Сёння спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння нашага земляка, народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа

08.02.2021
Публікацыя з запісных кніжак, занатовак-накідаў удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, аўтара неўміручага эпасу «Палеская хроніка», лаўрэата Ленінскай прэміі нагадае ўсім чытачам, якой працай, якім паглыбленнем у сваё, перажытае, выпакутаванае нарадзіліся творы пісьменніка, якому лёс адмерыў толькі 55 гадоў жыцця.


Заўважыў, што чым слабей туліла мяне да сябе жыццё, тым мацней за яго трымаўся, тым больш салодкім яно здавалася мне, мяне радаваў проста-такі кожны ўдых. Мне было як шчасце бачыць любое хараство жыцця: сіняе звычайнае неба, палі, лугі. Я шчаслівы быў ад таго, што мог гаварыць, спяваць! Заўсёды адужваў усе цяжкасці ў імя будучыні, у імя жыцця. Светлы вобраз будучыні быў мне ўвесь час пуцяводным агеньчыкам сярод чорнага быцця сённяшняга дня. Мары сагравалі мяне, рабілі больш бадзёрым, моцным. Мары, у якія пастаянна ўпляталіся цёплыя ўспаміны былога!

У сваіх дзённіках Іван Паўлавіч адзначаў: «У якіх выпрабаваннях ні быў, я заўсёды любіў жыццё»


...Я часта забываюся на занятках, гадаю, што робіцца ў гэты час на маёй далёкай ра­дзіме. Што робіць маці, ці дома бацька, браты? Сёння прысніўся цудоўны сон, нібы я іду па Алексічах. Свята. Еду – і назад, як кветкі, праносяцца прыбраныя дзяўчаты. Адну пазнаў – Каця! «Гэй, чарнабровая», крыкнуў я і раптам анямеў, гэта не Каця. Потым снілася Алеся – родная, мілая, быццам мы сядзім ля плятня. Цэлы дзень хаджу сам не свой. Адчуванне такое, нібы толькі што сустрэў яе сапраўды, такая ж цеплыня
ў сэрцы. Ці хутка ўбачымся?

1942 год

3 ліпеня, Есентукі

Я ранены. Ранены цяжка, у плячо. Далёка ад фронту. Тады, калі здавалася, быў зусім у бяспецы. Ледзь не загінуў. У апошні момант я павярнуўся, і гэта мяне выратавала. Гэта было 20 чэрвеня ў Растове.

5 ліпеня

У Растове мне зрабілі аперацыю. Рабіў яе галоўны ўрач шпіталя Антонаў. Спачатку мне збіраліся ампутаваць руку, і я згадзіўся. У мяне было зусім разбіта плячо, і баяліся гангрэны. Але Антонаў забараніў рабіць ампутацыю. Ён сказаў, што рука спатрэбіцца, малады хлопец. Ён сам наглядаў за мной і сам зрабіў аперацыю.

10 ліпеня

У Растове, калі трохі сціх боль, я чытаў у часопісе «Новый мир» раман «Ціхі Дон» М. Шолахава, чацвёртую кнігу.Кніга вельмі хвалявала. Успамінаўся Каменск, дзе я быў так блізка ад тых мясцін, у якіх жылі героі кнігі. Я быццам нанава хадзіў па роднаму цяпер, такому знаёмаму стэпу. І як бы зноў дыхаў яго насычаным ветрам і травамі, паветрам. І разам з гэтым успамінаў Глінішча: жыццё на Доне здавалася такім падобным да нашага. А вайна і памяць пра тое, што мая радзіма і радня там, за фронтам, надавалі чытанню майму горыч і вастрыню перажыванняў. Цудоўная кніга. І зараз жыву пад яе ўражаннем.

25 ліпеня

У Растове цяжкія баі з танкамі і мотапяхотай. У раёне Цымлянскай немцы імкнуцца пераправіцца цераз Дон. У шпіталі клопаты ў сувязі з тым, што нас эвакуіруюць. Акрамя таго – у душы сум. Шкада пакідаць Есентукі, лю­дзей, з якімі звыкліся, падружыліся. Нібы адрываю часцінку ад сэрца.

26 ліпеня

Мы ў дарозе. Нас поўны састаў раненых. Заняты ўсе лаўкі. Многіх уносілі ў вагоны на насілках. Пагрузка ішла доўга, марудна. Было многа мітусні, неразбярыхі. Нейкая старая хадзіла па пероне сярод насілак і хадзячых калек, усё выглядала, выпытвала сына. Зараз стаім у Мінводах. Раніца. Душна. Чуваць стогны. Гоман. Завіхаюцца сёстры.

