўваліся чатыры вуліцы — Сяло, Куток, Бачок і Наваселле. Вядома, гэта не афіцыйныя іх назвы. Сучасныя Пралетарская, Савецкая і Камсамольская, якія з’явіліся на шыльдах дамоў недзе ў шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя, не надта прыжыліся сярод вяскоўцаў.

Варфаламееўка (так называюць вёску некаторыя былыя жыхары) перажыла Вялікую Айчынную вайну. Адолела і страшэнны пажар у 1948 годзе, які знішчыў больш за сотню дамоў. Адбудавалася. У 1959-м тут налічвалася каля 850 жыхароў. А вось «мірны атам» не перажыла... У 1992 годзе ў чыстую зону з вёскі перасялілі 340 чалавек.

Больш за 10 гадоў я там не была. З’явілася неадольнае жаданне наве­даць малую радзіму, прыхіліцца да бярозы, што стаяла ля дома бабулі Наталлі Канстанцінаўны.

 
 
 

 

Дарога дадому

Барталамееўкі на многіх сучасных картах ужо няма. Нават калі добра ведаеш дарогу ў вёску, трапіць туды не так і проста. Каб заехаць на адселеную тэрыторыю, трэба аформіць у спецыялістаў адміністрацыі зон адчужэння і адсялення пропуск. Інакш — штраф ад 10 да 30 базавых велічынь. Толькі на Радуніцу можна без дазволу трапіць на забру­джаныя радыяцыяй могілкі. Як расказаў галоўны спецыяліст адміністрацыі зон адчужэння і адсялення МНС Рэспублікі Беларусь Аляксандр Пяршко, у гэтым годзе на Веткаў­шчыне было выдадзена амаль 780 прапускоў — для грамадзян і юрыдычных асоб. Нямала і тых, хто самавольна наведвае «закрытыя» тэрыторыі. Часцей за ўсё прыязджаюць у грыбы-ягады, рыбу палавіць. У гэтым годзе 10 пратаколаў на парушальнікаў склалі спецыялісты адміністрацыі і яшчэ 57 — супрацоўнікі міліцыі. Гэта менш, чым у багатым на грыбы 2017-м.

У нялёгкім падарожжы на малую ра­дзіму мяне суправаджаў Аляксандр Пяршко. Іду па вуліцы Савецкай, на якой стаяў бабулін дом, і нічога не пазнаю. Па словах бацькі, на Сяле (так раней называлася вуліца) спрадвеку ставілі хаты прадстаўнікі нашага радаводу. Тут стаялі царква (потым клуб), аддзяленне сувязі, бібліятэка, сталоўка, магазіны... Амаль што ў кожнай хаце жылі майстры і майстрыхі. Глуханямы Агей Жукаў быў адметным бандаром. Старэйшая дачка Хомкі Марэйка ляпіла з гліны выдатны посуд. Іван Халадзілін з дрэва і металу мог зрабіць літаральна ўсё неабходнае для сельскага жыцця. Піліп Сокалаў быў добрым цесляром... Людзі Сяла жылі адной сям’ёй, не заводзілі сварак, імкнуліся дапамагаць адзін аднаму.

Успамінаю бацькавы словы і пільна ўзіраюся ў здзічэлыя краявіды. Ад ранейшай вуліцы амаль нічога не засталося. Замест шырокага асфальтавага палатна, якое з’явілася пасля катастрофы на ЧАЭС, амаль што лясная сцяжына. Паабапал дарогі шчыльнай сцяной узнімаюцца высачэзныя дрэвы-самасеі, густа буяе разнастайнае кустоўе. Дзікі ажыннік, маліннік, учэпістая абляпіха... Усё пераплятаецца, ствараючы часам нерэальныя, нават сюррэалістычныя малюнкі. Увесь час нешта шапацела ў траве і кустах, многа яшчарак. Напэўна, і змей хапае, баялася прыглядацца. На душы — няўтульна і сумна. З цяжкасцю знайшла месца, дзе стаяла хата, у якой нарадзіўся і вырас бацька.

Не верыцца, што вёску закапалі менш за трыццаць гадоў таму. Змены ў ландшафце значныя. Зніклі нават пагоркі ад закапаных будынкаў. Аб тым, што тут жылі людзі, нагадваюць адзінкавыя яблыні. Дарэчы, ураджай у гэтым годзе зай­здросны і ў «зоне». Галіны дрэў ламаюцца ад пладоў. Не вытрымала і паспрабавала яблык. Смачна!

