У Гомелі прайшоў фестываль народнай каляднай песні
Каляда, Калядзіца, добрая маладзіца!
Пад такой назвай у Гомелі прайшоў фестываль народнай каляднай песні, удзел у якім прынялі захавальнікі аўтэнтычнай спеўнай традыцыі з вёсак Стаўбун (гурт «Стаўбунскія вячоркі»), Старое Сяло (гурт «Рэчанька»), а таксама маладыя пераемнікі народнай традыцыі з Гомеля (спеўны гурток ГМКГА «Талака»).

Усе ўдзельнікі і гледачы святочнага гуляння мелі магчымасць не толькі ўлагодзіць свой слых сапраўднымі каляднымі песнямі, але яшчэ пачаставацца каляднай куццёй і прагледзець старадаўняе майстэрства батлеечнага тэатра. Жарты і смех не сціхалі на працягу ўсяго фэсту: гарэзлівая каза з павадыром, мядзведзь з мядзведнікам і цыганка з кабылай увесь час падымалі і без таго вясёлы настрой гледачоў. І самае галоўнае, калі з вуснаў вясковых жанчын лілася сапраўдная аўтэнтычная песня «Талакі» і гарадская моладзь падхоплівала яе, сэрца перапаўнялі любоў і гонар да нашага беларускага, такога ўнікальнага і непаўторнага.

Сапраўдным цудам на свяце каляднай песні з’явілася амаль забытая ў нашай культуры дуда. Гэты чароўны інструмент прывёз з Мінску Ігнат Джардзецкі. Пад вясёлыя гукі дуды танчылі ўсе: ад старога і да малога.

Арганізатары фестывалю, супрацоўнікі Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф. Р. Шклярава, лічаць, што асноўная мэта была дасягнута: задавальненне атрымалі і гледачы, і самі ўдзельнікі свята. А гэта значыць, што цуда ў гэты дзень адбылося.
Поделиться:
Твитнуть
0
Понравился материал? Подпишись на RSS обновления
Также можно подписаться на обновления комментариев к данному материалу.












Комментарии (14)