28 ліпеня

Мы ў Тбілісі. У вялікім доме на чатыры паверхі, з доўгімі калідорамі. Тут была, відаць, школа. Калідоры і пакоі-класы яўна школьныя. Занялі пад шпіталь, можа быць, часова. Наша палата, а праўдзівей – клас – на чацвёртым паверсе. Вокны выходзяць на вуліцу, шырокія, вялікія. У вокнах, удалечыні – голыя рыжыя горы, а паблізу дамы, дахі. Побач цікавы будынак, санітарка сказала – серныя лазні. Палата хутка запаўняецца. Ужо амаль поўная. Толькі адзін ложак вольны. А ўсяго ложкаў шэсць. Усе раненыя – «ручнікі». Параненыя ў руку.

30 ліпеня

Тут, у шпіталі, Валодзя Сінюкоў. Я рады гэтаму. Ні з кім у мяне няма такой душэўнай блізкасці, як з ім.

6 жніўня

Мне няёмка пісаць тут, у палаце. Пісанне прыцягвае ўвагу, выклікае пытанні, пакепліванне. Але пісаць больш няма дзе. Толькі тут, седзячы на ложку... Мая запісная кніжка запаўняецца патрохі. А пачаў запісваць таксама расказы Валодзі Сінюкова. І акрамя ўсяго, я задумаў апавяданне. На жаль, пісаць як след левай рукой я так і не навучыўся. Рука стамляецца. Не дачакаюся, калі здымуць гіпс – цяжкую кальчугу, якая так абрыдла мне.

9 жніўня

Мне знялі гіпс. Дыхаць стала лягчэй. Але рука не ўхваляе гэтага, з’явіўся моцны боль. Кожны раз, калі апусціш руку, – яна цягне ўніз як жалезная. Няма пляча! А мышцы не хочуць трымаць. Каб руцэ было зручней, на мяне, пад руку, надзелі «торбу». Урач, жартуючы, назваў мяне паштальёнам.

21 жніўня

Амаль кожны дзень хто-небудзь ад’язджае са шпіталя. Мы, хто застаецца, з зайздрасцю глядзім на іх. Усе ў душы ма­раць дачакацца свайго дня. Нас тут мучыць смяротная туга.
Мяне, здаецца, гнятуць гэтыя голыя горы. Так надакучыла бачыць іх з акна. І з такой пяшчотай успамінаю родныя зялёныя лясы, палі, людзей, з якімі вайна так надоўга і на такую адлегласць разлучыла.

23 жніўня

Усё думаю над вершам «Мы ноччу пакідалі вёску...» Амаль закончыў яго. Але не выходзіць пакуль канцоўка. Не зусім тыя словы. А сам верш быццам бы нічога. Хвалюе мяне. Напісаў з большага яшчэ адзін – «У палаце». Сякія-такія шурпатасці ёсць, і канцоўка таксама не выходзіць. І яшчэ адзін пачаў «В распахнутые двери ворвались тугие, недалекие раскаты...» Хочацца дарабіць яго, а ён не даецца. Нічога не выходзіць, хоць крычы!.. А наогул, я, мусіць, буду пісаць прозу. Ёсць у мяне добрыя задумы – два апавяданні «Сустрэча ў шпіталі» і «Апошняя аперацыя».
Вось толькі б месца знайсці, дзе можна было б пабыць аднаму.

26 жніўня

Учора пачаліся баі пад Сталінградам. Немцы дайшлі да Волгі! На подступах да Сталінграда за два дні збіты 92 самалёты. Потым нечакана было перададзена паведамленне: «У апошні час». Ужо па голасу дыктара адчувалася, што будзе нешта незвычайнае. І праўда – упершыню за апошні месяц, пасля ўсіх незлічоных, сумных вестак – першая радасная вестачка, ды яшчэ якая! Нашы войскі на Заходнім і Калінінскім фронце ўжо два тыдні вядуць вялікае наступленне на немцаў. На Ржэў, Гжацк і Вязьму.

