Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Вандроўка шаснаццатая. Церуха

7404 0 22:26 / 15.01.2013
Напярэдадні Дня беларускага пісьменства самы час завітаць у адну з любімых мясцін народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, падумала я, накіроўваючыся ў чарговую вандроўку. Менавіта ў вёсцы Церуха ў ранейшыя гады Іван Пятровіч часта бываў на дачы. Згадалася наша колішняя гутарка і прызнанне пісьменніка: “У лесе Маркавіцкага лясніцтва прайшло маё маленства. З Церухі мая Марыя Філатаўна. Я там пабудаваў, атрымаўшы Сталінскую прэмію, хаціну…” Гэты будынак даўно належыць другім гаспадарам і зараз ужо перабудаваны на іх густ. Хаця раённыя ўлады ў свой час намерваліся выкупіць дом і зрабіць у ім музей пісьменніка, новыя насельнікі адказалі ў гэтым. Шкада. Так што я, стоячы на некаторай адлегласці на вуліцы імя Героя Савецкага Саюза Аляксандра Валогіна, паўзіралася на былы шамякінскі дом, дзе Іван Пятровіч выношваў задумы і пісаў новыя творы. І пашыбавала далей, каб сустрэцца з сённяшнімі жыхарамі гэтых жывапісных мясцін. Згадала сучаснага таленавітага паэта Алеся Бараноўскага, які нарадзіўся ў гэтай вёсцы, скончыў ГДУ імя Ф. Скарыны, а зараз працягвае вучобу ў Мінску. Старшыня Цярухскага сельскага выканаўчага камітэта Анатоль Петрушэня, які кіруе тут ужо 11 гадоў, падказаў, што вёска здавён славілася сваімі бондарамі. А цяпер — работай майстра-разьбяра надваконнікаў Івана Антошкі. З
аўважыўшы на доме № 18 па вуліцы Валогіна літаральна карункавыя драўляныя ўпрыгожванні, падумала, што менавіта тут і жыве мой герой. А аказалася, што гэта яго “творы” на доме Наталлі Ярмольчык, якая зараз працуе прыёмнай маці 10-гадовай Ангеліны і 12-гадовай Ані. Наталля Мікалаеўна шмат займаецца са сваімі дзеткамі творчасцю: вышываюць, робяць розныя вырабы з ракавінак, бісера, цеста і іншых матэрыялаў. Часта ўдзельнічаюць у выставах, якія арганізуюцца раённым аддзелам адукацыі і абласным аддзяленнем Беларускага дзіцячага фонду. Імкненне сям’і Ярмольчык да прыгожага і стала штуршком для знаёмства з 73-гадовым разьбяром і сапраўды ўнікальным для вёскі чалавекам: шмат дамоў упрыгожаны рукатворнымі цудамі Антошкі. “Дарэчы, мая дачка Аня пісала пра яго і іншых майстроў вёскі ў сваіх курсавых работах, яна студэнтка гістарычнага факультэта гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф. Скарыны”, — сказала мне Наталля Ярмольчык.
З глыбіні пакояў выйшла танклявая сімпатычная дзяўчына з ноутбукам. Знаёмства з Ганнай упэўніла: такая моладзь і творыць сённяшнюю гісторыю свайго гнязда, здольна яго праславіць у свеце. Студэнтка плённа даследуе развіццё адукацыі і краязнаўства ў Церусе ў 2-й палове XX — пачатку XXI стагоддзя. Працуе пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук, дацэнта, загадчыцы кафедры гісторыі Беларусі гомельскага ўніверсітэта Аксаны Яшчанкі. Ганна пазначае: “Цярухская царкоўнапрыходская школа заснавана Ірынай Паскевіч у 1899 годзе. Пра гэта сведчыць дакумент “Ведомость о церкви Георгиевской Гомельского уезда Могилевской епархии в селе Терюха за 1915 год”.