Знайшлі крыж, узведзены на месцы былой Свята-Мікалаеўскай царквы. Тэрыторыю вакол царквы (Дома культуры) называлі цвінтаром. У памяці бацькі назаўсёды засталася буслянка на адной са шматлікіх векавых ліп цвінтара: у дзяцін­стве ён любіў назіраць за белакрылымі дарослымі птушкамі і буслянятамі ў гняздзе на баране. Нічога не замінала буслам: ні людскі гоман на цвінтары і рыначку, ні рух транспарту. А калі над вёскай запанавала мёртвая цішыня, буслы пакінулі гняздо...

У добрым стане брацкая магіла салдат Вялікай Айчыннай вайны, якія палеглі пры вызваленні Барталамееўкі.

 
 
 
Рабінзоны зоны

Веткаўшчына пасля катастрофы на ЧАЭС страціла 55 населеных пунктаў. Барталамееўка — адзіная ў раёне адселеная вёска, дзе жывуць людзі. Без электрычнасці, газу і сувязі. Не ходзіць сюды і аўталаўка. Быў час, калі ў вёсцы жыло чалавек 15. Большасць з іх разам з астатнімі жыхарамі атрымалі ў чыстай зоне новае жыллё, але па розных прычынах вярнуліся. Усе пасяліліся на адной вуліцы — Камсамольскай, каля кало­дзежа: разам прасцей выжыць. Стварылі своеасаблівы хутарок. З кожным годам самасёлаў становіцца ўсё менш. Зараз у Барталамееўцы засталося два чалавекі. Карэнны жыхар вёскі Мікалай Гардуноў і Пётр Белякоў. Дарэчы, яны таксама афармляюць пропускі — адразу на год.

З Мікалаем, на жаль, не пагутарыла, дом быў зачынены: напэўна, паехаў у Ветку. А Пятра Леанідавіча засталі за копкай бульбы. Агарод у мужчыны невялікі, вырошчвае «ўсяго патроху» — аднаму хапае. Як жывуць? За прадуктамі і пенсіяй ездзяць у райцэнтр. Дапамагаюць адзін аднаму. Гаспадарку вядуць, грыбы-ягады збіраюць. Няма газу? «Дык з дровамі ж праблем няма, усё пазарастала, рубі, колькі хочаш», — адказвае Пётр. Дзікіх звяроў не баіцца: ваўкі не заходзяць, а кабаноў з-за чумы пастралялі. Белякоў родам з суседняй Вараб’ёўкі. Пасля адсялення жыў у Ветцы, але згарэў дом. І ў 1995 годзе пасяліўся ў Барталамееўцы, разам з Любоўю Галушка з Петухоўкі. На жаль, жанчына ўжо памерла.

На Камсамольскай засталося пяць дамоў. Самай «жывой» выглядае хата Алены Музычэнкі. Але там ужо ніхто не жыве. Іван Барысавіч памёр некалькі гадоў таму, а Алену Мікітаўну ўзяла да сябе дачка. Раней хата Музычэнкаў была свое­асаблівай візітоўкай адселенай вёскі, да іх часта прыязджалі журналісты, іншаземцы, прывозілі гуманітарку. Рабінзоны трымалі вялікую гаспадарку: каня, карову, гусей, садзілі гарод. У доме — чысціня і прыгажосць. Зараз, па словах Белякова, госці наведваюцца ў вёску радзей.

 
 
 

Голас зніклай вёскі

Усё часцей у нашых размовах з бацькам усплывае слова «могілкі». Ён любіць расказваць, у якім цудоўным месцы яны знаходзяцца ў любай Барталамееўцы. Неяк прызнаўся, што апошні прытулак хоча знайсці ў роднай вёсцы. Раней я такія размовы спыняла, а потым зразумела: гэта не столькі гутаркі пра смерць, колькі ўспаміны пра жыццё. Пра жыццё роднай вёсцы, сваякоў і знаёмых. Бацька ўсё часцей звяртаецца ў сваіх успамінах да Барталамееўкі, дзе ўсё блізкае і да макаўкі роднае.

На барталамееўскіх могілках пануе парадак, зроблена добрая агароджа. Як ні дзіўна, амаль усе магілы дагледжаныя. На Радуніцу «да родных ніў» прыязджаюць перасяленцы з розных куточкаў Беларусі — прыводзяць да парадку магілы не толькі сваякоў, а і былых суседзяў, знаёмых.

Могілкі ў зніклых вёсках — напэўна, самае «жывое» месца. З кожным годам прырастае магіламі Барталамееўка. Калі яе жыхары вымушана пакідалі вёску, верылі: пройдзе некалькі гадоў, і яны абавязкова вернуцца. І яны вяртаюцца. Пасля смерці. Пройдзе яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў, усё канчаткова пазарастае, і толькі могілкі будуць доказам таго, што некалі тут жылі людзі.

Барталамееўкі няма. Чаму ж я чую яе голас?
















Фото автора
Общество

0 Обсуждение Комментировать