Настаўнік, які натхняе. Сакрэты майстэрства з першых вуснаў

05.01.2024
Пра тое, што педагагічная дзейнасць у школе не столькі прафесія, колькі лад жыцця, Валянціна Шэцка можа гаварыць з упэўненасцю.


Педагагічны стаж настаўніка беларускай мовы і літара­туры Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя складае больш за 20 гадоў. Яе шлях да настаўніцкай прафесіі пачаўся яшчэ ў школьныя гады, і за доўгі час Валянціна Аляксандраўна ні разу не расчаравалася ў сваім выбары. Дзеці адказваюць таленавітаму педагогу ўзаемнасцю. Толькі ў 2023 годзе дзевяць вучняў Валянціны Шэцка атрымалі 100 балаў на ЦТ. Гэты вынік – не толькі пра глыбокія веды. Вучні мазырскага педагога на яе занятках вучацца любіць родную мову.

Настаўнік ліцэя расказала журналісту «Гомельскай праўды», як зацікавіць сённяшніх старшакласнікаў, творы якіх аўтараў трэба абавязкова прачытаць і на што варта звярнуць увагу маладым выкладчыкам.

– Кажуць, што ўсе нашы поспехі родам з дзяцінства. Чаму дзяўчынка Валя выбрала прафесію настаўніка?

– У школе асабліва любіла матэматыку, нямецкую мову, беларускую мову і літаратуру. З жаданнем удзельнічала і перамагала ў алімпіядах па матэматыцы, беларускай мове і літаратуры. Цікава, што на працягу доўгага часу я разважала: мне трэба працаваць настаўнікам ці мая прафесія – эканаміст? Потым зразумела, што зроблены выбар прадуманы і правільны. Акрамя таго, лёс накіроўвае, дапамагае чалавеку вызначыцца. Цiкава, што ва ўніверсітэтах на той час быў вялікі конкурс на філалагічны факультэт, у тэхнічныя ВНУ было паступіць лягчэй. Вырашыла, што нягледзячы на гэта, паспрабую свае сілы і ў мяне ўсё атрымаецца. Так і выйшла.

– Як потым складаўся ваш прафесійны лёс?

– Скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны з дыпломам з адзнакай. Пасля паступіла ў аспірантуру Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. Шамякіна, якую скончыла з прадастаўленнем дысертацыі. З таго часу, а гэта ўжо амаль 20 гадоў, працую ў ліцэі – маёй альма-матар, у якой і людзі, і сцены родныя.

– У чым асаблівасць працы ў абласным ліцэі – не зусім звычайнай ўстанове адукацыі?

– Тут вучні толькі 10-га і 11-га класаў. Кожны год новы набор і выпуск. Таму нядзіўна, што перад вачыма праходзіць вялікая колькасць моладзі. Ва ўсіх розныя характары, узровень ведаў, працаздольнасць і стараннасць. І разам з тым яны носьбіты новага, свабодныя ў сваіх думках, словах і дзеяннях, рознабакова адукаваныя.

– Якія яны, сучасныя старша­класнікі?

– Некалькі гадоў назад 15 выпускнікоў у маім эка­намічным класе мелі ў атэстаце 9,5 бала і вышэй, а сёння такія балы ў большасці вучняў усяго ліцэя. Калі вакол цябе высокія, спартыўныя, вясёлыя будучыя ўрачы, хімікі, інжынеры, айцішнікі – прасякаешся іх запалам, маладосцю, жыццём, безумоўна, развіваешся разам з імі. Адзін з вучняў 10-га фізіка-матэматычнага класа стварыў свой праект, выканаў тэсты на логіку і ў кастрычніку 2023-га вучыўся ў Нацыя­нальным дзіцячым тэхнапарку. Другі нядаўна сказаў, што хоча быць настаўнікам беларускай мовы, як коласаўскі Андрэй Лабановіч. Усе са сваім цікавым поглядам на жыццё.

– Як прадстаўнікі маладога пакалення сёння ставяцца да роднай мовы?

– У верасні мінулага года ў агульна­ліцэйскім конкурсе інсцэ­ніроўкі песні да Дня народнага адзінства большасць класаў выбралі творы на беларускай мове. Як пранікнёна і пачуццёва гучала песня «Не прадаецца хата бацькоў»! Яшчэ адзін прыклад: папярэднія выпускнікі на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове мелі сярэдні бал 85,7; у гэтым годзе – 91,4.

– Пагадзіцеся, далёка не ўсім настаўнікам атрымлiваецца зацікавіць вучняў, заахвоціць іх чытаць кнігі на беларускай мове.

– Сучасных дзяцей па-сучаснаму і зацікаўліваць трэба не толькі мовай і літаратурай, але і ўсім. Далучацца да развіццёвых праектаў «Мова нанова», цікавіцца выкарыстаннем мовы ў банкаўскай сферы, сферах гандлю і паслуг, праекце ў інстаграм «Лёгкая мова». Гаварыць на мове сёння становіцца трэндам.

Пра змест, асаблівасці маўлення, значнасць беларускай мовы хочацца сказаць з дапамогай цытаты Уладзіміра Караткевіча: «Наша мова вечная, бо ўся яна як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасць і сілу. І, як быццам дамогшыся свайго, б’е, як перапёлка ў жытах, – мякка, а за тры вярсты чуваць».

– Бясспрэчна, добрыя кнігі развіваюць любоў да роднай мовы.

– Гэта менавіта так. Я ўсім раю чытаць і захапляцца творамі Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча і іншых аўтараў. Не адкладаючы вазьміце ў рукі кнігу аднаго з беларускіх класікаў, каб убачыць «суровую праўду вайны», зразумець важнасць поглядаў і ўчынкаў кожнага з нас, навучыцца быць неабыякавымі, асэнсаваць, што Радзіма не штосьці абстрактнае, а гэта мая кватэра, дом, мае дзеці і ўнукі, бацькі.

– У чым сакрэт педагагічнага майстэрства? Якую б далі параду маладым настаўнікам?

– Няспынны рух наперад у жыцці і ў рабоце разам з імі – такімі рознымі, непаўторнымі, непадобнымі. Каб вас зра­зумелі, трэба найперш, каб вы зразумелі: адно дасягаецца проста і хутка, другое – цяжка і складана. Настройцеся на рашэнне гэтага. Прадумайце некалькі варыянтаў, падыходаў. Прыпыніцеся, раз­бярыцеся, бо без мукі няма навукі. Упэўнена, што дзіця­чая задача не менш цяжкая за дарослую.

– Усе вашыя вучні нацэлены на вышэйшую адукацыю. Лічыце, вучоба ў ВНУ – абавязковы этап шчаслівага жыцця?

– Можа, i неабавязковы, але неабходны фундамент, бо новае асяроддзе, знаёмствы, рэаліі змяняюць чалавека. Да таго ж ва ўсіх сферах нашага жыцця неабходны трывалыя веды і ўменні.

– Ці ёсць у вас вольны час і чым яго запаўняеце?

– Захапляюся вырошчваннем кветак, цікаўлюся но­вымі сартамі, ствараю кветкавыя кампазіцыі. Іх духмяны пах насычае паветра і кружыць галаву. А яшчэ з задавальненнем хаджу на фітнес, стараюся не прапускаць трэніроўкі – перадаю ўдзячнасць нашаму трэнеру Вользе Віктараўне.