22 чэрвеня

Другія суткі нічога не ем, нічога не хачу есці. П’ю журавінавы квас з вялікай ахвотаю. Учора зрабілі аперацыю. Кажуць, адрэзана галоўка, шыйка правай плечавой касці, адростак лапаткі і частка ключыцы. Але гэта не ўсё. Мне трэба быць гатовым на большае. Усе гэтыя дні прахо­дзяць у чаканні – будзе гангрэна ці не, будзе рука ці не. Сёння і заўтра гэта яшчэ не вырашыцца. Будуць рабіць усё, каб зберагчы руку. Урачы амаль не адыхо­дзяць ад мяне. Ляжу адзін у палаце. Круглыя суткі сястра сядзіць ля майго ложка, я стагну ад болю і стомы. Двое сутак я зусім не спаў.

25 кастрычніка

...Горад працуе на фронт, здабывае для яго паліва. Тут адзін з раёнаў «другога Баку». Трэст «Бугурусланнафта». Акрамя нафтавікоў, слава горада – лётнае вучылішча. Тут вучацца будучыя ваенныя лётчыкі. На вуліцах можна ўбачыць іх у камбінезонах, унтах. Бачыў, як яны тоўпіліся ля грузавіка на Рэвалюцыйнай, непадалёк ад моста, потым на грузавіку пакацілі за горад. Відаць, на аэрадром. Калі іх бачыш, адчуваеш, што гэты ціхі горад звязаны жывой сувяззю з фронтам. Працуе на фронт.

15 лістапада

Усе дні ў Малдаўскім педінстытуце. Раблюся там сваім чалавекам, малдаванінам. У гэтыя дні адкрыў для сябе новы свет – жыццё людзей, якія былі выгнаны вайной з роднай зямлі, з Малдавіі, і якія знайшлі тут прытулак. З прычыны таго, што студэнтаў у інстытуце мала, на занятках у групе прысутнічае два-тры чалавекі. Даволі звычайная карціна, калі выкладчык чытае лекцыю для некалькіх чалавек...

19 снежня

Прайшло паўгода, як я ранены. Рана загаілася, але рука ўсё на падвязцы. Спрабаваў зняць, хадзіць без падвязкі, але тады яна пачынае балець. Здаецца цяжкай, цягне ўніз плячо і моцна ные. Сяк-так у неабходную хвіліну памагаю ёй левай, але кожны раз яна пярэчыць назалелым болем. Даводзіцца лічыцца. Нават пісаць не хоча, прымушае час ад часу спыняцца, прыстасоўвацца да яе – вадзіць ёю асцярожна, без намагання, не націскаць аловак. І па-ранейшаму – нязручна спаць. Кожны раз кручуся, пакуль уладжуся так, каб ёй і плячу было зручна. Засталіся тры месяцы да пераасведчання. Але шанцаў на паляпшэнне маіх спраў з рукой небагата...

25 снежня

Хутка скончыцца сорак другі. У гэтыя дні ці то іду па снежных вуліцах, ці то гляджу на вуліцу, успамінаю, як мы яго сустракалі на фронце, за Растовам. Усё бачу то снежны стэп, то нашы зямлянкі і гарматы. І, здаецца, чую грукат стрэлаў. І быццам чую і таварышаў сваіх так рэальна, нібы яны побач. І не хочацца думаць, што іх, можа быць, ужо ў жывых няма. Што яны, можа, даўно ў зямлі, з мая, з праклятага акружэння пад Ізюмам – Барвенкава. Думаю, як выпадкова ўратаваў мяне лёс ад такой долі, ад смерці. І як яна, смерць, ледзь не паклала ў зямлю мяне, калі я зусім не чакаў яе, быў упэўнены ў поўнай сваёй бяспецы...

З запісных кніжак

1942 год

...Выпаў снег. І цягне зноў як у маленстве, забыўшыся на гады і трывогі, гарэзліва страсянуўшы галавой, з віскам пабегчы па белай коўдры. Хочацца ўчапіцца ў шыю таварыша, паваліць, самому ўпасці побач і валтузіцца ў мяккім, чыстым, з віскам і смехам, бесклапотна і радасна. ...Горш за ўсё ў жыцці – няпэўнасць. Аддаю перавагу яснасці. Няхай цяжкай. На жаль, жыццё складаецца амаль цалкам з няпэўнасцей. І людзі нярэдка са­дзейнічаюць няпэўнасцям: ухіляюцца ад адкрытых рашэнняў, дзейнічаюць няшчыра. ...У такі час мы нарадзіліся: наша юнацтва – у баях, у цяжкіх паходах. Усе сілы нашы – баям, вайне. Мы – суровае пакаленне, маленства якога пачыналася бясхмарнымі днямі. І юнацтва наша пачыналася светла, але вайна ўсё раптоўна перапыніла, змяніла...

