Пяць беларускіх літаратараў адзначаны памятным медалём “Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру”

21.03.2022
Адразу пяць беларускіх літаратараў адзначаны вышэйшай творчай узнагародай абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” – памятным медалём “Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру”.


Такое рашэнне напярэдадні ХХV з’езда Саюза пісьменнікаў Беларусі прыняў савет абласнога аддзялення. У ліку ўзнагароджаных – не проста майстры мастацкага слова, але і землякі, што нарадзіліся на Гомельшчыне, з’яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, людзі, якія на працягу многіх дзесяцігоддзяў зрабілі нямала для нацыянальнай духоўнасці як на малой радзіме, так і ў краіне, вядомыя аўтары Міхась Захаравіч Башлакоў, Мікалай Мікалаевіч Чарняўскі, Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі, Анатоль Мікалаевіч Зэкаў.

Высокай творчай узнагароды адзначаны і пісьменнік-публіцыст Уладзімір Саламаха, які шмат гадоў прымае актыўны ўдзел у творчых акцыях аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ў якасці старшыні экспертных саветаў і журы, а таксама актыўна папулярызуе дзейнасць пісьменніцкай арганізацыі Гомельшчыны на старонках сродкаў масавай інфармацыі Беларусі.


Актывісты абласнога аддзялення ўзнагародзяць вядомых беларускіх літаратараў на ХХV з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі, які пройдзе заўтра ў Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы краіны і абавязкова запросяць іх на свае літаратурныя святы.