“Асабліва помніцца Цярухская школа, у якой я правучыўся ўсяго нейкія тры месяцы… — пісаў Іван Шамякін у аўтабіяграфіі. — Мы жылі ў лясніцтве за 4 кіламетры ад Церухі, у месцы надзвычай прыгожым, сярод лесу, на беразе рэчкі. Бацька працаваў часова крамнікам, але прадавец з яго быў дрэнны… Адчуваючы сваю непісьменнасць, ён бязлітасна эксплуатаваў мяне. З усіх работ самай пакутлівай было перабіраць, лічыць і наклейваць на аркушы паперы картачкі, што збіраліся за дзень… Я ненавідзеў гэту работу страшэнна і, выяўляючы свой дзіцячы пратэст, біўся з дзяўчатамі, з якімі хадзіў разам у школу, дрэнна паводзіў сябе ў класе — дурэў, лаяўся, не выконваў заданняў…” У Церусе мне пашчасціла пазнаёміцца з адной з тых, з кім біўся малы Шамякін, аднакласніцай Івана Пятровіча — Лідзіяй Бурмістравай, якая доўгі час загадвала школьнай бібліятэкай. Вось што яна расказала: “У школу мы хадзілі разам не толькі з Іванам, але і з яго будучай жонкай Машай Кротавай і Тамарай Дзегцяровай. Колькі разоў я Івана чарніламі аблівала! Вядома ж, дзеці ўсе быстрыя. Пятровіч часта згадваў гэта ўжо шмат пазней, калі, бываючы ў Церусе на дачы, прыходзіў да нас на пасядзелкі.
Хата наша, як бачыце, у зацішку ад цэнтральных вуліц. Шамякін, бывала, па сцежачцы напрамкі да нас. Па чарачцы возьмуць і ноч навылёт гутараць з маім мужам (другім) Бурмістравым, які прайшоў Вялікую Айчынную ад званка да званка, працаваў у Церусе дырэктарам школы. Ім, удзельнікам вайны, было аб чым пагаварыць…” У Церусе ў пяцікласніка Шамякіна праявілася цікавасць да кніг. Іх сям’я жыла ў доме, дзе быў чырвоны куток леспрамгаса з некалькімі шафамі мастацкай і тэхнічнай літаратуры. “Я вельмі хутка знайшоў шчыліну, праз якую можна было лазіць у чырвоны куток, шчыліна гэтая была над грубкай… Шафы адчыняў цвіком. Чытаў усё, — дзяліўся пісьменнік у аўтабіяграфіі. — Калі кніга надта ўжо захапляла мяне, я нават не ішоў у школу: забіраўся ў сушылку, дзе сушылі шышкі, і чытаў. Ніколі пазней я не чытаў з такой прагнасцю, як тады…” Такую б прагу нашым дзецям і ўнукам! Ды ў век бурнага развіцця тэхнікі і тэхналогій і кнігі ўжо электронныя з’явіліся. Закачаў Шамякіна — і чытай, калі ласка... З такімі думкамі я ступіла ў двор Івана Антошкі. І парадавалася яго філіграннаму “пісьму” па дрэву. Дзе ні бывала, а такіх лёгкіх, нібыта гафтаваных, надваконнікаў не сустракала. А Іван Ягоравіч адразу і просьбу агучыў, даведаўшыся, што я з газеты: “Ведаеце, здорава было б, каб якое-небудзь з паліграфічных прадпрыемстваў выпусціла брашуру з узорамі надваконнікаў нашай Беларусі. Сам распрацоўваю гэтыя малюнкі, раблю па іх трафарэты. Калі б, напрыклад, па частках сфатаграфаваць іх у розных рэгіёнах рэспублікі і выдаць. Прычым у натуральную велічыню, каб мы, майстры, прыдбаўшы такую кніжачку, змаглі скласці і атры­маць поўны малюнак. Гэта было б добрым падспор’ем для нас”.
Ягоравіч падзяліўся, што неяк два тыдні адпрацаваў на калінкавіцкай зямлі ў Юравічах па запрашэнні айца Іллі, які раней быў свяшчэннікам у цярухскім храме Іконы Божай Маці Адэгітрыі. Як праваслаўны хрысціянін Іван Антошка ўпэўнены, што Церуха, у якой зараз жывуць 847 чалавек, — намоленае месца. У яго ўласнай хаце шмат абразоў, прычым вышытых жонкай Нінай Васільеўнай. Хай жа аберагаюць яны ўсіх вяскоўцаў ад бяды, хвароб і іншай трасцы!
Фото аўтара
Общество

0 Обсуждение Комментировать