Паміраючы ад смеху, тут падаўжаюць жыццё: у Малых Аўцюках стартаваў Рэспубліканскі фестываль народнага гумару “Аўцюкі-2023”

29.07.2023
Паглядзіце, як праходзіць унікальнае свята беларускага гумару.



З самай раніцы на адкрытай пляцоўцы аграгарадка шматлюдна. На малой радзіме фестывалю з'явілася новая архітэктурная форма. На гэты раз тут урачыста адкрывалі памятны знак «Аўцюкоўская кветка». Кожны пялёстак сімвалізуе ужо праведзеныя і сённяшні фестывалі. На форумах мінулых гадоў адкрывалі музей, алею, лаву, глобус, гумарыстычную пілу.



Людскі паток пацёк на галоўную плошчу Малых Аўцюкоў, дзе разгарнуліся стылізаваныя падворкі. Па добрай традыцыі патрапіць туды можна толькі праз мытню. Замест пошліны -- добры настрой і востры жарт. Муж і жонка Стрыжэўскія прайшлі яе на выдатна. Вольга і Іван прыехалі на фестываль з Гомеля. У мінулы раз свята гумару ім спадабалася. Сёння спадзяюцца на форуме правесці цэлы дзень.


Людзей становіцца ўсё больш. Шчасліўчыкі, якія разлічыліся з мясцовай мытняй, адразу трапляюць на вуліцу з разнастайнымі лакацыямі. Тут можна пазнаёміцца з творчасцю жыхароў сельсаветаў, убачыць разнастайныя выставы, паўдзельнічаць у арыгінальнай латарэі і дэгустацыі самагону «Аўцюкоўскія бульбулятары». Для шапаголікаў сапраўдны рай: народныя рамеснікі прыгожа аформілі вітрыны з вышыванкамі, разнастайнымі вырабамі з дрэва, саломкі, каменя, гліны.


Радасць сустрэчы з гасціннымі людзьмі ва ўтульным кутку беларускага Палесся падзяліў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў:

--Самы пазітыўны форум Беларусi дае магчымасць усім жадаючым дакрануцца да жамчужын народнага гумару. Цяжка ўявіць наша жыццё без добрага жарту, вясёлай прыпеўкі. І кожны з нас у пэўнай ступені носьбіт гэтай традыцыйнай культуры. Унікальнасць аўцюкоўцаў у тым, што яны залучаюць у гэты круг велізарную колькасць удзельнікаў. Бо ўсмешка і смех -- тая сіла, якая аб'ядноўвае людзей, робіць іх больш шчырымі.


Пад апладысменты яму ўручылі званне ганаровага аўцюкоўца. Цырымонію пасвячэння прайшла і начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч, якая падкрэсліла, што на фестывалі ўпершыню, але ўжо паспела ўбачыць, што гэта асаблівае свята.

-- І калі сёння ў кагосьці выступяць слёзы, то толькі ад смеху, -- дадала яна.

Пасля яркага адкрыцця фестывалю стартавала конкурсная праграма. За званне самых крэатыўных і гумарных на гэты раз спаборнічаюць 6 творчых калектываў з розных рэгіёнаў Беларусі.

Увечары на галоўнай сцэне адбудзецца канцэртная праграмма з ўдзелам Заслужанага калектыву Беларусi «Песняры», а таксама танцавальна-забаўляльная праграма “КаверХорШоу”. Феерверк стане выдатным завяршэннем свята.