1944 год

У Глінішчах стаяў танкавы батальён немцаў. Атрымалі танкі, на нейкае свята прыехаў начальнік – быў парад. Паехалі на фронт. Праз некалькі дзён вярнуліся – эшалон пусцілі пад адкос, а людзей, якія ўцалелі, дабілі партызанскія кулі. Уцалела некалькі чалавек. Вярнуліся чорныя, грузныя. Пахавалі астаткі трох забітых афіцэраў, што знайшлі. Былі яны накрыты матэрыяй, ніхто не бачыў твару. Пахавалі каля могілак...

* * *

У Алексічах. Немец убег у хату, аглянуўся, убачыў хлопчыка ля печкі. Зняў гранату, вырваў шнур і спакойна кінуў. Выбег з хаты. Хлапчук кінуўся за печку. Ён упаў, засыпаны каменьчыкамі і каменнямі. Хату запалілі. Ён ачнуўся і выпаўз з палаючай хаты ў агарод у гарбузы і схаваўся. Перачакаў.

* * *

Каранёўка (Курані). З немцамі прыехаў чалавек, які добра гаварыў па-руску. Быў ён нямецкім афіцэрам, у нямецкай форме. Вадзіў немцаў – бачылі людзі – у поле, на дарогу і ўсё расказваў і паказваў рукамі – і гэта, і гэта. Ён добра ведаў месцы, і людзі былі зацікаўлены афіцэрам. Старыя гадалі, ці не пана Аскіркі сынок, толькі ён тады быў маладым, хіба ж пазнаеш цяпер. Расказвалі, што ў Каранёўцы ён пазнаў адну жанчыну, якая была слугой у Аскіркаў, і сказаў, каб яна не турбавалася, ён заступіцца калі трэба за яе. Ён назваў яе па імені, і яна была вельмі здзіўлена і напалохана, што яе імя ведае нямецкі афіцэр.

1947 год

Напісаць вялікую рэч (калі-небудзь) пра тое, як мянялася і ламалася псіхіка беларускага селяніна з 1914 года да нашага дня. Пражыты страшэнна жорсткія, ломкія гады. Этапы – 1914, 1917, 1921, 1930, 1937, 1941, 1945 гады. Ісці недалёка за вобразамі – узяць жыццё бацькі або маткі. Вельмі важная тэма.

1948 год

У Мінску. Разбураныя дамы. Збоку здаецца, што яны пада­дзены ў разрэзе, як вучэбныя супрацьгазы, каб бачылі ўнутранае ўстройства. Страшнае стала простым, звычайным.
Аднаўляюць дамы. Замест вырванай сцяны ставяць новую – чырвоная цэгла – здаецца нібы латка на раненым целе. Выламаны праём вокан залатаны чырвоным цагельным пластырам...

1962 год
27 сакавіка

Ніколі не думаў, не гадаў, што «Людзі» так пойдуць. Пісаў наперакор усім заклікам (да сучаснасці), і от, на табе. Калі друкавалі ў «Полымі» – усе карэктуры расхапалі. Колькі поціскаў рук, віншаванняў...

1967 год
17 студзеня

Сяджу ўсе дні дома. Пераглядаю і праўлю «Мінскі напрамак». Акрамя праўкі – дапаўненні. Прачытаў новыя «Гісторыі» – многа дакладных фактаў, раней мне невядомых і недаступных. Гэта мне вельмі зашкодзіла, асабліва з Чарняхоўскім у другой кнізе. Трэба падцягнуць. Адзін раздзел пра Чарняхоўскага прыйдзецца напісаць нанава. Вельмі сумбурна, выдумана, несур’ёзна было. Цяпер можна лепей.
Можна і – трэба!

Пра раман «Людзі на балоце» (З прадмовы да аднаго з выданняў)

Гэта кніга пра маю радзіму, пра блізкіх мне людзей. У ёй апісаны палі і дарогі, якія я бачыў, паказаны людзі, якіх я добра ведаў. Я нарадзіўся ў гэтых мясцінах, сярод балотных прасцягаў Беларускага Палесся, жыў сярод гэтых людзей. Пазней, калі я пабачыў іншыя краі і іншае жыццё, я адчуў непарыўную сувязь сваю з гэтым жыццём, зразумеў сэнс яго і хараство яго, і мне неадольна захацелася пра яго расказаць. Я не мог пісаць ні пра што дагэтуль, пакуль не раскажу пра гэта жыццё, пра гэтых людзей...